У Мачулішчанскі аддзел міліцыі з заявай аб крадзяжы вялікай сумы грошай і каштоўных вырабаў звярнуліся мясцовыя жыхары, паведамляе Звязда.

Па словах заяўнікаў, быў скрадзены металічны сейф, у якім знаходзілася некалькі тысяч долараў ЗША, вырабы з каштоўных металаў на 25 000 рублёў. Буйная сума ў замежнай валюце знікла і з кашалька.

У выніку праведзеных вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена дачыненне да крадзяжу 40-гадовага сына гаспадара кватэры. Мужчына некалькі месяцаў таму вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываў пакаранне за ўчыненне крадзяжу. Увесь гэты час ён нідзе не працаваў, жыў у адной кватэры з бацькам. Той, баючыся за захаванасць сваёй маёмасці, абсталяваў дзверы пакояў замкамі.

Выбраўшы дзень, калі яго бацька з сужыцелькай адсутнічалі, зламыснік пракраўся ў адзін з пакояў, скраў сейф, грошы і каштоўнасці. Каб адвесці ад сябе падазрэнне, імітаваў пранікненне ў жыллё праз акно.

Неўзабаве яго затрымалі. Заведзена крымінальная справа па артыкуле «Крадзеж». Яго санкцыя — пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дванаццаці гадоў са штрафам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0