Гэта вынікае з зачытаных 27 кастрычніка ў судзе характарыстык Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
Паводле характарыстык з сярэдняй школы № 35 Віцебска, выдадзеных у розны час, Канавалаў быў акуратны, меў сярэднія здольнасці, па большасці прадметаў паспяваў на «здавальняюча» і «добра», наведваў дадатковыя заняткі па хіміі, нават удзельнічаў у раённых алімпіядах, са старэйшымі быў ветлівым, тактычным, спакойным, вытрыманым. У той жа час на ўроках быў пасіўны, безыніцыятыўны. У характарыстыцы, выдадзенай пасля 10 класа, значыцца, што Канавалаў меў высокі інтэлект, меў асаблівыя поспехі ў хіміі. У атэстаце пасля школы ў яго самая высокая ацэнка 8 балаў была менавіта па хіміі. У характарыстыцы таксама ўказвалася, што Канавалаў мае жорсткі і ўпарты характар, у працоўных справах не ўдзельнічаў, у школе не затрымліваўся і заўсёды спяшаўся дамоў.
Як стала вядома з апублікаваных матэрыялаў, ён вучыўся па спецыяльнасці «тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў» і стаў краўцом
Падчас працы грузчыкам у магазіне «Веста» вызначаўся стараннасцю. З боку кіраўніцтва заўваг да яго не было.
Спецыяльнасць токара Канавалаў атрымаў у ліцэі № 5 Віцебска, які скончыў з сярэднім балам 7,3. У характарыстыцы адзначаецца яго цікавасць да прафесіі і здольнасці да яе. Гаворыцца, што Канавалаў быў настойлівы ў дасягненні вынікаў.
Станоўчая характарыстыка на яго была выдадзена на Віцебскім заводзе трактарных запчастак, дзе Канавалаў працаваў да і пасля арміі. Ён названы старанным работнікам, ураўнаважаным, спакойным, не схільным да канфліктаў. Парушэнняў працоўнай дысцыпліны не дапускаў.
У характарыстыках з усіх месцаў вучобы і працы адзначаецца, што Канавалаў ва ўжыванні алкаголю і наркотыкаў заўважаны не быў.
Са здавальняючага боку Канавалава ахарактарызаваў мясцовы ўчастковы. Паводле яго звестках, аднойчы ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
У матэрыялах ёсць тры характарыстыкі, якія адносяцца да часу службы ў арміі і пасля яе. У першай гаворка ідзе аб тым, што малодшы сяржант, намеснік начальніка разліку зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку, у калектыве карыстаецца аўтарытэтам, праяўляе разумную ініцыятыву. У адной з характарыстык, дадзеных у красавіку 2011 года, Канавалаў характарызуецца ўжо з адмоўнага боку. Адзначаюцца яго нізкія арганізатарскія здольнасці, адсутнасць аўтарытэту ў калег, схільнасць да падману, скрытнасць. Таксама паведамляецца, што пасля 6 месяцаў службы Канавалаў практычна страціў да яе цікавасць. На крытыку старэйшых начальнікаў рэагаваў спакойна, але належных вывадаў не рабіў. Пры гэтым грубых парушэнняў воінскай дысцыпліны не меў.
У другой характарыстыцы Канавалаў характарызуецца як са станоўчага, так і з адмоўнага боку.
Адзначаюцца, у прыватнасці, яго нізкіямаральна-дзелавыя якасці, адсутнасць разумнай ініцыятывы, спакойны характар.
Паводле даных участковага міліцыянера, Уладзіслаў Кавалёў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіванне спіртных напояў у грамадскіх месцах, але асаблівых заўваг адносна ладу жыцця да Кавалёва ўчастковы не меў. У характарыстыцы, выдадзенай у СШ № 35, адзначаюцца сярэднія здольнасці Кавалёва, зніжэнне цікавасці да вучобы ў старэйшых класах, адсутнасць ініцыятывы, схільнасць да хлусні. У школьныя гады Кавалёў захапляўся тэхнікай і музыкай.
На прадпрыемствах у Мінску і Віцебску, дзе пасля школы працаваў Кавалёў, таксама адзначалі адсутнасць у яго ініцыятывы, пры гэтым у характарыстыках гаворыцца, што з даручанай працай ён спраўляўся, быў тэхнічна адукаваным, дысцыпліну не парушаў, быў ветлівы і тактычны. Былыя калегі па працы характарызуюць яго са станоўчага боку, аднак указваюць на яго скрытны характар.