Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю чакае, што інфляцыя ў 2024 годзе складзе менш за 6%, заявіў кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў, піша «Спутнік».

«Па нашых разліках, сёлета мы не перавысім прагнозны параметр па інфляцыі — гэта не больш за 6 працэнтаў», — сказаў міністр у інтэрв'ю «СБ. Беларусь сёння».

Паводле яго слоў, ёсць чаканні, што інфляцыя будзе нават ніжэйшай, «калі не здарыцца знешніх форс-мажораў». 

«Пры гэтым некаторы «запас», якраз на непрадбачаныя выпадкі, у нас дакладна будзе», — запэўніў Багданаў.

Ён нагадаў, што па выніку 2023 года індэкс спажывецкіх цэн у Беларусі атрымаўся ніжэй за мэтавае значэнне і склаў 5,8%. Пры гэтым улады закладвалі прагноз у 7-8%.

Адным з фактараў, якія дазволілі ўтрымаць інфляцыю, выступае сістэма рэгулявання цэн на большасць тавараў у рамках урадавай пастановы №713. Акрамя таго, знізіліся сярэднія кошты імпарту на фоне ўмацавання беларускага рубля да валюты Расіі — асноўнага гандлёвага партнёра Беларусі.

У МАРГ адзначаюць, што за 2023 год айчынная валюта ўмацавалася да расейскай прыкладна на 10,5%.

«Акрамя гэтага, зменшыліся сусветныя цэны на сыравінныя і харчовыя тавары, а таксама цэны вытворцаў сельгаспрадукцыі на фоне запаволення росту выдаткаў. Патаннела і паліва, прыкладна на 4,2%, што адбілася на кошце лагістыкі», — падкрэсліў кіраўнік МАРГ.

У снежні эксперты Еўразійскага банка развіцця зрабілі прагноз па ўзроўні інфляцыі ў Беларусі па выніках 2024 года. Яны лічаць, што рост узроўню цэн складзе 8 працэнтаў.

Свае довады аналітыкі аргументуюць тым, што ў 2024 годзе магчымае паслабленне беларускага рубля да расейскага і падвышаная інфляцыя ў РФ — гэтыя фактары будуць аказваць праінфляцыйны ўплыў на беларускі рынак.

Чытайце таксама:

Сярэдні заробак у студзені спікіраваў адразу на 280 рублёў. Але не спяшайцеся засмучацца

Попыт на валютныя ўклады падае, а продажы нерухомасці б'юць рэкорды. У чым прычына?

ЕАБР прагназуе беларускай эканоміцы самы хуткі рост за 10 гадоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0