Думаю, многім вядома, што ў Беларусі недзе з пачатку стагоддзя функцыянуе лакальная копія Yahoo, «партал № 1» — Tut.by.
Учора з tut.by адбылася гісторыя, якая і паслужыла падставай да гэтага артыкула.
Для тых, хто не вельмі ў тэме, — невялікія ўводзіны, жыхарам і тым, хто нядаўна скраў трактар, гэты абзац можна прапусціць.
Беларуская медыйная рэальнасць такая, што хочацца знайсці нарэшце краіну, якую паказваюць па тэлевізары і пра якую пішуць газеты, каб жыць у ёй і радавацца. Гэта самае прыгожае, найлепшае на зямлі, месца, дзе ўсе роўныя, а заўтра будзе лепш, чым учора. Пакуль пошукі беспаспяховыя, а тыя, хто страціў надзею шукаць і сумняецца, што жыве ў гэтым месцы, атрымліваюць турэмныя тэрміны, іх б’е міліцыя, іх прынята ганьбіць і ненавідзець як праклятых грантасмокаў, пятую калону — здраднікаў Радзімы.

Дык вось, учора вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі быў запрошаны ў студыю TUT.BY-ТБ праспяваць некалькі песняў, пагаварыць пра творчасць і развесці даволі сумны эфір інтэрнэт-тэлевізара сваёй персонай. Мне Вольскі цікавы, выдатны таленавіты чалавек, з добрай музыкай, з гэтым можна не згаджацца, пра густы не спрачаюцца, і кожны можа слухаць і глядзець, што яму падабаецца, правільна?

Лявон казаў роўна тое, што думаюць многія, а ведаюць усе, казаў цалкам адэкватна, не пафасна, без абразаў і без палітыкі, наколькі гэта магчыма. Ён назваў чорнае чорным, а белае белым, не больш.
Дзесьці ў сярэдзіне эфіру Лявон пачаў спяваць пацешную песеньку «Маналог Саўкі», звычайную сатыру, над якой разумны ўсміхнецца, а дурань… ён з навакольнай рэчаіснасці смяяцца не ўмее, а таму можа і пакрыўдзіцца. Дурнем у дадзенай сітуацыі выступілі tut.by і… выключылі трансляцыю.

Вось пра гэта і хацелася пагаварыць. Пытанні рэфлексіі і развагі на тэму велічы і нізкасці чалавечай асобы мы пакінем класікам літаратуры і філасофіі, а самі спынімся на сумнай канстатацыі факту.

Тut.by паказаў, чаго ён варты, як чалавек, які прайшоў міма бойкі, дзе трое б’юць аднаго. І ў прынцыпе гэта не здзіўляе, каго ў таталітарным грамадстве можна здзівіць самацэнзурай?

Засмучае не самацэнзура, засмучае матывацыя.
На старонцы ў Фэйсбуку дырэктар tut.by, яго нязменны фронтмэн Юрый Зісер пачаў апраўдваць свой страх правакацыяй з боку Вольскага, яго самапіяру, а сваіх супрацоўнікаў вінаваціць у недаглядзе, чытай, адсутнасці таго самага страху «як бы чаго не выйшла». Брыдка, як заўважаюць у каментарах.

Я не ведаю Юрыя Зісера асабіста, але хацелася б яму адказаць. Юрый Анатольевіч, мне вельмі шкада, але сам факт вашага існавання, ваш зборны вобраз, — квінтэсенцыя сучаснага беларускага прадпрымальніка: трохі дзяржаўнай дапамогі (права на адміністраванне.by дарэчы), трохі, несумненна, таленту і навыкаў, крыху ўдачы і самае галоўнае — тое дзіўнае, амаль жывёльнае разуменне свайго месца і сваёй ролі ў гэтай шакальскай сістэме каштоўнасцяў, зборы няпісаных правілаў, пра якія лепш маўчаць. Менавіта ў гэтым Вашая заслуга, і менавіта таму ніхто не зробіць лепш за tut.by, чаго Вы патрабуеце ў каментарах на FB. Можаце быць спакойны за сваё месца, яго ніхто не адбярэ.

Оруэл напісаў, што свабода — гэта сказаць, што двойчы два роўна чатыры. Сёння Вы спрабуеце давесці, што гэта не так, сказіць рэальнасць. Нікчэмна і па-дурному. Прасцей проста прызнаць, што Вы спалохаліся, як баіцца большасць з нас. Але Вы гэтага не зробіце, таму што прызнаўшы, што спалохаліся, прызнаеце, што ёсць чаго баяцца. А пра гэта людзі Вашага становішча ведаюць, але па тых самых няпісаных правілах будуць маўчаць.

Вы зарабляеце шмат грошай, у Вас ёсць вялікі трафік, медыйны ўплыў і шмат карыстальнікаў. Але мне вельмі не хочацца, каб tut.by быў тварам байнэту. Мне хочацца, каб у памяці засталіся толькі Вашыя маленькія агідненькія ўчынкі, якія Вы будзеце спрабаваць закрычаць мантрай «ну падумаеш, выключылі эфір, хіба гэта так важна». Так, гэта важна, лепш не хлусіць сабе і памятаць пра гэта.

Лёгкі update. З мантрай я не адгадаў, яна гучыць так: «Атрымаўся класны піяр Лявону, ды і нам — мне сёння ўсё выказваюць рэспект. А нашыя зайздроснікі прысаромленыя».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?