Беларусы ў Вільні Belarusians in Vilnius Белорусы в Вильнюсе

Беларусаў у Літве стала больш. Дзясяткі тысяч пераехалі сюды, ратуючыся ад рэпрэсій прарасійскай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

На мінулым тыдні літоўскае выданне LRT.lt на рускай мове надрукавала артыкул «Страх перад ліцвінізмам. Якая Беларусь патрэбна Літве: аўтарытарная ці дэмакратычная?». Прыводзім асноўныя яго палажэнні.

Разнастайнасць поглядаў

Аўтар артыкула звяртае ўвагу на нядаўнюю заяву Дэпартамента міграцыі Літвы аб тым, што ідэалогія ліцвінізму ў гэты момант не ўяўляе пагрозы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Літвы.

Аднак у ведамстве лічаць, што дзейнасць так званых ліцвіністаў можа павысіць узровень міжэтнічнага напружання, а спрэчкі на гэтую тэму ў публічнай прасторы могуць настроіць лаяльных да Літвы беларусаў супраць гэтай краіны.

Але так лічаць не ўсе. Кіраўнік Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Кашчунас заявіў, што Літва павінна акрэсліць «чырвоныя лініі», і зазначыў, што не хоча, каб у краіне з'явіліся супольнасці, у якіх распаўсюджана ідэя ліцвінізму, якая прысвойвае сабе гісторыю Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Нягледзячы на гэта, Кашчунас падкрэсліў, што гісторыя ВКЛ злучае беларусаў з Захадам.

А ліберал, член Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Літвы, Раймундас Лапата прапануе змагацца з кожным асобным выпадкам праявы ліцвінізму і кажа, што Генеральная пракуратура магла б ініцыяваць крымінальны пераслед беларусаў, якія прапагандуюць гэтую ідэалогію, якая «выказвае прэтэнзіі на тэрытарыяльную цэласнасць Літвы».

У той жа час лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская ў інтэрвʼю выданню адзначыла, што дыскусіі аб пагрозах ліцвінізму — праца беларускай і расійскай прапаганды.

Што такое ліцвінізм

На гэтае пытанне літоўскае выданне папрасіла даць адказ двух ураджэнцаў Беларусі: гісторыка Аляксандра Фрыдмана, які доўгі час жыве ў Германіі, і журналіста Вадзіма Вілейту, які звыш 20 гадоў жыве ў Літве, — і літоўскага гісторыка, прафесара Віленскага ўніверсітэта Альфрэдаса Бумблаўскаса.

Для літоўскага чытача Фрыдман адзначае, што цэнтральным у ліцвінізме ёсць імкненне падкрэсліць значэнне беларусаў у гісторыі ВКЛ, якое ў сваю чаргу разглядаецца як найважнейшы этап беларускай гісторыі.

Другі аспект — разгляд Вільні як ключавога горада ў культурнай гісторыі Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і шмат у чым як беларускага горада. Але без палітычных і тэрытарыяльных дамаганняў.

Усе трое экспертаў кажуць аб тым, што ёсць крайняя форма ліцвінізму. Менавіта яе прыхільнікі сцвярджаюць, напрыклад, што жамойты акупавалі Вільню, што беларусаў больш правільна называць ліцвінамі. І што цяперашнія беларусы могуць прэтэндаваць на ўсю спадчыну ВКЛ, у тым ліку на сталіцу Вільню.

З іншага боку, ёсць умераны ці канструктыўны ліцвінізм. Да прыхільнікаў такога Бумблаўскас адносіць Алеся Белага, які прызнае гістарычныя межы Літвы шырэйшымі, чым межы 1920 года. Нават Налібоцкую пушчу ён адводзіць гістарычнай Літве.

«Калі гэта — аснова ідэалогіі ліцвінізму, то тады з гэтай гістарычнай Літвы паходзяць вельмі многія вядомыя беларускія творцы, напрыклад, Багдановіч, Цётка (Алаіза Пашкевіч). У такім выпадку гэта той ліцвінізм, з якім нам, літоўцам, трэба будзе лічыцца. Таму што мы захочам, каб беларусы прызналі, што ў гэтым ёсць і літоўскі след, а мы, у сваю чаргу, павінны будзем прызнаць, што ў гэтым ёсць беларускі след», — зазначае літоўскі гісторык.

Літоўскаму чытачу Вілейта тлумачыць, што гістарычная тэорыя ўмеранага ліцвінізму доўгія гады выкладалася ў школах і ўніверсітэтах Беларусі. Згодна з ёй, ВКЛ лічыцца літоўска-беларускай дзяржавай, якая акцэнтуе гістарычную супольнасць літоўцаў і беларусаў, падкрэслівае мірны характар іх суіснавання ў складзе супольнай краіны.

