Здарэнне адбылося 14 студзеня ў Маладзечне на цэнтральнай вуліцы горада Вялікі Гасцінец, паведамляе kraj.by.

А трэцяй ночы да заспаных суседзяў прыйшоў мужчына і з іх тэлефона пазваніў па нумары 101. Мужчына заявіў выратавальнікам, што ў пад'ездзе яго дома ўстаноўлена расцяжка з гранатай.

Як распавёў памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Валерый Пяркоўскі, у мужчыны ёсць свая сям'я, малое дзіця, але 14 студзеня ён начаваў у кватэры маці. Сярод ночы ён папрасіў у суседзяў патэлефанаваць, таму што напярэдадні абарваў правады ўласнага тэлефона.

На месца, акрамя супрацоўнікаў МНС, тут жа выехалі аператыўныя работнікі міліцыі, выклікалі мінёраў. Мужчына сустракаў усіх асабіста і з акна папярэджваў, каб яны былі асцярожныя.

Мужчына быў п'яны і моцна ўзбуджаны. Каб яго супакоіць, выклікалі нават хуткую дапамогу.

Натуральна, што ніякіх слядоў расцяжкі і выбухованебяспечных прадметаў не выявілі.

— Падобна на тое, што на глебе злоўжывання алкаголем у мужчыны паўсталі нейкія прывіды. Але экспертыза ўстанавіла, што ён мог усведамляць свае дзеянні і адказваць за ўчынкі, — сказаў памочнік пракурора.

Справа разглядалася па першай частцы артыкула 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы». Суд вынес вердыкт — 3 месяцы арышту і прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0