Аляксей Ластоўскі і Андрэй Казакевіч Алексей Ластовский и Андрей Казакевич Alyaksei Lastovskyi and Andrei Kazakevich

Падчас абмеркавання. Скрын відэа

Як нарадзілася ліцвінства

Андрэй Казакевіч адзначыў, што сучасны феномен ліцвінізму быў вынікам пошукаў мясцовымі інтэлектуаламі ва ўмовах фармавання мадэрновых нацый сваёй тоеснасці:

«Ты, здаецца, і не літовец і не паляк. Хаця некаторыя ўліваліся ў літоўскі нацыянальны рух, нехта ў польскі ці беларускі. Але ў любым выпадку відавочным было патрабаванне нечага свайго. Тыя, хто сур'ёзна адносіўся да сваёй ідэнтычнасці, павінны былі сябе неяк дыстанцыраваць ад літоўцаў, прыдумаць нейкую новую лексіку для гэтага.

У 1920-я гады польскамоўныя інтэлектуалы прыдумалі тэрмін «літувісы». Тэрмін «літвіны» дазваляў адрозніваць сябе ад «літувісаў», якія размаўлялі на літоўскай мове. У той час зʼяўляецца ідэя аб тым, што ёсць Літва і ёсць Жмудзь. І адпаведна мы не такія, як літоўцы».

Чаму ліцвіны не змаглі сфарміравацца ў нацыю

Казакевіч лічыць, што ідэя ліцвінства як палітычнай нацыі не рэалізавалася, бо не было не толькі палітычных, але і культурных інстытутаў (мова, літаратура, рэлігія). Гэтаму перашкаджала і тое, што былая тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага, у якім знаходзяцца вытокі ліцвінства, была падзелена паміж рознымі дзяржавамі.

Аляксей Ластоўскі згадвае пра спробы стварэння палітычных інстытутаў коламі інтэлігенцыі, у якое ўваходзілі Яўстах Тышкевіч, Адам Кіркор, Уладзіслаў Сыракомля.

«Калі яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя ў мясцовай шляхты ў цэлым была польская гістарычная самасвядомасць, то пачынаючы з 1820-х гадоў пачынае выбудоўвацца новы міф Літвы. У ім было прысваенне паганскага мінулага і адсылка да крайняга перыяду ВКЛ як да нейкага «залатога веку». Гэты міф вельмі моцна разыходзіўся з польскай версіяй гісторыі. І ён вельмі моцна культываваўся і распаўсюджваўся.

Гэта прывяло і да стварэння асобных культурных інстытутаў, напрыклад, Віленскага музея старажытнасцей, які павінен быў распаўсюджваць новую версію гісторыі. Але гэты рух быў падарваны паўстаннем 1863—1864 гадоў».

На думку Казакевіча, ліцвінства як культурны праект добра працавала, але на палітычным узроўні не відаць ніякіх прыкладаў паспяховых партый, ідэі якіх абʼядноўвалі б усе народы. Былі спробы стварэння «краёвых» арганізацый, але іх цяжка назваць паспяховымі, бо яно не здолелі арганізаваць масавай мабілізацыі. Ідэі польскага, літоўскага і беларускага нацыяналізму змаглі гэта зрабіць.

Ластоўскі лічыць, што ідэі ліцвінства, народжаныя ў асяроддзі інтэлектуалаў і заснаваныя на вобразах з даўняй гісторыі, не былі зразумелымі простым людзям:

«Селянін добра разумее, калі яму гавораць пра мэты дабіцца лепшай долі і зямлі, а калі яму распавядаюць пра ўсякіх старажытных князёў, то гэта вельмі далёка ад яго патрэбаў».

У выніку, як заўважае Казакевіч, ліцвінства засталося на ўзроўні культурнага феномену і да сёння нават у беларускім кантэксце ўсе гэтыя версіі і апеляцыі да гэтай традыцыі ніколі не выходзілі на палітычны ўзровень.

