Ганна Герман. Фота Wikimedia Commons

Ганна Герман. Фота Wikimedia Commons

Ганна Герман нарадзілася 14 лютага 1936 года ў горадзе Ургенч ва Узбекістане ў сям'і нашчадкаў нямецкіх і галандскіх перасяленцаў. Яе бацьку арыштавалі па фальшывым абвінавачанні ў шпіянажы і расстралялі, калі дзяўчынцы быў адзін год. Сям'я пра гэта даведалася толькі праз 20 гадоў, калі мужчына быў рэабілітаваны. Праз год пасля арышту бацькі ў сям'і здарылася яшчэ адно гора — памёр малодшы брат Ганны.

Ганна Герман Анна Герман Anna German

Злева направа: маці Ірма, бацька Яўгеній, маленькая Ганна і яе бабуля Ганна. Скрын відэа GLOSNADZIEI / YouTube

Пасля арышту бацькі дзяўчынка разам з маці часта мянялі месца жыхарства. У 1942 годзе яе маці выйшла замуж другі раз — за паляка, які пайшоў ваяваць у складзе 1-й пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі. Мужчына знік без вестак, але шлюб з палякам даў сям'і права ў 1946 годзе выехаць у Польшчу, што давала магчымасць збегчы з савецкага пекла.

Ганна Герман Анна Герман Anna German

Ганна Герман разам з сваёй маці Ірмай. Скрын відэа Glosnadziei / YouTube

Ганна Герман выдатна спявала і добра малявала, ў юнацтве яна марыла стаць мастаком. Але яе маці і бабуля лічылі, што такая адукацыя не зможа пракарміць яе ў будучыні, і пасля гімназіі Ганна паступіла на геалагічны факультэт Уроцлаўскага ўніверсітэта і паспяхова скончыла яго.

Шлях да славы

У студэнцкія гады дзяўчына выступала на сцэне моладзевага тэатра «Каламбур» і сур'ёзна захапілася эстрадай. Пасля ўніверсітэта ў 1962 годзе Герман атрымала дазвол на эстрадную дзейнасць і пачала выступаць з канцэртамі ў невялікіх польскіх гарадах.

Ганна Герман Анна Герман Anna German

Ганна Герман у пачатку кар'еры спявачкі. Скрын відэа Glosnadziei / YouTube

Трыумфам для спявачкі-пачаткоўцы стаў Міжнародны фестываль песні ў Сопаце ў 1964 годзе. Там яна выканала кампазіцыю «Танцуючыя Эўрыдыкі» і заняла першае месца сярод польскіх выканаўцаў і другое месца ў міжнародным рэйтынгу.

У тым жа годзе Ганна Герман дала свае першыя канцэрты ў СССР, Бельгіі ды іншых краінах. Вынікам вялікага гастрольнага туру стаў першы дыск, запісаны на фірме «Мелодыя», які разышоўся велізарным тыражом.

У 1965-м спявачка запісала кампазіцыю «Горад закаханых», якая стала папулярнай. У 1966 годзе Герман упершыню з'явілася ў кіно, сыграўшы невялікую ролю ў польскім фільме «Марскія прыгоды». Але акцёрская кар'ера Ганны Герман не задалася. Як акторка жанчына з'явілася яшчэ ў трох фільмах і толькі ў эпізадычных ролях.

У канцы 1966 Герман падпісала трохгадовы кантракт з італьянскай студыяй гуказапісу. Да таго часу ў СССР было прададзена больш за мільён яе пласцінак.

У 1967 годзе спявачка прадстаўляла Польшчу на фестывалі ў Сан-Рэма, але не прайшла ў фінал. Неўзабаве пасля гэтага яна адправілася ў рэкламны тур па Італіі. У ліпені таго ж года Герман выступіла на фестывалі песні ў Неапалі, стаўшы першым замежным удзельнікам за ўсю гісторыю фестывалю.

Аварыя і вяртанне на сцэну

Падчас гастроляў у Італіі Герман трапіла ў сур'ёзную аўтамабільную аварыю. Адбылася яна 27 жніўня 1967 года. Аўтамабіль са спявачкай урэзаўся ў бетонную загароду на дарозе паміж Фарлі і Міланам з-за таго, што менеджар Ганны заснуў за рулём. Спявачку выкінула на дарогу праз лабавое шкло. Герман атрымала пераломы і траўмы ўнутраных органаў і больш за тыдзень не прыходзіла ў прытомнасць. Паўгода яна ляжала нерухома, а затым праходзіла рэабілітацыю, ізноў навучаючыся хадзіць.

