Са сцягам у машыне Ілона Пішчынская ездзіла ад 25 сакавіка да 10 красавіка. Фота Настассі Уткінай.
Ілона — сама юрыст па адукацыі, і яна ўпэўненая: непад’ёмны штраф абсалютна не адпавядае яе так званаму правапарушэнню. І ў абскарджанні прыгавору маладзечанка збіраецца дайсці да Вярхоўнага суда.
Са сцягам у машыне ездзіла ад 25 сакавіка да 10 красавіка
— Сцяг у сваю машыну на шторку багажніка я змясціла 25 сакавіка, на Дзень Волі. Канешне, ён быў выдатна бачны. Так і ездзіла да 10 красавіка, — расказвае Ілона. — У гэты дзень павезла сямігадовую дачку на заняткі па гітары ў студыю, што на вуліцы Валынца. Спынілася на паркоўцы. З 12:00 да 13:15 дачка займалася. Недзе ў 13:20 мы выязджалі са стаянкі. Выязджаючы, я заўважыла машыну ДАІ, якая пачала ехаць за мной. Калі шчыра, адразу зразумела: хутка будзе прыпынак. Са стаянкі паспела выехаць на дарогу. І тут на машыне ДАІ ўключыліся мігалкі. Я, вядома, спынілася, — прыгадвае маладзечанка падзеі 10 красавіка.
Адразу ў кіроўцы праверылі дакументы. З імі было ўсё ў парадку. А пасля Ілоне загадалі ехаць у РАУС.
— Я пытаюся: «На якой падставе?». А даішнік глядзіць на багажнік маёй машыны і адказвае: «На падставе вашых дзіўных сцягоў».
Патэлефанавала маме і сказала, што з дачкой у міліцыі з-за сцяга
У РАУС кіроўца паехала не супраціўляючыся. Адзінае, папрасіла заехаць да мамы, каб пакінуць дзіця. Але даішнікі сказалі, што ў РАУС надоўга не затрымаюць: хвілін на 15-20. Ілона расказала, што на яе ўжо адзін раз складалі пратакол за ўдзел у шэсці 30 жніўня. Тады, сапраўды, было нядоўга.
— Мы пад’ехалі да РАУС. Склалі пратакол агляду аўтамабіля. Даішнікі папрасілі мяне дастаць і аддаць сцяг. Я гэта зрабіла.
Даішнік узяў сцяг і некалькі хвілін так і стаяў: з разгорнутым бел-чырвона-белым сцягам каля будынка РАУС, — працягвае суразмоўца.
У РАУС маме з сямігадовай дачкой сказалі пачакаць, пакуль вызваліцца супрацоўнік. Чаканне зацягнулася больш чым на гадзіну. Ад гэтага Ілона нервавалася, але старалася займаць дачку, каб тая не спалохалася. Урэшце маму з дзіцем абшукалі, склалі ў скрыню пасведчанне кіроўцы і ключы ад машыны.
— Свайго тэлефона я не брала, таму з тэлефона дачкі ўсё ж патэлефанавала маме. Сказала, што я ў міліцыі, затрыманая з-за сцяга, і папрасіла забраць дзіця. — Калі ў РАУС складалі пратакол, то даішнікі тлумачылі міліцыянеру, што затрымалі мяне за бел-чырвона-белы сцяг. Я тады сказала: «Не, так і пішыце, як мне было сказана: з-за вашых дзіўных сцягоў».
Крыху пра суд па першай справе
— Міліцыянер 10 красавіка быў той самы, што складаў на мяне пратакол 1 верасня за ўдзел у жнівеньскім шэсці. Тады ў мяне з сабой быў тэлефон, які я не хацела аддаваць: там жа ўсе кантакты па працы. І вось міліцыянеры кажуць: «Хавайце тэлефон, ідзе начальнік». А ў мяне — сукенка без кішэняў, схаваць няма куды. І міліцыянеры мне ціхенька дазволілі схаваць мабільнік пад дакументы на стале.
У мяне ж не свастыка на машыне была
29 красавіка ў 9:30 пачаўся суд над Ілонай Пішчынскай за сцяг. Судзіла Вікторыя Паляшчук.
— Суд доўжыўся гадзіну. Сведкам быў даішнік, які мяне спыніў. З яго паказанняў я даведалася, што 10 красавіка ў РАУС нехта паведаміў пра машыну са сцягам на вуліцы Валынца. Таму даішнікі выехалі туды і чакалі мяне.
Падумалася тады: «Во якія ў нас свядомыя грамадзяне».
За некалькі дзён да 29 красавіка Ілона падала ў суд пісьмовае хадайніцтва, што прыцягненне яе да адказнасці незаконнае, што Закон пра масавыя мерапрыемствы супярэчыць Канстытуцыі, спасылалася на міжнародныя прававыя дакументы. Была ад яе таксама скарга ў пракуратуру на незаконнае затрыманне і на тое, што забралі сцяг. Суддзя ўсё прачытала на пасяджэнні, але сцяг не вярнулі.
— Я старалася пераканаць суд. Казала пра тое, што сцяг у машыне — гэта мая асабістая думка, якую, па Канстытуцыі, я маю права выказваць. Пра тое, што бел-чырвона-белы сцяг яшчэ не так даўно быў дзяржаўным, што гэта наша гісторыя і Лукашэнка даваў пад ім прысягу. І пра тое, што герб Пагоня, які быў на маім сцягу, унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. І ўвогуле, у мяне ж не свастыка была ў машыне, — дзеліцца Ілона.
У выніку маладзечанку прызналі вінаватай у тым, што яна праводзіла пікетаванне, і прысудзілі штраф у 150 базавых, а гэта 4 350 рублёў.
— Я, канешне, усяго чакала. Ну 45 базавых, ну 50. Але штрафу такога памеру нават у думках не было.
Крыўдна нават не ад памеру штрафу
Ілона прызнаецца: і па першай, і па другой справе будзе абскарджваць прыгаворы ва ўсіх інстанцыях пачынаючы з абласнога суда і заканчваючы Вярхоўным. А пасля, магчыма, звернецца і ў міжнародныя арганізацыі.
— Крыўдна нават не ад памеру штрафу, а ад таго, што ты, прафесійна ведаючы законы, не можаш нічога зрабіць.
Дарэчы, калі ў 2010 годзе я паступіла вучыцца ў Беларускі інстытут правазнаўства, на адной з самых першых лекцый выкладчык сказаў нам: «Будзьце гатовыя да таго, што законы ў нас ёсць, толькі яны не працуюць». Але я іду законным шляхам, абскарджваю прыгаворы, збіраю ўсе паперы з прозвішчамі і пасадамі ў папку. І лічу, што некалі гэтыя дакументы абавязкова спатрэбяцца.