Даўняя гісторыя спрэчак

У артыкуле адзначаецца, што, нягледзячы на цяперашнюю актыўнасць, такога кшталту размовы і дыскусіі — не навіна. Паводле слоў Фрыдмана, пік гістарычных спрэчак паміж беларусамі і літоўцамі прыпаў на канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў. Тады, як успамінае эксперт, абедзве дзяржавы спрабавалі пераменшыць уклад адна адной у супольную гісторыю.

Бумблаўскас лічыць, што і беларусы, і ўкраінцы нароўні з літоўцамі зʼяўляюцца спадкаемцамі ВКЛ, і апаніруе літоўскім крытыкам беларускага кампанента ў гісторыі ВКЛ, якія часам выказваюць незадаволенасць у тым ліку і гербам «Пагоня».

Прафесар падкрэслівае, што большасць беларусаў усведамляюць важнасць гісторыі ВКЛ у іх самасвядомасці. У той час як літоўцы не хочуць прызнаваць ролі беларусаў у гісторыі ВКЛ.

Для таго, каб упэўніцца ў ролі беларусаў, ён раіць літоўцам адкрыць трэці Статут і паспрабаваць прачытаць, што ў ім напісана. «Ніводзін літовец не зразумее, а кожны другі беларус — зразумее», — кажа А. Бумблаўскас.

Чаму ў літоўскім грамадстве баяцца ліцвінізму

На думку Вілейты, страх ліцвінізму ў літоўскім грамадстве шмат у чым быў абумоўлены дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі. Ён узрастаў у тыя перыяды, калі афіцыйныя ўлады ў Беларусі імкнуліся наладзіць адносіны з Захадам і ўзмацнялі гістарычныя наратывы, якія акцэнтуюць супольнасць Беларусі з заходнімі суседзямі.

У гэтыя перыяды ў Беларусі ставіліся помнікі «літоўскім князям» (Альгерду ў Віцебску ў 2014 годзе, Гедыміну ў Лідзе ў 2019 годзе), праводзілася рэстаўрацыя старажытных замкаў (Ліда, Гальшаны, Крэва).

Вілейта ўзгадвае эпізод з беларускім балетам «Вітаўт» у 2017 годзе. Тагачасны міністр культуры Літвы Ліяна Руокіце-Ёнсан назвала яго запланаваны паказ у Вільні правакацыяй і дэманстрацыяй мяккай сілы з боку Беларусі. Нягледзячы на тое, што частка літоўскіх гісторыкаў высмеяла некампетэнтнасць міністра, іншая частка выказала занепакоенасць тым, што «ў апошнія гады ў нашых суседзяў намецілася тэндэнцыя ўспрымання вялікіх князёў літоўскіх у якасці герояў беларускага народа».

Журналіст адзначае, што такая рэакцыя Літвы на аднаўленне спадчыны і рост увагі да гісторыі ВКЛ ідзе ўразрэз з цяперашняй і мінулай літоўскай палітыкай у дачыненні да беларускай грамадзянскай супольнасці.

З аднаго боку, Літва падтрымала дзейнасць апальнага Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, падтрымала беларусаў у 2020-м. З другога боку, пры любых спробах беларусаў дакрануцца да гісторыі ВКЛ у літоўскім грамадстве і палітычных колах узнікае страх перад ліцвінізмам.

Акция в поддержку Беларуси «Путь свободы» Action in support of Belarus

Акцыя ў падтрымку Беларусі «Шлях свободы». 23 жніўня 2020 года. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis

Вілейта зазначае, што «калі літоўцы будуць рэагаваць на любыя гістарычныя нейкія станоўчыя пачуцці беларусаў у адносінах да ВКЛ негатыўна, то гэта непазбежна сапсуе адносіны паміж народамі».

Вілейта ўпэўнены, што калі беларусы захаваюцца як нацыя, то будуць далей шукаць сваю ўласную гістарычную ідэнтычнасць, сваё паходжанне. У сувязі з гэтым ліцвінізм як перакананне ў тым, што ВКЛ было таксама і беларускай дзяржавай, будзе набіраць папулярнасць. І гэты працэс мусіць вітацца ў Літве.

Натуральна, нельга дапускаць папулярызацыі нейкіх радыкальных настрояў, якія спараджаюць прэтэнзіі на Вільню ці могуць прывесці да патэнцыйнага сутыкнення двух народаў. Але сёння, паводле слоў Вілейты, ён не назірае ніякіх рэальных пагроз.

Ліцвінізм і нацыяналізм

Вілейта лічыць, што літоўцы прызвычаіліся да наратыву, які за 30 гадоў распаўсюджваў рэжым Лукашэнкі, аб тым, што гісторыя Беларусі пачынаецца з бальшавізму. Іншага яны не ведаюць.

Але «літоўскаму грамадству трэба зразумець, што калі яны хочуць, каб Беларусь стала еўрапейскім надзейным, стабільным суседам, які прыязна настроены ў адносінах да Літвы, то адпаведным чынам у Беларусі павінна быць свая еўрапейская гісторыя, і гэтая еўрапейская гісторыя звязаная з літоўцамі ў складзе ВКЛ і з палякамі ў складзе Рэчы Паспалітай», — адзначае Вілейта.