У 1970 годзе артыстка вярнулася на сцэну. Адной з першых песень, запісаных Герман пасля вяртання на сцэну, была «Надзея».

На 1970-я гады прыпаў пік папулярнасці спявачкі ў Савецкім Саюзе. Песні ў яе выкананні «Надзея», «Калі цвілі сады», «Пяшчота» гучалі на радыё і тэлебачанні. Цыкл тэлеперадач «Спявае Ганна Герман» выйшаў на экраны ў 1975 годзе. У тым жа годзе спявачка зрабіла гастрольны тур, падчас якога была ўпершыню выканана кампазіцыя «А ён мне падабаецца».

У 1977 годзе знакамітасць запрасілі на «Песню года», дзе яна выканала кампазіцыю «Рэха кахання».

Ганна Герман не пераносіла віну за гібель свайго таты на простых савецкіх людзей, яна аб'ездзіла з канцэртамі ўвесь Савецкі Саюз. Гэтыя выступы прыносілі ёй і вялікія ганарары, жыццё ў Польшчы тады было зусім незаможным.

Асабістае жыццё

Са сваім будучым мужам Збігневам Тухольскім Герман пазнаёмілася ва Уроцлаве ў 1960 годзе. Ён працаваў навуковым супрацоўнікам і прыехаў у горад па працы. Пазнаёміліся яны празаічна. Збігнеў папрасіў Герман дагледзець рэчы, пакуль ён выкупаецца ў рацэ.

Ганна Герман Анна Герман Anna German

Ганна Герман разам з мужам Збігневам. Скрын відэа Glosnadziei / YouTube

Некалькі гадоў пара жыла ў грамадзянскім шлюбе. Адносіны яны ўзаконілі толькі пасля таго, як Ганна патрапіла ў аўтакатастрофу. У маладосці артыстка была занятая кар'ерай, а ўпершыню зацяжарыла, калі ёй было 39.

Дактары адгаворвалі зорку ад родаў, улічваючы ўзрост і сур'ёзнасць перанесеных траўм. Але яна не пагадзілася на аборт і ў лістападзе 1975 года нарадзіла сына. Хлопец, якога назвалі Збігневам, як і тату, пайшоў па шляху бацькі і ў жыцці: ён стаў навукоўцам, даследчыкам гісторыі чыгункі. Яго галоўнай працай стала кніга «Тэхніка на службе дактрыны» пра планы перакідвання войскаў савецкага блоку.

Ганна Герман Анна Герман Anna German

Ганна Герман разам з сынам Збігневам. Скрын відэа Glosnadziei / YouTube

Хвароба

На піку папулярнасці ў Ганны Герман выявілі рак косткі. Страшны дыягназ дактары паставілі ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Увосень 1980 года, пасля вяртання спявачкі з канцэртаў у Аўстраліі, быў рэцыдыў захворвання. Ад выступаў прыйшлося адмовіцца. Сілы кончыліся. Спявачка не магла пакідаць дом. Яе муж змушаны быў звольніцца з працы для таго, каб даглядаць сваю каханую.

Герман, добры чалавек па жыцці, нягледзячы на ўсе пакуты, у апошнія гады прысвяціла сябе чытанню Бібліі, пісала псалмы і песні, прысвечаныя Богу, якія запісвала на хатні магнітафон.

Герман зрабілі некалькі аперацый. Дактары доўга змагаліся за яе жыццё, але перамагчы хваробу не змаглі. 25 жніўня 1982 гады спявачкі не стала.

У адным з інтэрв'ю Ганна Герман сказала:

«Я думаю, што ў кожнага з нас ёсць свая зорка. Гэта можа быць каханне, праца, мацярынства… Трэба толькі зрабіць усё, каб яе ззянне не згасла. Мая зорка — песня».

Чытайце яшчэ:

Спявачка Іна Афанасьева ледзь ачомалася пасля таго, як яе зваліў з ног нейкі вірус. І тое не да канца

Былая палітзняволеная спявачка Мэрыем Герасіменка выступіла з канцэртам у Варшаве

«Потым гэта напаткала і мяне!» Спявачка Каця IOWA падчас канцэрта расказала пра свае цяжкія роды

Клас
40
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
29
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?