Марыю Карыну Мачада, палітыка з 30-гадовым стажам, да выбараў не дапусцілі. Фота: Ariana Cubillos / AP

Марыю Карыну Мачада, палітыка з 30-гадовым стажам, да выбараў не дапусцілі. Фота: Ariana Cubillos / AP

Галоўная апазіцыйная кааліцыя Венесуэлы з трэцяй спробы змагла зарэгістраваць кандыдата на ліпеньскіх прэзідэнцкіх выбарах. Першых дзвюх кандыдатак улады заблакавалі, піша Бі-бі-сі.

Кааліцыя «Адзіная платформа» (Plataforma Unitaria, PU) у сераду абвясціла, што дзякуючы падаўжэнню тэрміну рэгістрацыі для адной з партый, якія ўваходзяць у яе, здолела зарэгістраваць кандыдатам у прэзідэнты былога дыпламата Эдмунда Гансалеса.

Пры гэтым апазіцыянеры падкрэслілі, што Гансалес будзе часовым кандыдатам, зарэгістраваным толькі таму, што ў іх пакуль няма магчымасці зарэгістраваць таго, каго яны хацелі. Паводле венесуэльскіх правілаў, партыі да 20 красавіка могуць замяняць кандыдатаў.

Апазіцыйным кандыдатам трэба будзе пазмагацца з прэзідэнтам Нікаласам Мадура, наступнікам памерлага ў 2013 годзе Уга Чавеса.

«Адзіная платформа» спачатку абрала сваім кандыдатам 56-гадовую Марыю Карыну Мачада — дасведчанага палітыка, былога дэпутата парламента і аднаго з лідараў апазіцыі. Мачада сабрала на праймерыз апазіцыі больш за 90% галасоў, і вакол яе фігуры аб'ядналіся самыя розныя апазіцыйныя партыі, у тым ліку тыя, што ваявалі паміж сабой.

Аднак яшчэ да праймерыз венесуэльскія ўлады абвінавацілі Мачада ў супрацоўніцтве з Хуанам Гуайдо і падтрымцы санкцый супраць Венесуэлы і на 15 гадоў забаранілі ёй удзельнічаць у выбарах. Яна падала апеляцыю, але Вярхоўны суд, укамплектаваны прыхільнікамі Мадуры, скаргу адхіліў.

Перад самым закрыццём часавага акна для рэгістрацыі кандыдатаў, у мінулую пятніцу, апазіцыйная кааліцыя вырашыла зарэгістраваць замест Мачада 80-гадовую навукоўцу Карыну Ёрыс.

Аднак спробы ўнесці яе кандыдатуру ў спіс натыкнуліся на непераадольную перашкоду. Апазіцыянеры запісалі і распаўсюдзілі ў сацсетках відэа, у якім яны шмат разоў спрабуюць залагініцца на сайце выбарчай камісіі — і не могуць гэтага зрабіць.

Пасля гэтага, аднак, улады працягнулі тэрмін рэгістрацыі кандыдата адной з партый кааліцыі — і апазіцыянеры зарэгістравалі Гансалеса.

Усяго ў выбарах прэзідэнта Венесуэлы 28 ліпеня, у дзень 70-годдзя нябожчыка Уга Чавеса, акрамя Нікаласа Мадура, возьмуць удзел 12 кандыдатаў, але частка з іх лаяльная

Мадура збіраецца пераабрацца ўжо на трэці шасцігадовы тэрмін. У лютым ён заявіў сваім прыхільнікам: «Мы пераможам — не мыццём, так катаннем. Мы заўсёды будзем перамагаць».

Эканоміка Венесуэлы ў апошнія тры гады выйшла з піке, у якое звалілася ў 2012 годзе ў выніку левай папулісцкай палітыкі Чавеса і затым Мадуры.

Аднак пра аднаўленне гаворкі пакуль няма: ВУП на душу насельніцтва ў краіне, якая валодае найбуйнейшымі ў свеце запасамі нафты, цяпер прыкладна ў чатыры разы меншы, чым 12 гадоў таму.

Чытайце таксама:

Венесуэльскія ўлады дамовіліся з ЗША і выпусцілі палітзняволеных

Вайны не будзе. Венесуэла і Гаяна дамовіліся не звяртацца да сілавога вырашэння канфлікту

Мадура абвясціў частку Гаяны 24-м штатам Венесуэлы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
5