Як у ХХ стагоддзі суадносіўся ліцвінізм і беларускі нацыяналізм

Ластоўскі згадвае, што Янка Станкевіч заклікаў да таго, каб замяніць тэрмінам «Вялікая Літва» тэрмін «Белая Русь». І цяпер знаходзяцца прыхільнікі такога погляду.

Казакевіч адзначае, што праз ліцвінізм частка беларускага нацыянальнага руху спрабавала адмежавацца ад Расіі:

«Гэта жаданне было настолькі моцным, што ім нават само слова Русь не падабалася. І калі згадаць пачатак ХХ стагоддзя, то акрамя «Літвы» быў яшчэ тэрмін «Крывія», які прапагандаваў Вацлаў Ластоўскі, і ў якім шмат месца адводзілася таму, што пазней назавуць «балцкім субстратам» у фарміраванні беларускай народнасці.

Гэтая ідэя павінна была разбураць міф аб агульнарускай народнасці, трыадзіным народзе. І калі ў 1980-1990-х гадах гэта выходзіць на паверхню, то застаецца блізкім ідэям, што выказваліся на пачатку стагоддзя.

Мікола Ермаловіч спрабаваў прысвоіць ВКЛ, шмат пісаў пра балта-славянскі сінтэз. Але пры гэтым быў цэлы спектр меркаваняў. І тых, хто гаварыў, што ВКЛ — выключна беларускае, створанае беларусамі на тэрыторыі Беларусі, заўсёды была меншасць. І ў гістарыяграфіі нягледзячы на той уздым, які зрабіў Ермаловіч, склаўся кансэнсус, што ВКЛ — літоўска-беларуская дзяржава».

Сучасныя дыскусіі

Ластоўскі заўважае, што кансэнсус адносна погляду на ВКЛ як літоўска-беларускую дзяржаву існуе ў асяроддзі прафесійных гісторыкаў, а вось свядомасць масаў захопліваюць іншыя культурныя агенты, такія як газета «Секретные исследования» ці кніжная серыя, якую выдаваў Анатоль Тарас.

Казакевіч тлумачыць, што пасля 1990-х радыкалізаваная версія аб тым, што ВКЛ выключна беларуская дзяржава, не мела ніякага сурʼёзнага развіцця ў беларускай гістарыяграфіі, хаця некаторыя ідэі Ермаловіча атрымалі прызнанне. Асабліва погляд на Полацкае княства як першую беларускую дзяржаву. Так, у афіцыйнай «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» ідэя незалежнасці Полацкага княства актыўна выкарыстоўваецца.

Але ідэя аб беларускасці ВКЛ «пайшла ў масы» дзякуючы публіцыстам, якія яе прасоўвалі з дапамогай публікацый у розных газетах і часопісах:

«Нельга гаварыць, што ўсе ў гэта паверылі, але недзе яно «стала граць», што і фармуе адну з частак сучаснага феномену ліцвінства. Застаюцца і тыя, хто пад ліцвінствам разумее польскамоўную шляхецкую традыцыю».

Ластоўскі звяртае ўвагу на тое, што сёння адна з сучасных версій ліцвінства працягвае інтэлектуальную традыцыю, звязаную з Вільняй, польскамоўным інтэлектуальным асяроддзем. У ёй большая ўвага да традыцыі ВКЛ, сімпатыя да польскай мовы, Міцкевіча. І яна блізкая да ідэалаў краёўцаў.

З другога боку, заўважае Казакевіч, ёсць радыкальная версія. Яе прыхільнікі ўвогуле перасталі лічыць сябе беларусамі:

«Яны ўвогуле выйшлі з беларускага поля. Лічаць сябе ліцвінамі. Беларусы для іх нейкія русіфікаваныя людзі. А самі яны — прадаўжальнікі старой традыцыі, якія не маюць нічога агульнага з беларусамі. Але пры гэтым выкарыстоўваюць беларускую мову».

Казакевіч згадвае ідэю, якая была выказана ў часопісе «Літуанія», што выходзіў на пачатку 2000-х, аб падзеле Беларусі на заходнюю — Літуанію — і ўсходнюю — Беларусь. Але найбольш плённай, на яго погляд, стала стратэгія інкарпарацыі, якая знайшла найбольш прыхільнікаў.

