Contributor / Getty Images

Contributor / Getty Images

Кіраўнікі шэрагу так званых дружалюбных Расіі краін павіншавалі Уладзіміра Пуціна з перамогай на выбарах прэзідэнта, у якіх ён у адсутнасць рэальнай палітычнай канкурэнцыі балатаваўся на пяты тэрмін.

Як вынікае з паведамленняў агенцтваў, першым з замежных лідараў Пуціна павіншаваў прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура, легітымнасць якога ставілі пад сумненне Злучаныя Штаты. Ён назваў Пуціна «старэйшым братам» і сказаў, што яго перамога дапаможа будаваць «шматпалярны свет». Віншаванні Пуціну накіравалі таксама лідары Кубы, Нікарагуа, Балівіі, Гандураса, піша Радыё Свабода.

Пуцін таксама атрымаў віншаванні ад кіраўнікоў Паўночнай Карэі і М'янмы, з якімі Масква цесна супрацоўнічае ў сферы паставак зброі.

Паведамляецца таксама пра віншаванні ад лідараў Узбекістана і Таджыкістана, прарасійскага кіраўніка баснійскай Рэспублікі Сербскай Міларада Додзіка і дзеячаў малдаўскай прарасійскай апазіцыі. Пуціна павіншаваў таксама МЗС Кітая. Пакуль не было паведамленняў аб віншаваннях ад старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Лукашэнка пазней у тэлефоннай размове павіншаваў Пуціна з перамогай на выбарах «ад сябе асабіста і ад імя ўсяго беларускага народа».

Віншаванняў ад заходніх лідэраў у адрас Пуціна няма — за выключэннем саркастычнага твіту кіраўніка Еўрарады Шарля Мішэля, які павіншаваў Пуціна з перамогай яшчэ 15 сакавіка, указаўшы на прадказальнасць вынікаў выбараў. У канцылярыі прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера наўпрост заявілі, што ён Пуціна віншаваць не будзе. Знешнепалітычныя ведамствы шэрагу краін абмежаваліся канстатацыяй, што выбары ў Расіі былі несвабоднымі і далёкімі ад дэмакратычных стандартаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце ў нядзелю заявіў, што Пуцін «імітаваў» выбары прэзідэнта. Па словах Зяленскага, Пуцін «проста захварэў уладай і робіць усё, каб кіраваць пажыццёва». Украінскі прэзідэнт зазначыў, што ніякай легітымнасці «ў гэтай імітацыі выбараў няма і быць не можа». Ва Украіне афіцыйна забаронена весці якія-небудзь перамовы асабіста з Пуціным.

Чытайце таксама:

ЦВК: Пуцін перамагае на выбарах з рэкорднымі 87,33%. А ў Чачні ў яго наогул 99%

Пуцін пракаментаваў смерць Навальнага. І сказаў, што быў згодны яго абмяняць

Пуцін заявіў пра магчымасць стварэння «санітарнай зоны» на ўкраінскіх тэрыторыях

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
12
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5