Пра падпісанне дэкрэта аб’явіў тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі. Але дакумент пакуль не апублікаваны на сайце цэнтра прававой інфармацыі.
У выпадку гібелі першай асобы з-за замаху, здзяйснення акта тэрарызму, знешняй агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеянняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасці з рашэннямі Рады Бяспекі, на пасяджэннях якога кіруе прэм'ер-міністр.
Пры гэтым на тэрыторыі краіны неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Радай Бяспекі вызначаецца пералік мер па іх забеспячэнні. Рашэнні Рады Бяспекі абавязковыя для ўсіх і патрабуюць безумоўнага выканання.
Асноўным пытаннем будзе пытанне правядзення выбараў. Рада Бяспекі з удзелам кіраўнікоў аблвыканкамаў прымае рашэнне аб іх правядзенні.
Для падпісання дэкрэта Аляксандр Лукашэнка выбраў Дзень Перамогі 9 Мая.
Пратэсты супраць 26-гадовага кіравання Аляксандра Лукашэнкі не спыняюцца ад 9 жніўня, дня апошніх прэзідэнцкіх выбараў, на якія не былі дапушчаныя і пасля якіх былі зняволеныя ўсе асноўныя канкурэнты Лукашэнкі.
У выніку апазіцыю аб'яднала жонка аднаго з вязняў, Сяргея Ціханоўскага, Святлана Ціханоўская. Падчас падаўлення пратэстаў загінула 5 іх удзельнікаў, адбылося 34 911 затрыманняў, было заведзена больш за 3000 крымінальных спраў палітычнага характару. Еўропа не ведала такой хвалі палітычных рэпрэсій ад часоў фашысцкага рэжыму «чорных палкоўнікаў» у Грэцыі 1970-х.