Намеснік камандзіра Палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук падводзіць вынікі палітычнай дзейнасці палка. 28 кастрычніка 2023 года. Скрыншот з відэа

Намеснік камандзіра Палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук падводзіць вынікі палітычнай дзейнасці палка. 28 кастрычніка 2023 года. Скрыншот з відэа

Прачытаў інтэрв'ю з ужо былым беларускім добраахвотнікам ва Украіне Аляксандрам Клачко, у якім ён наракае, што «падтрымка беларускіх ваяроў ужо не такая, як раней». Ён сам гэта пабачыў, калі з-за стану здароўя мусіў звольніцца з войска і, пераехаўшы ў адну з краін Еўрасаюза, уліўся ў эмігранцкія асяродкі.

Несумненна, што так яно сапраўды ёсць, і галоўная прычына гэтаму — самім Аляксандрам адзначаная стомленасць ад вайны, ці, дакладней, прызвычаенасць да яе.

Натуральная з'ява — чалавек не можа быць пастаянна ў стане напружанасці, калі нешта працягваецца надта доўгі час, то яно ўжо не выклікае асабліва моцных эмоцый (за якімі ідуць і дзеянні), а робіцца толькі фонам.

І каб пастаянна трымаць людзей у тонусе — патрэбныя рэгулярныя нейкія ўскалыхванні, і не на пустым месцы. Што не заўсёды бывае, асабліва ва ўмовах пазіцыйнай вайны. Прыкра, вядома, але супраць чалавечай прыроды не папрэш.

Ёсць, аднак, і другая прычына, пра якую Аляксандр Клачко змаўчаў, не ведаю, ці свядома. А яна вельмі важная і, у адрозненне ад першай, больш суб'ектыўная, чым аб'ектыўная.

Ад самага пачатку, калі беларускія падраздзяленні ва ўкраінскім войску толькі пачалі стварацца, яны выклікалі энтузіязм і былі сапраўды аб'яднаўчым фактарам для пераважнай большасці антылукашэнкаўскіх беларусаў. Але гэта пачало размывацца адразу пасля таго, як кіраўніцтва Палка Каліноўскага заявіла пра свае палітычныя амбіцыі, стала пазіцыянаваць сябе як палітычную сілу, якая не толькі свядома і прынцыпова не ідзе на супрацоўніцтва з іншымі ўплывовымі цэнтрамі, вакол якіх гуртаваліся апазіцыйныя рэжыму Лукашэнкі беларусы, але нават ім выразна супрацьпастаўляецца.

Не бяруся меркаваць, рабілі гэта каліноўцы па ўласнай ініцыятыве ці проста праводзілі лінію, накрэсленую тады адносна супрацоўніцтва з беларускім дэмакратычным рухам афіцыйным Кіевам (кіеўская лінія, на мой асабісты погляд, была памылковая). Але факт тое, што адмова каліноўцаў ад панадпартыйнасці на карысць уласнай палітычнай гульні не магла не паўплываць на іх пазіцыі ў беларускім грамадстве.

Бескампрамісна ведучы чыста палітычную барацьбу, ты, вядома, больш моцна гуртуеш вакол сябе перакананых прыхільнікаў уласных поглядаў. Але ў той жа час насцярожваеш прыхільнікаў менш перакананых, а людзей з іншым светабачаннем увогуле адштурхоўваеш.

Найбольш ідэальная сітуацыя ў нашых умовах была б такая, каб беларус не мусіў рабіць выбару, за каго ён — за Полк Каліноўскага ці за Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет або іншыя цывільныя структуры арганізацыі беларускага жыцця за мяжой. Каб гэта былі спалучаныя сасуды.

Але, на жаль, палітычная актыўнасць кіраўніцтва Палка да менавіта такога выбару часта падштурхоўвала, тым больш што ў ягоных палітгульнях у якасці саюзніка сярод іншага выкарыстоўваліся і апазіцыйныя структуры з маргінальнымі ўплывамі, вядомыя сваёй выключна неканструктыўнай ды раскольніцкай пазіцыяй.

Нярэдка даходзіла і да поўнага абсурду, як, напрыклад, колішняя адмова прыняць данаты, сабраныя беларусамі для патрэбаў Палка Каліноўскага праз «Байсол», і наступныя звязаныя з гэтым разборкі.

Не ўнікаючы нават, хто там меў рацыю, а хто не меў, самі такія ўчынкі, скажам так, не матывуюць простых ахвярадаўцаў працягваць сваю дзейнасць. Хоць бы таму, што наводзяць на думку: калі яны могуць адмаўляцца ад падтрымкі, зробленай «не тымі», то можа не такая ўжо і вострая ў ёй патрэба?

Таму, думаю, справядліва адзначанае Аляксандрам Клачко змяншэнне і матэрыяльнай, і нават у нейкай ступені маральнай падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне — гэта ў тым ліку і цана, якая плаціцца за палітычныя амбіцыі некаторых людзей.

Ну і розныя ўнутраныя разборкі з пастаяннымі скандаламі на не зусім прывабнай глебе таксама сваю лепту, вядома, уносяць. Што зробіш, жыццё такое. Ёсць над чым працаваць усім.

Чытайце таксама:

«Прыйдзе дзень — і ад Лукашэнкі пабягуць». Кіраўнікі Палка Каліноўскага сустрэліся з беларусамі Вільні

«Як захаваць беларускасць?» для мяне «Як захаваць любоў да бацькоў?» Былы каліновец расказаў, што дапамагло яму ўсвядоміць сябе

«Мае ныркі не перажылі Бахмута. Але вызваляць Беларусь я гатовы нават без нырак»

Каліновец Клачко «Кусь»: Я прыехаў змагацца не за вызваленне Украіны, а за вызваленне Беларусі. І ў гэтым маё адрозненне ад «Янкі»

Клас
32
Панылы сорам
6
Ха-ха
9
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
5