Назваўшы сучасную беларускую літаратуру «бяззубай» Андрэй Хадановіч, назваў караля голым. Яна даўно бяззубая.

Найяскравейшы прыклад — адсутнасьць сатырычнага жанру. Пакінем убаку асобныя прыватныя спробы з азіраннем на рэакцыю ўлады – і на ўсякі выпадак з рэверансам да яе! («Сказ пра Лысую гару»).

Дык вось, слухачы «Свабоды» замест выказвання сваёй згоды ці нязгоды, разваг чаму гэта так, як сапраўдныя беларусы загаўкалі на беднага Хадановіча «сам такі! сам такі!». Гэта ментальнасьць каменя: пад такі вада не цячэ.

Беларуская літаратура як нарадзілася пад забойцам‑цэнзурай, так і не выйшла з пад яе. Цэнзура магла быць моцнай ці слабкай, але яна нішчыла свабодную думку заўжды.

Выдатны эксперымент Мрыя скончыўся трагічна.

Цэнзура драла сатырычныя зубы, ставіла на лоб пісьменніку ці паэту кляймо «савецкі», што было роўна лягчанню і забойству творцы.

Шукаючы добрыя цытаты, я ўзяў том Кандрата Крапівы. Выдатны версіфікатар, выдатнае веданне і валоданне мовай. Але якая савецкая ідэя фікс!

Узяў том Аркадзя Куляшова. Раннія вершы — выдатныя і тэматычна і моўна. Прыемна ўразіла складаная форма афармлення сказаў, думкі, што сьведчыць пра велізарны талент. Але, о, Божа! Аўтар патрапіў у афіцыйны працэс і далей тое ж, што і ў Кандрата: услаўленне савецкіх пачуццяў, неахайнасьць у мове, непатрэбныя русізмы. Савецкасьць сплюшчыла паэта.

Не трэба пакідаць без увагі не толькі цэнзуру, але і капілярнае цікаванне кагэбістаў за тымі, што пішуць.

Не пакінем без увагі і інфармацыйны вакуум, створаны злачынным камуністычным рэжымам, калі болей за дзве траціны кніжных фондаў былі зьнішчаны з ідэалагічных меркаванняў, калі выдатныя ўзоры сусветнай думкі і прыгожага пісьменства не былі дасяжныя нікому з простай чэрні. Ужо забыліся на крымінальны артыкул пра захаванне і распаўсюд «антысавецкай літаратуры»! Забыліся на чорныя сьпісы для бібліятэк па выманні і знішчэнні непажаданых кніжак непажаданых аўтараў — нават па матэматыцы ці логіцы!

Забыліся на «спецзахаванне» ў буйных бібліятэках, дзе цэрберы хавалі і інтэлектуальныя скарбы і проста перыёдыку, дасяжную ўсяму сьвету, але не нам, «савецкім людзям»! Пояс вернасьці і дамоклаў шчыт і меч віселі і вісяць над нашай гаротнай літаратурай.

У 1970 годзе я ў войску з велізарнай прагай прачытаў «Гарадок Устронь» Міколы Лобана. Аказваецца, і гэты выдатны твор пісьменніка прайшоў камуністычную стаматалогію!

Яна не абмінала нікога і ніколі. Гэта велізарная бяда.

Тое, што сказаў Хадановіч, карысна і патрабуе разваг, аналізу і на’т цэлай кніжкі кшталту «Літаратура пад прэсам». Тэма пачварнай цэнзуры агромністая.

Дзякую, спадару Андрэю. У Вас выдатныя лімерыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?