Фота: прэсавая служба ПКК

Фота: прэсавая служба ПКК

Перад паездкай у Вільню Прохараў і Кабанчук праехалі па гарадах Польшчы, былі ў Берліне і Празе. Вільню, важны для беларусаў горад, ваяры пакінулі наастатак. 

Але на чалавечай цікаўнасці гэта не адбілася — зала ў цэнтры горада на некалькі дзясяткаў месцаў была поўная. Гасцей сустракалі юнакі ў масках на ўвесь твар, не забывалі папярэджваць, што забароненыя відэа– і фотаздымка. На піяніна за спінамі выступоўцаў павесілі нацыянальны сцяг і сцяг «Руху беларускіх нацыяналістаў», а каб палотны не ўпалі, прымацавалі іх бутэлькамі з вадой. У адным з першых шэрагаў — Вольга Карач. Выглядае, што нікога іншага з беларускіх палітычных селебрыці ў Вільні гэтая сустрэча не зацікавіла.

Прохараў і Кабанчук прыйшлі са спазненнем. Пасля выступу арганізатараў кіраўнік палка ўзяў мікрафон і амаль адразу пачаў дзякаваць: «Дзякуючы вам мы сфарміраваліся як падраздзяленне і цяпер маем сучасную і больш прасунутую амуніцыю, чым УСУ. Калі ў 2014 годзе першыя хлопцы паехалі ва Украіну, мы разумелі, што пачалася вайна, але памыляліся з маштабам. Але

і ў 2014 годзе, і цяпер было і ёсць усведамленне, што без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі».

У гэтай сустрэчы ўвогуле хапала словаў удзячнасці, у тым ліку за тое, што беларусы, як і ў першыя месяцы паўнамаштабнай вайны, падтрымліваюць ваяроў палка.

Шмат было сказана і пра тое, што ў будучым полк імкнецца вызваліць Беларусь ад дыктатуры. Гэта адзначаў Дзяніс Прохараў, калі згадваў першыя месяцы паўнамаштабнай вайны і тое, як 15 беларусаў з досведам баёў у зоне АТА далучыліся да тэрытарыяльнай абароны «Азова» — тады падраздзяленне абараняла Кіеў. У той час, паводле слоў ваяра, і ўзнікла ідэя тады яшчэ батальёна Каліноўскага як будучай адзінкі нацыянальнай беларускай арміі.

Справа — Дзяніс Прохараў. Фота: тг-канал Belwarriors

Справа — Дзяніс Прохараў. Фота: тг-канал Belwarriors

Першае пытанне, якое задалі Прохараву і Кабанчуку, было якраз пра будучыню Беларусі. Колькі чалавек будуць абараняць Лукашэнку ў апошнія дні рэжыму? На думку Кабанчука, няшмат: «Праз свой узрост я бачыў, як развальваўся СССР з мільённай арміяй. Ніхто тады не выйшаў [масава] яго абараняць, хаця пэўная кроў і пралілася. Упэўнены, што прыйдзе дзень — і ад Лукашэнкі пабягуць».

На сустрэчу прыйшоў экс-ваяр палка Аляксандр «Кусь» Клачко — некалькі месяцаў таму ён перабраўся ў Вільню. Яго пытанне да былых камандзіраў: «Магу памыляцца, але мяне вельмі здзівіла, што тэма вайны цяпер забытая. Вайна быццам ідзе на Марсе, а добраахвотнікі — нейкія міфічныя героі. Як вярнуць тэму добраахвотнікаў у парадак дня?»

Вадзім Кабанчук адзначыў у адказе, што людзі насамрэч стамляюцца і абстрагуюцца ад вайны, але ж, акрамя саміх беларусаў, ніхто гэтаму не дасць рады. Небяспека, упэўнены ён, толькі павялічваецца, і, калі Украіна не пераможа Расію, наступнымі яе ахвярамі стануць Літва і Польшча.

«Наша бяздзейнасць цяпер можа прывесці да страшнага рабства нашых дзяцей. У 1939-м у Еўропе быў лозунг «Навошта паміраць за Данцыг?» — і ў выніку пачалася вайна, у якой загінулі 55 мільёнаў чалавек. Сітуацыя аналагічная», — кажа Кабанчук.

