Усе фота: Людміла Нікалайчук / av.by

Усе фота: Людміла Нікалайчук / av.by

— Гэтую машыну я набыла паўтара года таму. І на момант пакупкі яна ўжо была ружовай, — прызнаецца ўладальніца гламурнага аўто Ксенія. — Таму можна сказаць, што ў трэнд сёння я патрапіла выпадкова.

— Які аўтамабіль вы шукалі і чым кіраваліся пры выбары?

— Шчыра кажучы, ніякіх канкрэтных запытаў наконт маркі і мадэлі не было. Проста хацела памяняць аўто, шукала, што спадабаецца. Зважала на кошт, камплектацыю, прабег і агульны стан машыны.

— Як і дзе вы знайшлі свой ідэальны па гэтых крытэрыях варыянт?

— Праглядала аб'явы на av.by і натыкнулася на рэстайлінгавую BMW F30 328i 2016 года выпуску. Яна знаходзілася ў Мінску. Параіўшыся з мужам, вырашыла, што паеду яе глядзець. З сабой узяла аўтападборшчыка, яго паслугі абышліся ў 120 рублёў. Дарэчы, гэта ў два разы больш, чым бралі на той момант астатнія хлопцы з гэтай сферы. Але ён і праўда аказаўся сапраўдным прафесіяналам. Машыну праверыў дасканала: і старанна аглядаў, і камп'ютар падключаў, і ездзіў на ёй. У выніку вынес вердыкт: аўто ў выдатным стане!

— Былі невялікія дэфекты на кузаве і ў салоне, але гэта дробязі, якія мяне не хвалявалі. Галоўнае, каб з тэхнічнай часткай усё было добра. Падкупіў і прабег — усяго 70 тысяч кіламетраў. Мы правяралі — не скручаны. Увогуле, мяне ўсё задаволіла і я рашылася на пакупку. Дадому ў Брэст я накіравалася ўжо на гэтай красуні. Дарэчы, яна — адзіная машына, якую я ездзіла глядзець. Вось так мне з ёй з першага разу пашанцавала. 

— А колер не збянтэжыў першапачаткова?

— Не, безумоўна! Насамрэч машына чорная. А гэта ўсяго толькі плёнка, яе ў любы момант можна зняць.

— Але калі вы да гэтага часу яе не знялі, значыць, яна вам падабаецца?

— Так, мне па душы гэты колер. І здымаць плёнку я пакуль не збіраюся. Адзіны яе мінус у тым, што вельмі да яе пыл ліпне, даводзіцца часта мыць машыну. А калі крыху запусціць, то пазбавіцца бруду наогул становіцца складана. І, дарэчы, заязджаць у тунэльную мыйку нельга: можна садраць плёнку.

— Як навакольныя рэагуюць на аўтамабіль «колеру Барбі»?

— У большасці сваёй станоўча. Мінакі і аўтамабілісты ў патоку часта заглядаюцца, усміхаюцца, паднімаюць вялікі палец уверх. У захапленні дзеці і падлеткі падыходзяць, фатаграфуюць машыну або робяць здымкі побач з ёй. Вадзіцелі часта прапускаюць: бо здалёк відаць, што за рулём дзяўчына. Але ёсць і такія, у асноўным мужчыны, якія рэагуюць неадэкватна: спрабуюць абагнаць, падрэзаць і г.д.

— Ці не стамляецеся вы ад такой павышанай увагі на дарозе?

— Я ўжо прывыкла да яе. Да таго ж гэта заўсёды трымае мяне ў тонусе. Напрыклад, я не дазваляю сабе парушаць ПДР, таму што аўтамабіль вельмі прыкметны і мяне лёгка па ім вылічыць. Я нават прыпаркавацца крыва не магу. Неяк паставіла не вельмі ўдала машыну на стаянцы, і мне адразу знаёмыя шлюць фота — нехта паспеў сфатаграфаваць маё аўто і апублікаваць здымак у інтэрнэце з надпісам: «Я паркуюся як хачу». 

— А вы самі актыўна ведзяце сацсеткі?

— Я не блогер, але вяду акаўнт у TikTok. Часам публікую відэаролікі з аўто, аднак яны ў мяне ніколі не выстрэльваюць. Пры гэтым гляджу: суседская дзяўчынка-падлетак знялася побач з маёй машынай — два мільёны праглядаў. У Брэсце відэа з маёй ружовай BMW залятаюць ва ўсіх, але толькі не ў мяне, — з усмешкай адзначае Ксенія.

