Фота: AP Photo/Alexander Zemlianichenko

Фота: AP Photo/Alexander Zemlianichenko

Натуральна, пры цяперашнім стане дэмакратыі ў Расіі наіўна было б меркаваць, што выбары паводле афіцыйных звестак у прынцыпе можа выйграць хтосьці яшчэ, апрача дзейнага кіраўніка. Пуціну цяпер адступаць няма куды, занадта шмат ім наламана дроў і пяройдзена рубіконаў, каб гуляцца ў нейкі плюралізм і дапускаць хоць бы куртатую канкурэнтнасць.

Несумненна, што пры любой сітуацыі было б аб'яўлена пра ягоную аглушальную перамогу, а ў выпадку неабходнасці, калі б па краіне выбухнулі пратэсты, Пуцін без ваганняў аддаў бы загад на іх жорсткае сілавое задушэнне. І загад гэты знайшлося б каму выконваць.

Але пры правядзенні такіх кампаній аўтарытарнымі рэжымамі галоўны сэнс не ў тым, каб проста адбыць нумар і застацца пры ўладзе любой цаной. Важнае перадусім правядзенне кампаніі так, каб пасля яе не ўзнікала ўражання, што адзіная твая апора — «штыхі», а рэальная падтрымка народа страчаная. Іншымі словамі, задача ў тым, каб нават імітацыйныя выбары садзейнічалі ўмацаванню тваёй нібыта легітымнасці, а не яе прасяданню.

У гэтым сэнсе можна сказаць, што спецаперацыю пад назвай «перавыбары» Пуціну ўдалося правесці проста бліскуча, асабліва ўлічваючы тое, што праводзілася яна праз два гады не надта паспяховай вайны і ўсяго таго, што з ёй звязана. Унутраную легітымнасць Пуціна, як гэта адбылося ў 2020 годзе з Лукашэнкам у Беларусі, паставіць пад сумнеў не ўдалося.

Вядома, намаляваныя Пуціну ашаламляльныя працэнты зусім не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі з ягонай папулярнасцю, але ўсё ж такі і адчування таго, што за ім насамрэч няма ніякай, нават самай мінімальнай большасці грамадства, у ходзе выбарчай кампаніі і па яе выніках, як выглядае, не з'явілася.

То-бок расійская апазіцыя і патэнцыйна пратэсная частка грамадства не пазбавіцца адчування «вывучанай бездапаможнасці». Якраз наадварот, яно мае шанец толькі ўзмацніцца.

Поспехам для расійскай апазіцыі было б, каб пасля гэтых выбараў у яе з'явіўся аналаг беларускай Ціханоўскай, то-бок чалавек, за якога як альтэрнатыўнага кандыдата прагаласавала на фальсіфікаваных выбарах большасць ці прынамсі значная частка насельніцтва і які таму можа дазволіць сабе гаварыць ад яго імя і прадстаўляць яго інтарэсы калі не ўнутры краіны, то прынамсі на міжнароднай арэне.

Але не будзе і гэтага, бо ў бюлетэнях увогуле не было прозвішча чалавека, які б успрымаўся як рэальная альтэрнатыва Пуціну і за якога расійскія антыпуцінцы ішлі б усвядомлена аддаць свой голас, хай сабе і сімвалічна. Статус-кво, такім чынам, не памяняецца.

Ці варта беларусам у такой сітуацыі злараднічаць і кпіць з расійскай апазіцыі? Вядома, не. Наш уласны лёс непасрэдна залежыць ад дэстабілізацыі сітуацыі ў Расіі, на падтрымцы якой трымаецца беларуская дыктатура.

І тое, што важную выбарчую кампанію, якая ў любой сітуацыі з'яўляецца патэнцыйна дэстабілізацыйным момантам, пуцінскаму рэжыму ўдалося прайсці без вялікіх выдаткаў — з'ява непрыемная ў тым ліку і для нас.

Дый у сваім уласным багажы мы падобных сітуацый за амаль 30 гадоў лукашэнкаўскага маем аж занадта, таму мусім разумець як ніхто, што не ўсё ў «зацэментаваных» сітуацыях на самай справе так лёгка і проста змяніць не на словах, а на справе.

Галоўнае ж, што важна разумець — у падобных выпадках далёка не ўсё залежыць ад апанентаў улады.

Для таго, каб разварушыць замацярэлую сістэму, у якой усё «схвачана», абавязкова таксама трэба, каб табе спрыяла агульная кан'юнктура. Гэта значыць, уладам напярэдадні ці падчас кампаніі мусяць прылятаць нейкія звычайна цяжка прагназаваныя і часта зусім незалежныя ад нечых намаганняў «чорныя лебедзі», якія прынамсі часткова парушаюць загадзя распісаны сцэнарый і прымушаюць пры спробах выправіць сітуацыю рабіць памылкі, якімі апаненты карыстаюцца.

Такая сітуацыя «ідэальнага шторму» склалася ў Беларусі ў 2020 годзе, і ўвесь свет пабачыў вынікі. А вось у ходзе цяперашняй расійскай кампаніі такога не адбылося, таму яна ад пачатку і да канца заставалася пад поўным кантролем уладаў.

Сваю ролю адыграла і тое, што пуцінская каманда яўна добра прааналізавала беларускі ўрок 2020 года і зрабіла з яго высновы. Менавіта з нежаданнем магчымага паўтарэння памылкі Лукашэнкі яўна звязана тое, што Барыса Надзеждзіна, які патэнцыйна мог бы стаць цэнтрам аб'яднання для апазіцыйных сіл на антываеннай платформе, проста не зарэгістравалі. Вырашылі абысціся нават без бачнай прысутнасці, прынамсі, паводле самапрэзентацыі рэальна апазіцыйнага кандыдата.

Бо беларускі кейс паказаў, што недаацэнка такіх кандыдатаў, калі даць ім магчымасць легальнай агітацыі, можа вылезці бокам. А загнаць гэтага джына назад у бутэльку можа каштаваць вялікіх выдаткаў. Іншых жа рэальна дзейных механізмаў для скарыстання выбарчай кампаніі апазіцыяй у цяперашняй сітуацыі аб'ектыўна не было. Адгэтуль і сумны вынік.

Таму расіянам-антыпуцінцам застаецца толькі перагортваць гэтую старонку і ісці далей. «Чорныя лебедзі» да крамлёўскага клана непазбежна будуць прылятаць, асабліва ва ўмовах незавершанай вайны, таму будуць з'яўляцца і шанцы. Адно што толькі найбліжэйшыя 6 гадоў яны не будуць прывязаныя да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Калі, вядома, у сітуацыю не ўмяшаецца біялогія ці які-небудзь іншы форс-мажор. Чаго таксама пры цяперашняй агульнай турбулентнасці выключаць зусім нельга.

Чытайце таксама:

МЗС Германіі не будзе называць Пуціна прэзідэнтам Расіі

ЦВК Расіі заявіў пра рэкордную яўку

Пуціна віншуюць з перамогай на выбарах кіраўнікі «сяброўскіх краін»

ЦВК: Пуцін перамагае на выбарах з рэкорднымі 87,33%. А ў Чачні ў яго наогул 99%

Як у Расіі і за межамі праходзіць акцыя «Апоўдні супраць Пуціна»

Клас
12
Панылы сорам
8
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
24
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?