Беларускія навукоўцы: Павел Церашковіч, Андрэй Казакевіч і Аляксандр Пашкевіч. Фота: фэйсбук Андрэя Казакевіча

Беларускія навукоўцы: Павел Церашковіч, Андрэй Казакевіч і Аляксандр Пашкевіч. Фота: фэйсбук Андрэя Казакевіча

«Я разумею скепсіс часткі гісторыкаў (і не толькі), што «такія дыскусіі нічога не даюць». Можна цалкам добра камунікаваць з літоўскімі калегамі на навуковых канферэнцыях, але камунікатыўна канферэнцыя і дыскусія ў парламенце — гэта розныя рэчы. На дыскусіі ў парламенце можна пачуць шмат таго, што не скажуць на навуковай канферэнцыі і тым больш у асабістай сяброўскай гутарцы. Такі фармат адкрывае іншую перспектыву, вельмі важную для глыбейшага разумення сітуацыі», — напісаў Андрэй Казакевіч і прывёў высновы, да якіх ён прыйшоў.

Перш за ўсё, літоўскае паняцце «літвінізм» (litvinizmas) за апошнія месяцы перажыло істотную інфляцыю ў сэнсе раздзімання яго значэння.

Калі летам усё пачыналася з крытыкі радыкальных тэорый, якія адмаўляюць удзел літоўцаў у стварэнні ВКЛ, то цяпер пад «літвінізмам» часта разумеецца любая праява цікавасці беларусаў да спадчыны ВКЛ.

Напрыклад, падчас дыскусіі доктар Грыгорыяс Паташэнка казаў пра «радыкальны» і «ўмераны» літвінізм і аналізаваў іншыя ўнутраныя нюансы беларускіх дыскусій, прычым не толькі «ў апазіцыі», але і «ва ўладзе». Дарэчы, пра падлашчванне Лукашэнкі да «літвінізму» ў Літве пішуць шмат, некалькі разоў гэта згадвалася і ў рамках дыскусіі.

Улічваючы тое, што з 19 стагоддзя не было ніводнага беларускага гістарычнага наратыву, які не прысвойваў у той ці іншай ступені спадчыны ВКЛ (цікава чаму), прастора для абмеркавання адкрываецца бясконца шырокая. У нейкай ступені і культ Ф. Скарыны можна прачытаць як «літвінізм», не кажучы ўжо пра М. Гусоўскага з яго Вітаўтам.

Фота: Наша Ніва

Фота: Наша Ніва

Альфрэдас Бумблаўскас прапанаваў выкарыстоўваць канцэпцыю савецкага гісторыка У. Пашуты аб тым, што літоўскае ВКЛ стала літоўска-беларускім у XVI стагоддзі. Такое меркаванне ў цэлым было распаўсюджана ў савецкай гістарыяграфіі, але складана сказаць, ці выкліча яно энтузіязм у сучаснай беларускай.

Дарэчы, не толькі ў літоўскіх, але і ў беларускіх дыскусіях часта адзначаюць, што абазначэння спадчыны ВКЛ не было ў савецкім і сучасным афіцыйным наратыве. Але гэта, вядома, няпраўда.

Там яно заўсёды было і ёсць, толькі статус і акцэнты іншыя, але гэта дэталі. Напрыклад, пра «агульнадзяржаўны характар беларускай мовы» ў ВКЛ XIV-XVI ст. нармальна пісалі ў падручніках па гісторыі БССР. Праўда, гэтыя падручнікі практычна ніхто ў Савецкай Беларусі не чытаў, у адрозненне ад падручнікаў гісторыі СССР, але гэта асобная вялікая тэма.

Неабгрунтаваным уяўляецца тэзіс Бумблаўскаса, што цікавасць да ВКЛ у сучасных беларусаў спалучаецца з этнічнай інтэрпрэтацыяй ВКЛ. Усё хутчэй наадварот: праца з гэтай спадчынай з 1990-х шмат у чым была спробай інтэграваць у беларускі гістарычны наратыў розныя групы (асабліва польскамоўную шляхту), у адрозненне ад чыста этнічнага падыходу савецкай гістарыяграфіі.