— Эксперты на падставе даных страхавых кампаній высветлілі, што ружовыя аўтамабілі самыя небяспечныя, менавіта іх уладальнікі часцей за ўсё звяртаюцца да страхоўшчыкаў. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

— Цалкам магчыма, што так яно і ёсць. Ружовы — нетыповы колер для аўто. У патоку многія вадзіцелі заглядаюцца, паварочваюць галовы. Было ў мяне некалькі выпадкаў, калі праз гэта на дарозе ўзнікала аварыйная сітуацыя.

— Дарэчы, а як супрацоўнікі ДАІ рэагуюць на ваша аўто? Ці часта спыняюць?

— Не скажу, што часта, але пара цікавых выпадкаў была. Неяк у горадзе на дарозе параўняліся са мной інспектары на аўтамабілі, апусцілі шкло і кажуць: «У вас страхоўка заўтра заканчваецца». Ну, я ім адказала, што ўжо новую выпісала. Увогуле, незаўважанай застацца складана. Яшчэ нядаўна на трасе спынілі, праверылі дакументы і пачалі пра машыну распытваць: чаму ружовая, як даўно яна ў мяне…

— Вы ўжо паўтара года ездзіце на гэтым аўто. Якія яго плюсы і мінусы за час эксплуатацыі знайшлі?

— BMW F30 вельмі манеўраная і лёгка разганяецца! Плюс яна кампактная, але дастаткова ёмістая. У мяне BMW у М-абвесе, гэта дадае ёй стылю і робіць яе больш агрэсіўнай. З пераваг можна назваць яшчэ добрую камплектацыю і камфорт. Мне ёсць з чым параўнаць. Гэта мая другая машына, раней я некалькі гадоў ездзіла на дызельным Opel Corsa 2010 года выпуску з механічнай каробкай перадач. Бацька сказаў, што толькі на такім аўтамабілі можна навучыцца кіраваць.

— Перасеўшы на BMW, я на кантрасце адчула, як камфортна ездзіць на аўтамаце. Ёсць тут і іншыя бонусы ў выглядзе парктронікаў, камер, мультымедыйнай сістэмы. Усё пад рукой, і пры гэтым нічога лішняга. Выдатак паліва таксама, я б сказала, умераны. Поўны бак (60 літраў) я запраўляю 98-м бензінам прыкладна раз на паўтара-два тыдні. З мінусаў машыны, мабыць, толькі тое, што ў ёй няма месца для запаскі. А яшчэ колы абутыя ў адмысловыя шыны RunFlat.

— Наколькі дорага абыходзіцца абслугоўванне і рамонт BMW?

— Адразу пасля пакупкі мы памянялі расходнікі: аліву, фільтры, тармазныя калодкі. Агулам выдаткавалі каля $300. І гэта пры тым, што аўтатавары нам прывозілі з Польшчы, інакш усё абышлося б значна даражэй. Пашанцавала, што незадоўга да продажу былыя ўладальнікі аўтамабіля поўнасцю абслужылі падвеску. Больш ніякіх укладанняў машына не патрабавала.

— Сёння ружовы колер стаў сапраўдным хітом! У сувязі з гэтым ці не паступаюць вам прапановы аб продажы аўто?

— Ахвотных купіць гэтую машыну больш чым дастаткова! У нас сямейны аўтамабільны бізнэс, усе ведаюць, што BMW мы абслугоўваем па рэгламенце на сваёй СТА якасна і ў тэрмін, таму яна ў ідэальным стане. Многія пытаюцца, ці не планую я яе прадаваць, цікавяцца коштам. Але аўтамабіль я ўзяла сабе, расставацца з ім не збіраюся, бо ў гэтым BMW цяпер мяне ўсё задавальняе. 

Чытайце таксама:

Паказ «Барбі» ў Беларусі адмяняецца?

Фільм «Барбі» вярнуў фразу «таксічная феміннасць» у навіны

Цяпер і Барбі можа «купляць беларускае». Mark Formelle паказаў калекцыю адзення для лялек

Клас
21
Панылы сорам
19
Ха-ха
14
Ого
3
Сумна
6
Абуральна
9