З гэтым меркаваннем згодны і прафесар Бумблаўскас: «Лепш не злаваць, а парадавацца таму, што беларусам важная гісторыя Літвы і нашы супольныя кіраўнікі. <…> Мы павінны будзем прызнаць, што гэты народ існуе, ёсць нашым, [можна сказаць,] сваяком, самым блізкім народам да нас».

Прафесар перакананы, што сувязь сучасных беларусаў з гісторыяй ВКЛ дазволіць яму адысці ад савецкай спадчыны. Але ў той жа час і прывядзе да росту нацыяналістычных ідэй, якія ўласцівыя і літоўцам.

«Для мяне любы нацыяналізм — гэта больш еўрапейская рэч, чым бальшавіцкі саветызм», — адзначае прафесар Бумблаўскас.

Актуальная сітуацыя

На думку Вілейты, цяпер рэжым Лукашэнкі поўнасцю адхрысціўся ад беларуска-літоўскай гісторыі. Цяперашні страх перад ліцвінізмам у Літве сфармаваўся ўнутры краіны, а не прыйшоў звонку.

Асноўнай прычынай страхаў перад ліцвінізмам эксперты называюць павелічэнне беларускай прысутнасці ў Літве. Сёння ў краіне жыве каля 60 тысяч беларусаў, чаго немагчыма не заўважыць.

Нягледзячы на тое, што няма ніякіх абʼектыўных пацвярджэнняў росту папулярнасці ідэй ліцвінізму сярод беларусаў у Літве, эксперты дапускаюць, што магчымаму звароту да радыкальных ідэй беларусаў садзейнічае некалькі фактараў. Першы — псіхалагічныя цяжкасці, выкліканыя вымушанай эміграцыяй. Другі — адсутнасць у многіх беларусаў уяўлення аб сваёй ідэнтычнасці.

Фрыдман звяртае ўвагу на тое, што дыскусіі аб ліцвінізме ў Літве ў асноўным вядуцца не ў навуковай, а ў палітычнай прасторы. У гэтым пытанні і беларусы, якія зʼяўляюцца прыхільнікамі гэтага кірунку, і жыхары Літвы, якія бачаць у ім пагрозу, часта кіруюцца не фактамі, а эмоцыямі.

Радыкалізацыі дыяспары, на думку Фрыдмана, таксама садзейнічае выключэнне беларусаў і Беларусі з супольнага гістарычнага кантэксту.

«Дыскусіі аб ліцвінізме вядуцца галоўным чынам у сацыяльных сетках, наколькі я гэта назіраю. Шмат у чым яны якраз звязаныя з заявай і дзейнасцю прэзідэнта Наўседы, таму што ў яго ёсць вось гэтая сістэматычная пазіцыя па вынясенні Беларусі за дужкі», — адзначае Фрыдман і прыводзіць прыклады.

Год таму прэзідэнт Наўседа размясціў у сацыяльных сетках сваё фота каля помніка Францыску Скарыны з подпісам аб тым, што Скарына — важная асоба ў гісторыі Літвы і Чэхіі без згадкі Беларусі.

Іншы выпадак здарыўся, калі ў сваім выступе з нагоды 160-гадовага паўстання 1863—1864 гадоў лідар Літвы не згадаў беларусаў.

Фрыдман узгадвае і нядаўні выпадак, калі падчас саміту НАТА ў Вільні Наўседа адкрыта сказаў, што Беларусь ператварылася ў губерню.

«Для беларускай супольнасці такі погляд на Беларусь, беларускае і беларусаў, калі фактычна іх альбо выносяць за дужкі, альбо ставяць на адзін бок шаляў з рэжымам Лукашэнкі, выключна непрыемны», — адзначае эксперт.

Некаторыя літоўскія эксперты звязваюць дыскусіі аб ліцвінізме з будучымі прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі, якія ўзніклі ў грамадскай прасторы. Так, на думку асацыяванага аналітыка Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Максіма Мілты, у перадвыбарнай барацьбе некаторыя палітыкі «будуць выкарыстоўваць карту міграцыйнага крызісу, той ці іншай пагрозы, якая зыходзіць ад адэптаў, маргіналаў і розных прыхільнікаў ліцвінізму».

Чытайце яшчэ:

Дзяржбяспека Літвы апублікавала сваю ацэнку ліцвінізму і рызыкі, з ім звязанай

Чаму літоўцы баяцца літвінізму

У Літве пражывае ўжо да 60 тысяч беларусаў. Але ва ўладаў краіны ёсць засцярога

Лукашэнка: Вялікае Княства Літоўскае было беларускай дзяржавай бясспрэчна

Алесь Краўцэвіч: Ліцвінства — выдумка ворагаў, якую падтрымалі дурні

Клас
38
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
13

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?