Папярэджваем: далей будзе выключна на мове раскошы. Рыэлтары імкнуцца прывабіць у арандатары людзей, для якіх «надышоў момант пераезду ў рэзідэнцыю для камфортнага і раскошнага пражывання». Пішуць, што жыццё ў палацы дапаможа адчуць сябе асаблівым.

Вось яшчэ аргумент з аб'явы для паспяховых бізнэсменаў: «асабняк можа служыць як сімвал статусу і поспеху кампаніі, а таксама быць выкарыстаны для ўмацавання дзелавых адносін і прыцягнення кліентаў».

Знаходзіцца гэта рэзідэнцыя ў вёсцы Крыжоўка Мінскага раёна — гэта літаральна ўсяго за 7 кіламетраў ад МКАД, побач Заслаўскае вадасховішча. Плошча ўчастка — каля 15 сотак. На ім ёсць 2 альтанкі (з летняй кухняй і з камінам і барбекю), вялікі басейн з падагрэвам, штучная сажалка, дзе плавалі асятровыя, садовыя дрэвы і дэкаратыўныя хмызнякі, піхты і шматгадовыя высокія хвоі. На ўчастку размешчаны гаспадарчыя пабудовы з кацельнай і аварыйным генератарам вялікай магутнасці. Ёсць і гараж 120 квадратаў з аўтаматычнымі варотамі.

Паведамляецца, што ўнікальны катэдж быў створаны таленавітым архітэктарам. Яго фасад упрыгожаны калонамі, выгнутымі лініямі і дэталямі, якія надаюць будынку элегантнасць і вытанчанасць.

Трохпавярховы катэдж быў пабудаваны ў 2003 годзе. Ён мае плошчу больш за 512 квадратаў, з якіх жылая каля 211 метраў. Ёсць там спальні з ваннымі пакоямі, кабінеты, кухня-гасцёўня з камінам, вялікая камінная зала, гардэробныя пакоі, памяшканні для пакаёўкі і многае іншае.

Не шкадуючы эпітэтаў, у аб'яве расказваюць пра эксклюзіўныя элементы дэкору ўнутры будынка. І здаецца, менавіта яны корань праблемы. Таму што размаляваныя сцены, кран у выглядзе залатога лебедзя, ракавіна ў кветачку спарадзілі мноства жартаў сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак.

Мабыць, пасля гэтага рыэлтары вырашылі прыбраць фатаграфіі дома ўнутры і пакінулі толькі здымкі фасада і ўчастка.

Упершыню на тое, што з’явілася прапанова арандаваць такую раскошу, звярнулі ўвагу ў снежні 2022 года. Тады ўладар хацеў атрымліваць за сваю нерухомасць $7 тысяч на месяц. Здаецца, знатака прыгажосці адшукаць тады не ўдалося. Бо неўзабаве гэты ж катэдж сталі прапаноўваць для пасутачнай арэнды за $768 за суткі. Цяпер жа ён зноў даступны на ўмовах доўгатэрміновай арэнды — толькі ўжо за $10 тысяч штомесяц.

Чытайце таксама:

Цешча экс-старшыні СК радыкальна перабудавала катэдж у Драздах. І просіць за яго $3,3 мільёна ФОТЫ

Алімпійскі прызёр Дашчынскі прадае дом каля Драздоў. Як вам інтэр'еры?

Вікторыя Азаранка здае дом у Драздах. Як вам інтэр'еры? ФОТЫ

Дорага-багата: як выглядае кватэра ў Мінску амаль за мільён даляраў

Клас
7
Панылы сорам
12
Ха-ха
32
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
12