Нацыянальны банк указаў банкам на неабходнасць няўхільна выконваць патрабаванні заканадаўства па крэдытных дагаворах. Адпаведны ліст Нацбанк адправіў на адрас банкаў у сувязі з выяўленымі падчас праверак парушэннямі, паведамляе БелТА.

У адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам той, хто дае крэдыт, не мае права ў аднабаковым парадку павялічыць памер працэнтаў за карыстанне крэдытам. Разам з тым у некаторых крэдытных дагаворах замацавана права банка павялічыць памер працэнтнай стаўкі. У Нацбанку звярнулі ўвагу: наяўнасць у дагаворах падобных умоў не адпавядае патрабаванням заканадаўства.

Асобныя банкі не выконваюць рэкамендацыі аб зніжэнні павышанага памеру працэнтаў па крэдыце для тых, хто не вярнуў крэдыт у тэрмін, а таксама рэкамендацыі аб суразмернасці штрафаў. Так, у крэдытных дагаворах некаторых банкаў прадугледжана, што за несвоечасовае вяртанне працэнтная стаўка павялічваецца ў 2-3 разы.

Рэгулятар лічыць, што прымяненне такіх павышаных адсоткаў можна расцэньваць як дадатковыя штрафныя санкцыі за парушэнне ўмоў крэдытнага дагавора. Акрамя гэтага крэдытаатрымальнікі абавязаныя выплаціць пені ў памеры ад 0,01% да 3% за кожны дзень пратэрміноўкі альбо штраф. Гэта не адпавядае рэкамендацыям Нацбанка аб непрымяненні двух і больш відаў штрафных санкцый за адно парушэнне.

Банкам неабходна прыняць меры па няўхільным выкананні патрабаванняў заканадаўства пры заключэнні і выкананні крэдытнага дагавора, забяспечыць суразмернасць штрафных санкцый з панесенымі банкам выдаткамі, а таксама зніжэнне падвышаных адсоткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0