Фота: kamenec.by

Фота: kamenec.by

Пасля выходных яна збіралася паехаць у Брэст уладкоўвацца на працу (перад гэтым, па яе словах, прайшла стажыроўку, і працадаўца збіраўся аформіць яе афіцыйна), таму вырашыла закупіць прадуктаў для дзяцей. Іх у яе двое: дзяўчынкі 12 і 5 гадоў.

Быў вечар, але па-ранейшаму горача, і Таццяна выйшла з дома ў сланцах, расказвае гісторыю kamenec.by.

Набрала прадуктаў і ўжо ля касы згадала, што не купіла масла. Касірка прапанавала ўзяць яго ў халадзільніку, які стаяў непадалёк. Таццяна падышла да халадзільніка, узяла масла і павярнулася, каб вярнуцца да касы, — і раптам востры боль працяў ёй нагу.

Да падлогі каля халадзільніка было прымацавана нешта накшталт тонкага металічнага паўкораба для электраправодкі, і пакупніца зачапілася ступнёй за востры вугал. Прычым так, што распаласавала нагу глыбока і моцна. У кагосьці з відавочцаў знайшлася пры сабе аптэчка, Таццяне залілі рану перакісам і наклалі павязку, і яна неяк дакульгала да хаты.

«Нага балела так моцна, што я не магла заснуць. Нічога абязбольвальнага дома не аказалася. Праплакала ўсю ноч, толькі пад раніцу забылася», — успамінае Таццяна. Раніцай прымусіла сябе зняць павязку і паглядзець, што пад ёй. Рана выглядала жудасна. Таццяна выклікала хуткую, яе прывезлі ў Камянец, дзе хірург дыягнаставаў ірваную рану левай ступні і наклаў пяць швоў.

Вярнуўшыся дадому, Таццяна патэлефанавала дырэктарцы крамы, дзе атрымала траўму, і папярэдзіла, што будзе патрабаваць з іх кампенсацыю. Тая паведаміла вышэйшаму кіраўніцтву, і праз некалькі дзён дадому да Таццяны зазірнуў прадстаўнік кампаніі з Брэста.

«Ён спытаў, якую кампенсацыю я хачу атрымаць, і паабяцаў перагаварыць са сваімі юрыстамі, — распавядае Таццяна. — Праз пару дзён ператэлефанаваў і прапанаваў 400 рублёў. Я сказала, што гэтая сума мяне не задавальняе».

На пяты дзень нага ў яе распухла і пачала сінець. Зноў паехала ў бальніцу. Аказалася, у рану трапіла інфекцыя і пачалося загнаенне. Доктар зняў два швы і ўставіў у рану гумовую палоску для дрэнажавання. Праз тыдзень паехала зноў, бо лепш не стала — чарната вакол раны працягвала распаўзацца. Потым яшчэ.

Таццяна нават збілася з ліку, колькі разоў ездзіла ў бальніцу. Кожны тыдзень дакладна, а часам па два разы. Бо на грамадскім транспарце ездзіць не магла, даводзілася выклікаць таксі. Кажа, толькі на ім можна было збяднець…

І ўжо зусім стала блага, калі на фоне болю, лекаў і перажытага стрэсу ў яе абвастрыўся псарыяз. З гэтай хваробай Таццяна жыве даўно і ўмее з ёй спраўляцца, але не гэтым разам. На той час чарната на ступні дайшла да пальцаў, балела нага невыносна, і Таццяна вырашыла звярнуцца па дапамогу да брэсцкіх дактароў. У абласны скурвендыспансер яе паклалі адразу — лячыць псарыяз. Адначасова доктар прызначыў антыбіётыкі для лячэння нагі і выклікаў да яе хірурга.

Першая кансультацыя шакавала: дактары меркавалі, што пашкоджаныя тканкі вакол раны прыйдзецца выдаляць, а потым рабіць перасадку скуры. Працэс доўгі і цяжкі.

«Я ішла на мыліцах у лясок побач з аддзяленнем і плакала ад адчаю, калі мяне ніхто не бачыў», — успамінае Таццяна. Але лячэнне дало эфект, пайшла станоўчая дынаміка, і праз 10 дзён яе перавялі ў хірургію — далечвацца там. «Своечасова вы звярнуліся, — сказаў ёй доктар. — Яшчэ тыдзень, і ўсё магло быць нашмат горш».

У лістападзе Таццяна вярнулася са шпіталя дадому. Рана выглядае ўжо нашмат лепш, хоць хадзіць ёй па-ранейшаму балюча.

«Аб працы пакуль забудзьцеся. Назе патрэбны спакой. Лепш за ўсё ляжаць, падняўшы яе ўверх», — параіў доктар.

Але як ляжаць, калі ў цябе двое дзяцей, якіх трэба пакарміць, адправіць у школу і садок, а са старэйшай яшчэ і ўрокі зрабіць. Муж служыць пры вайсковай часці ў Смаргоні па кантракце, часта з'язджае ў камандзіроўкі і наведваць жонку з дочкамі можа толькі зрэдку.

У Белавежскім у Таццяны ёсць мама, і яна дапамагала, як магла, але так як сама працуе, пастаянна знаходзіцца з дачкой і ўнучкамі не можа. Таму хочаш не хочаш, а трэба ўставаць і рабіць усе справы. Праз боль, які ніяк не праходзіць.

Амаль адразу пасля траўмы ў краме Таццяна напісала заяву ў міліцыю з просьбай правесці праверку. Міліцыя адрэагавала. Па выніках праверкі была вынесена пастанова аб адмове ў крымінальнай справе, бо атрымала цялесныя пашкоджанні самастойна, ніякіх супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да яе здзейснена не было.

Таццяна не здавалася. Пайшла ў суд. Судовае разбіральніцтва доўжылася амаль два месяцы. Прадстаўнік рытэйлера, у краме якога Таццяна атрымала траўму, катэгарычна адмаўляўся прызнаваць пазоў.

Маўляў, сама вінаватая: трэба глядзець пад ногі, дзе ходзіш.

Аднак суддзя Аксана Шкель вынесла рашэнне аб спагнанні з гандлёвай арганізацыі на карысць пазоўніцы 7 тысяч рублёў маральнай шкоды. Акрамя таго, адказчык павінен часткова кампенсаваць Таццяне выдаткі на набытыя лекі і на транспарт у бальніцу.

Прадстаўнік гандлёвага прадпрыемства пазову так і не прызнаў. Пасля вынясення рашэння суда ў яго ёсць 15 дзён на падачу апеляцыйнай скаргі.

Клас
42
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
8
Сумна
14
Абуральна
8