Скрыншот відэа ў тыктоку @Kristina_la_la_la

Скрыншот відэа ў тыктоку @Kristina_la_la_la

Дзяўчына, якую завуць Крысціна, вядзе блог у тыктоку і называе сябе маркетолагам-авантурыстам з філалагічнай адукацыяй.

— Я як старанная студэнтка здала сесію без хвастоў. І думаю: дай аплачу загадзя. Сесія заканчвалася ў лютым, і я заплаціла ў пачатку студзеня. Сяджу, чакаю наступны семестр. У канцы лютага прыходзіць мне ліст з універа, што я ў спісе на адлічэнне.

Канечне, гэта навіна вельмі здзівіла дзяўчыну і яна пачала высвятляць, што ж адбылося.

− Ва ўніверсітэце мне кажуць: «Слухайце, мы вельмі лаяльныя, але, на жаль, не можам чакаць аплаты так доўга, таму вы ў загадзе на адлічэнне».

Блогерка пачала прасіць даць ёй магчымасць высветліць, куды ж знікла аплата. Усё ж такі на коне паўгода яе жыцця: аднаўляцца — значыць, і пісаць новую курсавую, і атрымаць шмат іншых праблем на роўным месцы.

У Тэхнабанку, праз які Крысціна пералічыла грошы на рахунак ВНУ, параілі ёй напісаць запыт і два тыдні чакаць адказ.

− Я кажу: «Вы што, жартуеце ўсе?» Я еду ў банк, а мне кажуць: «Мы нічым не можам дапамагчы». Я кажу: «Дык вярніце грошы». А яны мне кажуць: «А мы не можам». Нейкую ліцэнзію яны не атрымалі і не маюць доступу да сістэмы.

У каментарыях дзяўчына ўдакладніла, што сродкі павіны былі пералічыць праз расійскую сістэму грашовых пераводаў CONTACT. На сайце Тэхнабанка напісана: «У сувязі з адкліканнем ліцэнзіі ў АТ «Ківі Банк» (Расія), які заяўлены як аператар плацежнай сістэмы Contact, праца названай сістэмы спынена».

Скрыншот сайту tb.by.

Скрыншот сайту tb.by.

У расійскай плацежнай сістэме «Ківі» ў канцы лютага насамрэч забралі ліцэнзію. Кашалькі замарожаныя, плацяжы не праходзяць.

Сума ў Крысціны прапала не касмічная — у наступным відэа блогерка ўдакладніла, што гаворка ідзе прыкладна пра 300 долараў. Але ж праз тое, што яна не ведала, што ўніверсітэт іх не атрымаў, у дзяўчыны пачаліся праблемы. Вучыцца Крысціна дыстанцыйна ў Маскоўскім міжнародным універсітэце — да канца вучобы ёй засталося паўтара года. Пры ўмове, вядома, што атрымаецца пазбегнуць адлічэння. Больш за ўсё блогерку абурае той факт, што ніхто не паведаміў ёй пра тое, што ўніверсітэт не атрымаў яе аплату.

За два дні відэа набрала мільён праглядаў і амаль 12 тысяч лайкаў.

А эпапея дзяўчыны працягваецца:

− Я толькі што чацвёрты раз выслухала ўсё тое самае: «Сістэма не працуе, паглядзець, каму мы перавялі грошы, а каму не, не можам. Юрысты разбіраюцца. Напішыце зноў на тую пошту, якая пазначана на сайце». Лягчэй ад гэтага не стала. Адзінае, я апісала сітуацыю ў кнізе скаргаў у надзеі, што мне на яе нехта адкажа.

Пакуль што Крысціна адправіла квітанцыю аб аплаце ў свой універсітэт разам з лістом, у якім тлумачыць сітуацыю. Яна чакае, што вырашыць кіраўніцтва ВНУ. Кажа, што калі яе сапраўды адлічаць, то блогерка пойдзе пісаць скаргу ў суд.

Чытайце таксама:

Беларускую манету наміналам 1 рубель прадалі за 355 рублёў

З 1 сакавіка сілавікі могуць блакаваць грашовыя пераводы і займеюць пастаянны доступ да банкаўскай інфармацыі беларусаў

Калаўр знайшоў пазітыў для беларускага рубля ў санкцыях 

Клас
1
Панылы сорам
15
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
3