Магіла Старога Уласа ў Сужанах. Фота: фэйсбук

Магіла Старога Уласа ў Сужанах. Фота: фэйсбук

Занядбаную магілу знайшлі ў Сужанах (Sužionys) Віленскага раёна, пішуць у сацсетках. 

Стары Улас, ён жа Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, нарадзіўся ў 1865 годзе ў сям'і валожынскіх сялян Пятра і Людвікі. Бацька працаваў кухарам у мясцовым маёнтку графа Міхала Тышкевіча. Калі сыну было ўсяго дзевяць гадоў, бацька памёр, тым жа летам не стала і маці. Сірату забрала цётка.

Стары Улас і рукапіс ягонага верша. Фота: Wikimedia Commons

Стары Улас і рукапіс ягонага верша. Фота: Wikimedia Commons

Неўзабаве Уладзіслаў пайшоў у памочнікі да кухара таго ж графа Тышкевіча. Праз некаторы час ён сам стаў графскім кухарам, а затым, калі яму было каля трыццаці, стаў аб’ездчыкам і, урэшце, ляснічым у маёнтку Сужаны на Віленшчыне. Жыў у вёсцы Варняны Астравецкага раёна, у Вільні.

З 1907 года друкаваўся ў «Нашай Ніве», потым у заходнебеларускіх выданнях. У беларускіх календарах змяшчаў вершы і вершаваныя апавяданні. Выступаў і як публіцыст. 

У 1908 годзе ў рэдакцыі «Нашай Нівы» паэт пазнаёміў Янку Купалу з настаўніцай Уладзіславай Францаўнай Станкевіч, якая стане жонкай класіка.

Магіла Старога Уласа і яе размяшчэнне на схеме на могілках у Сужанах. Фота: фэйсбук

Магіла Старога Уласа і яе размяшчэнне на схеме на могілках у Сужанах. Фота: фэйсбук

У 1910-м заснаваў школу пісьменнасці, у якой разам са сваімі дочкамі вучыў дзяцей грамаце. Своеасаблівым летапісам працы і побыту сялянства з’яўляецца паэма «Год беларуса» (1911).

Максім Гарэцкі так пісаў пра Старога Уласа: «Такія паэты маюць у нашай паэзіі літаральна маральнае значэнне як песняры з мазольнаю рукой, што не толькі «з народу», але і «сам народ». Яго творы часам не вельмі складныя, але чуецца ў іх сіла самае зямлі, непасрэдны павеў самога жыцця беларускай вёскі. Яны — натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легендаў і жартаў».

За польскім часам у 1920 годзе Сівы-Сівіцкі пераехаў у вёску Сужаны, а пазней у Шашэльгішкі Віленскага павета, дзе займаўся земляробствам. Памёр неўзабаве пасля пачатку Другой сусветнай вайны, 30 верасня 1939 года ў Вільні.

Месца, дзе калісьці стаяла хата Старога Уласа ў вёсцы Шашэльгішкі, у якой той пражыў да самай сваёй смерці, і надмагілле ў Сужанах, якое даглядаў А. М. Курчэйка. З кнігі «Год беларуса»

Месца, дзе калісьці стаяла хата Старога Уласа ў вёсцы Шашэльгішкі, у якой той пражыў да самай сваёй смерці, і надмагілле ў Сужанах, якое даглядаў А. М. Курчэйка. З кнігі «Год беларуса»

Часта ў якасці месца апошняга спачыну паэта называўся менавіта гэты горад, хоць у прысвечаных яму манаграфіях падаваўся нават фотаздымак магілы ў Сужанах. Тым не менш дакладнае месца магілы забылася, а людзей, якія даглядалі ягоную магілу, не засталося. Сёння надмагілле славутага беларуса патрабуе аднаўлення.

Чытайце таксама:

Дзе пахаваюць Лукашэнку 

На віленскіх могілках Росы ўшанавалі Каліноўскага і паўстанцаў. Паднялі і беларускі сцяг ФОТЫ

Клас
46
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?