Грамадская кампанія «Годна» — гэта новая ініцыятыва Каманды БНР100, якая ладзіла БНР100, «Свята Незалежнасці», «Мова Фэст», «Годны Дзень Волі» ды іншыя гучныя акцыі і мерапрыемствы.
Вось першы ролік, у якім каардынатары кампаніі расказваюць, што і навошта збіраюцца рабіць.
А на сайце hodna.by вы знойдзеце місію, мэты і планы кампаніі на найбліжэйшыя 2 гады.
Сярод ужо запланаваных праектаў — даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, форум «Ідэя Беларусі», выданне кніг і здымкі ролікаў, фестывалі і творчыя конкурсы, моладзевыя школы і бізнэс-канферэнцыі пад агульным брэндам «Годна».
Пачалася кампанію з праекта «Трымайся Годна», які будзе дапамагаць беларусам ва ўмовах пандэміі каранавіруса адаптоўвацца, аб'ядноўвацца і самаарганізоўвацца для вырашэння агульных праблем.
Першы сацыяльны ролік расказвае пра правілы паводзінаў падчас пандэміі каранавіруса згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Дызайнеры кампаніі «Годна» падрыхтавалі плакаты на беларускай і рускай мовах «Трымайся Годна» з правіламі паводзінаў падчас пандэміі каранавіруса згодна з парадамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Вы можаце:
— спампаваць макеты на hodna.by і самастойна іх раздрукаваць ды распаўсюдзіць,
— бясплатна замовіць гатовыя плакаты для распаўсюду праз гэтую форму.
Ролік «Сакрэтны код беларуса» — гэта першая праца з серыі будучых відэасюжэтаў пра беларускую годнасць і нашы нацыянальныя сакрэты ды каштоўнасці.
Гэтую гісторыю пра сакрэтны код беларуса ў сваім фэйсбуку расказаў вядомы беларускі прадпрымальнік Ігар Скарынін. Спачатку ён баяўся, што тэма небяспечная і можа выклікаць спрэчкі, але ён памыліўся. Яго гісторыя сабрала тысячы падабаек і сотні пазітыўных каментароў.