У пракат выходзіць фільм «Змярканне. Сага: Світанне — Частка 2» — заключная серыя вампірскай гісторыі кахання з Робертам Пацінсанам і Крыстэн Сцюарт.

Пакуль ператвораная нарэшце ў вампіра Бэла (Крыстэн Сцюарт) атрымлівае асалоду ад новага поўнага фарбаў і гукаў свету, а таксама ад пасцельных уцехаў з каханым Эдвардам (Роберт Пацінсан), не шкадуючы пра пакінутую чалавечую немач, яе нованароджаная дачка расце не па днях, а па гадзінах (і вырастае ў юную артыстку і мадэль Макензі Той) на руках клапатлівага вампірскага сямейства Каленаў і яшчэ больш клапатлівага экс-закаханага пярэваратня Джейкаба (Тэйлар Лотнер). Цалкам атрымаць асалоду ад новага жыцця, з якога канчаткова знікаюць людзі, перашкаджаюць толькі няўрымслівыя італьянскія інтрыганы Вальтуры. Даведаўшыся пра цуда-дзіця, яны збіраюць суд, прысуд якога вядомы загадзя — смерць Каленам.

У дэталі справы следства ўдавацца не збіраецца, але абвінавачаныя ўсё ж збіраюць па свеце каманду сведак абароны, якія пры пэўным раскладзе могуць стаць і маленькай рэвалюцыйнай арміяй.

На нейкі час «Змярканне» ператвараецца ў агляд талентаў рэгіёнаў планеты:

амазонская туземка выклікае галюцынаторныя відзежы, лонданскі індус то дурэе з вадой у басейне, то агонь без запалак арганізуе (але называецца гэта грозна — «кіруе стыхіямі»), яшчэ адна несмяротная можа ўдарыць токам. Меркаваны праціўнік таксама выяўляе новыя здольнасці. Справа рухаецца да вялікай, з выкарыстаннем спецэфектаў бойкі, не прадугледжанай ў рамане.

Але ў рамане канфлікт наогул вырашаецца неяк занадта мірна і разумна — у кіно так не мае быць.

Прыемна ўсё ж не ведаць сюжэт да прагляду, каб ацаніць два калектыўныя ўздыхі, што пралятаюць над залай бліжэй да фіналу. Адзін — натхнёны і пераходзячы ў апладысменты, калі чарговая галава пакідае плечы. І другі, трохі расчараваны, калі высвятляюцца абставіны, што змяняюць расклад папярэдняга эпізоду.

Падрыхтаваны сюрпрыз абясцэньвае адступленне ад літары першакрыніцы. Кінасага перакульвае на кнігу журавінавы сок, што прыкідваецца на хвіліну крывёю. Адразу ўспамінаецца і тое, што Калены — нібы выйшли з сітуацыйнай камедыі, і тое, што патэнцыйна здольным перайграць іх артыстам (Майкл Шын, Дакота Фанінг, Джэймі Кэмпбэл Бауэр) дасталіся занадта пляскатыя ролі Вальтуры. І тое, што было вядома ад самага пачатку: пад іскрыстай на сонца каменна-халоднай скурай не цячэ кроў і не б’ецца сэрца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?