Адно з пытанняў на сустрэчы прагучала па-літоўску, але шмат каму было зразумелае і без перакладу. Віленчук пытаўся — як кіраўнікі палка называюць краіну, дзе праходзіла сустрэча, Літва ці Жамойція?

На адсылку да ліцвінізму Кабанчук адказаў так, што выклікаў апладысменты ў зале: 

«Відавочна, гэта Літва. Мы ведаем, пра што вы кажаце, нам дасылалі правакацыйныя ролікі, але гэта ідзе спецыяльная праца, каб нас рассварыць, спецслужбы працуюць. Давайце пакінем гістарычныя спрэчкі гісторыкам, а самі будзем глядзець на тое, што нас аб’ядноўвае.

У Савецкім Саюзе рэпрэсавалі і літоўцаў, і беларусаў. Мы не жадаем нейкай экспансіі і захопу чужых тэрыторый, так робяць толькі расейцы, і іх трэба спыніць».

Вадзім Кабанчук. Фота: прэсавая служба ПКК

Вадзім Кабанчук. Фота: прэсавая служба ПКК

Выглядае, што паездкі і гутаркі трохі стамілі ваяроў, і мо таму віленская сустрэча аказалася нядоўгай — крыху больш за гадзіну. Але напрыканцы, перад хвілінай маўчання па загінулых пабрацімах, Кабанчук і Прохараў знайшлі час прагаварыць галоўнае — як ПКК мог бы вызваліць Беларусь, калі ён — адзінка УСУ: «Украіна не прабачыць 2022 год, яна не даруе 700 ракет, выпушчаных з боку Беларусі, не даруе Бучу і Ірпень. Лукашэнка і яго хеўра заплацяць за гэта».

Каліноўцы згадалі лёс краін, акупаваных нацыстамі, якія хутка вызваліліся пасля аслаблення гітлераўскага рэжыму ў Берліне. Пасля таго, як расійскі рэжым, што падтрымлівае Лукашэнку, будзе пераможаны ва Украіне, каліноўцы не даюць і месяца жыцця беларускай дыктатуры.

Прадстаўнікі ПКК адказалі і на некалькі нашых пытанняў.

«Наша Ніва»: Якія ўражанні ў вас ад камунікацыі з беларусамі замежжа?

Дзяніс Прохараў: Вельмі цёплыя. Прыемна чуць, што парадак дня трымаецца, людзі жадаюць дапамагчы, хаця часта не ведаюць, як. Не адзначыў на сустрэчах крытычных пытанняў.

«НН»: Як ацэньваеце вынікі гэтай паездкі?

Вадзім Кабанчук: У нас было некалькі мэтаў, першая з іх — падзякаваць беларусам. Таксама мусілі нагадаць, што вайна трывае і што па-ранейшаму патрэбныя матэрыяльна-тэхнічныя сродкі, пікапы, бронікі. І трэцяя мэта — сфармаваць палітычнае прадстаўніцтва палка.

«НН»: Ці былі правакацыі, спробы сарваць сустрэчы з вамі?

ВК: Адбылася дробная правакацыя ў Кракаве, калі на сустрэчу прыйшло некалькі чачэнцаў. Ахова іх вывела, нічога страшнага.

На развітанне з журналістам Кабанчук згадаў, што кіраўнікі палка прыехалі ў Вільню за пару дзён да 2 лютага — дня нараджэння Кастуся Каліноўскага, у чый гонар названы полк, так што варта ўшанаваць яго памяць і пакласці кветкі. Ёсць думка, падзяліўся Вадзім, што і пратэсты 2020-га пачаліся з Каліноўскага — з таго, што ў 2019-м цела беларускага героя нарэшце знайшлі і пахавалі належным чынам.

Чытайце таксама:

«Думаў толькі пра ежу». Беларускі ваяр распавёў, як знаходзіўся ў расійскім палоне

Украіне не хапае боепрыпасаў, зацягванне з падтрымкай можа адбіцца на сітуацыі вясной

Полк Каліноўскага пачаў дадатковы набор іншаземцаў

Клас
38
Панылы сорам
0
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?