Прааналізаваўшы даступныя, вельмі абмежаваныя матэрыялы, я зрабіў выснову, што прыярытэтная версія — атака з боку расійскіх вайскоўцаў. Верагодней за ўсё, з мэтай правакацыі і запалохвання насельніцтва на акупаванай тэрыторыі.

Чаму я зрабіў такую выснову? Для пачатку паглядзіце на фота з месца траплянняў. Будзьце асцярожныя, на фотаздымках целы загінулых. Адзін з боепрыпасаў трапіў у дрэва, што дае магчымасць вызначыць прыкладны сектар абстрэлу. Гэта захад — паўночны захад. Менавіта там знаходзіцца фронт.

Мы не бачым вялікіх варонак, якія былі б пры атацы 155-мм, 152-мм і 122-мм фугаснымі боепрыпасамі. Аднак пашкоджанні даволі магутныя для асобных касет касетных боепрыпасаў.

Па маштабах разбурэння падобныя на ўздзеянне 122-мм ракет «Граду» або іншых малакаліберных РСЗА.

Але ў такім выпадку амаль заўсёды маюцца буйныя абломкі, часта яны нават тырчаць з варонак. Калі яны былі, то чаму не патрапілі на відэа ці фота?

Наогул, ніякіх істотных абломкаў, у тым ліку 155-мм снарадаў (а гэта афіцыйная версія расійскіх уладаў), не паказалі.

Акрамя таго, траплянне 155-мм снарада сур'ёзна б разбурыла і абпаліла машыны вакол варонкі. 122-мм РСЗА зрабіла б тое ж самае. Тут жа агнявое паражэнне аказалася мінімальным, фугаснае — таксама слабым, людзі загінулі ад аскепкаў.

Учора з'явілася інфармацыя, што абстрэл мог быць зроблены з 120-мм мінамёта. Я праверыў карціну траплянняў і аскепкавых пашкоджанняў ад 120-мм мін з дапамогай вось гэтага відэа. Аказалася, што і варонка (з невялікай папраўкай на асфальт), і пашкоджанні вельмі падобныя. Вы можаце ацаніць самі. Нават дым пасля трапляння падобны — на 9:00 у роліку.

Засталося зразумець, хто абстрэльваў. 120-мм мінамёты ў розных варыянтах маюць даволі абмежаваную далёкасць у раёне 7-8 кіламетраў. Пры выкарыстанні актыўна-рэактыўных снарадаў яна ўзрастае да 13 км.

Але вось у чым справа — ад рынку ў Тэкстыльшчыку да лініі фронту — 11 з лішнім кіламетраў. Звычайным боепрыпасам наогул не дастаць, актыўна-рэактыўным — на мяжы, ды яшчэ і ў непасрэднай блізкасці ад перадавой. Калі ўжо УСУ і хацелі б абстраляць Данецк вось такім чынам, то маглі б проста выкарыстоўваць «Град», навошта рызыка з мінамётам?

Таму я думаю, што абстрэльвалі з падкантрольнай Расеі тэрыторыі з боку фронту.

Як справядліва заўважыў Руслан Левіеў у зводцы, доказаў недастаткова, каб зрабіць канчатковыя высновы. Аднак на аснове таго, што ўжо маецца, я лічу асноўнай версіяй менавіта абстрэл расійскімі войскамі з выкарыстаннем мінамётных мін калібра 120-мм.

Версію з выкарыстаннем РСЗА малога калібру, у тым ліку з боку УСУ — лічу значна менш верагоднай. Але цалкам адмаўляць яе нельга.

Афіцыйная версія расійскіх уладаў пра 155-мм снарады недарэчная і хутчэй служыць доказам супраць расійскіх вайскоўцаў.

Чытайце таксама:

Украінскія вайскоўцы абверглі абстрэл Данецка, у часе якога загінулі 27 чалавек

Колькасць загінулых пасля абстрэлу ў Данецку вырасла да 27

У Данецку ў выніку абстрэлу рынку загінулі 25 чалавек

Клас
62
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
15