Такім чынам, «літвінізм» у літоўскіх публічных дыскусіях можа быць усім (амаль зліваючыся з паняццем «Беларусь») і нічым (радыкальнымі версіямі беларускага гістарычнага рэвізіянізму, які існуе толькі на інтэрнэт-форумах). Гэта не толькі заблытвае, але і часта ставіць у тупік вонкавага назіральніка.

Што рабіць з беларускай перспектывы?

Перш за ўсё, трэба даць новую дэфініцыю спробам радыкальнай рэвізіі гісторыі ВКЛ як этнічна толькі беларускай дзяржавы. Выкарыстанне для гэтага тэрміна «літвінізм» не падыдзе, бо мае мноства іншых значэнняў.

Магчыма варта пазначыць гэта як «літвінскі (гістарычны) рэвізіянізм». Хоць больш правільным было б назваць гістарычным негацыянізмам (стварэнне тэорый з адкідваннем добра абгрунтаваных навуковых фактаў), але гэты тэрмін неяк не прыжываецца.

Важна таксама асобна ўсвядоміць феномен «litvinizmas» як комплекс палітычных і інтэлектуальных ідэй і дыскусій у сучаснай Літве аб спадчыне ВКЛ у Беларусі. Гэты феномен адлюстроўвае літоўскую палітычную і інтэлектуальную працу з гістарычнай традыцыяй. Менавіта так яго варта ўспрымаць, а не як проста крытыку «літвінскага рэвізіянізму» або беларускага бачання гісторыі. Калі коратка, то «litvimizmas» — гэта літоўскія дыскусіі аб сучаснай беларускай ідэнтычнасці і яе значэнні (пазітыўным і негатыўным) для Літвы.

Як добра адзначыў доктар Альвідас Нікжэнтайціс, сама дыскусія для Літвы не новая. У першай палове 20 стагоддзя яна развівалася ў спрэчцы паміж «стара– і новалітоўцамі» (польскамоўнай шляхтай і этнічнымі літоўцамі). Пасля Другой сусветнай вайны старалітоўцы вядомым чынам зніклі, каб з 1990-х гадоў цудоўным чынам адрадзіцца ў выглядзе беларусаў.

Магчыма, для гэтага феномену (litvinizmas) у беларускай навуцы патрэбны асобны тэрмін, каб пазбягаць блытаніны, але пакуль нічога не магу прапанаваць.

Як абмяркоўваць «litvinizmas» у гэтай сітуацыі, незразумела. Напэўна, ёсць сэнс факусавацца на прыватных праблемных тэмах: паходжанне ВКЛ, яго этнічная прырода ў XIII-XV стагоддзях і гэтак далей.

Добра было б правесці інвентарызацыю праблемных і адчувальных для двух народаў гістарычных сюжэтах, не сыходзіць ад гэтага. Затым паэтапна абмяркоўваць, калі не дасягаючы кампрамісу ў інтэрпрэтацыі і тэрміналогіі, то хаця б пазначаючы пазіцыі. На жаль, такой працы з пачатку 1990-х не было.

Якім чынам можа быць арганізавана такая праца — пытанне адкрытае. З беларускага боку ў ходзе дыскусіі некалькі разоў выказвалася меркаванне аб магчымасці стварэння грамадскай камісіі для структуравання дыялогу.

Гэта складанае пытанне, якое, як здаецца, выклікае скепсіс у літоўскіх прафесійных гісторыкаў. Але механізм можа быць на парадку дня. Магчыма, і спрацуе.

Чытайце таксама:

«Гэты працэс мусіць вітацца ў Літве». Літвінізм: погляд з Вільні

Чаму літоўцы баяцца літвінізму

Літвіны ці русіны? Кім былі продкі беларусаў

Клас
19
Панылы сорам
20
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
0
Абуральна
8