Радыкальныя погляды

Ластоўскі адзначае, што сёння назіраецца актыўнасць асобных індывідаў з падобнай стратэгіяй паводзін:

«Мы бачым, што ў Інтэрнэце зʼяўляюцца групы троляў, якія нападаюць на беларусаў і гавораць, што «ў вас быдляцкая назва і быдляцкая свядомасць». І паралельна ідуць нападкі на літоўцаў, якіх называюць жамойтамі, якія скралі назву «Літва» і нашу гісторыю. І адпаведна даводзіцца, што ў іх не было культуры, пісьмовай мовы і гэтак далей».

Казакевіч удакладняе, што для радыкалізаванага польскафільскага ліцвінства галоўным ворагам выступае Расія і беларусы. А для ліцвінства, заснаванага на беларускім ліцвінстве, на ідэях, што ВКЛ — беларуская дзяржава, асноўнымі ворагам ʼяўляюцца літоўцы.

Ластоўскі звяртае ўвагу на той факт, што ўсе гэтыя групы не ствараюць свайго ўласнага прадукту, размова ідзе толькі аб прыцягненні ўвагі да сябе праз распаўсюд нянавісці:

«Калі вы лічыце, што трэба перафарматаваць свядомасць беларусаў, то пачынайце з гэтым працаваць. Трэба тады нейкі часопіс рабіць, ствараць свае версіі гісторыі, пісаць кнігі. Потым пераходзіць на ўзровень палітычных рухаў. Праводзіць мабілізацыю. Калі вы хочаце нешта памяняць, то трэба ў гэтым напрамку працаваць. Але нічога не адбываецца. Нават няма нейкага сайта, які мог бы быць інтэлектуальнай платформай».

Чаму літоўцы баяцца ліцвінізму

На погляд Казакевіча, адна з прычын, чаму ліцвінізм падаецца літоўцам масавым рухам, заключаецца ў тым, што актыўныя ліцвіны іх агітуюць, у выніку завязваюцца дыскусіі, у ходзе якіх выказваюцца ўзаемныя абразы. Адбываецца абмен правакацыямі. І гэта разрастаецца.

«Гэта фактар уплыву. Калі ты хочаш уплываць на пэўную супольнасць, то ты можаш праз такіх троляў ці правакацыі паступова фармаваць вобраз. Тым больш, што мала хто з літоўцаў разумее, што адбываецца ў Беларусі, які там культурны кантэкст, які ўплыў гэтыя людзі там маюць. Ён проста бачыць, што нейкія беларусы ў інтэрнэце пастаянна зневажаюць Літву. І я думаю, што негатыўная рэакцыя звязаная больш са зневажальнымі выказваннямі, чым з самімі ідэямі».

У выніку, дадае Ластоўскі, радыкалізм асобных групаў ва ўспрыняцці літоўцаў распаўсюджваецца на ўвесь феномен ліцвінізму. Ён прадстаўляецца небяспечным і радыкальным, пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы. Бо гэтыя ідэі варожыя літоўскай дзяржаўнасці і літоўскай ідэнтычнасці. Калі гэта праецыраваць далей, то атрымліваецца, што беларуская эміграцыя ў Літву таксама набывае дэструктыўны характар.

Казакевіч адзначае, што ў выніку беларусы сталі фактарам знешняй палітыкі Літвы, чаго ніколі раней не было. Трэба яшчэ ўлічваць уплыў на яго масавай міграцыі з Беларусі. Усё гэта прыводзіць да росту ў краіне антыбеларускіх настрояў.

Чытайце яшчэ:

«Як зразумець беларуса, калі ён такі складаны». Гутарка з аўтарам першай гісторыі Беларусі на літоўскай мове

Алесь Краўцэвіч: Ліцвінства — выдумка ворагаў, якую падтрымалі дурні

Клас
16
Панылы сорам
21
Ха-ха
5
Ого
9
Сумна
7
Абуральна
16

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?