Адной з тэм нарады 18 студзеня стала супрацьдзеянне вываду капіталу.

Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь прапануе замежным інвестарам адны з лепшых умоў у свеце, у іх ліку прэферэнцыі, ільготы, інфраструктуру і шмат іншага: «Прыходзь і працуй», — сказаў ён.

Праблемы ж, як вынікае, пачнуцца, калі інвестар стане атрымліваць прыбытак.

«Прыходзь і працуй. Але не дзеля нажывы за кошт нашага народа, — удакладніў Лукашэнка. — А калі нехта паспрабуе, ёсць механізмы супрацьдзеяння і ўразумення».

Лукашэнку хвалюе адток грошай у «недружалюбныя» краіны, а таксама «мэтанакіраваны вывад прыбытку за межы Беларусі».

«На практыцы загараджальныя меры павінны ўключацца вокамгненна і без усялякага разварушвання», — запатрабаваў ён.

«Каб абараніць нашу эканоміку ад бязмежжа Захаду ва ўмовах нарастальнага санкцыйнага ціску, мы прынялі шэраг сістэмных дакументаў, і сёння ні адзін акцыянер або ўласнік, які мае грамадзянства недружалюбнай краіны, не мае права без спецыяльнага дазволу ўрада і ўнёску ў бюджэт распрадаваць маёмасць, агаляючы асноўныя фонды эканомікі», — нагадаў ён.

Як прыклад Лукашэнка прывёў Макдональдс, з якім у Беларусі «выдатна разабраліся». «Мы дамовіліся: ніякай маёмасці мы нікому не прадаём, не перадаём, калі ў выніку санкцый ці нейкіх іншых прычын замежнікі, якія маюць тут уласнасць, прадпрыемствы, кампаніі, сыходзяць з нашага рынку.

Як я казаў, дасвідос — мы разбярэмся самі. І, як паказвае той жа «Макдональдс», мы выдатна ў гэтым разабраліся: людзі з задавальненнем ходзяць туды», — дадаў ён. 

Што будзе новага

Раней беларускі ўрад вызначыў парадак выдачы дазволаў на продаж бізнэсу замежнікамі і іншыя падобныя дзеянні.

Цяпер замежнікі будуць атрымліваць дазвол не толькі на продаж акцый ці доляў у кампаніях. Дазвол трэба будзе таксама на продаж маёмасці (долі ў ёй) і на рэарганізацыю юрыдычнай асобы, у якой сярод уласнікаў ёсць замежныя грамадзяне.

Орган улады ў сваю чаргу не толькі вырашыць, ці магчымы продаж бізнэсу, але і вызначыць, які ўнёсак за гэта трэба зрабіць у дзяржбюджэт.

Клас
3
Панылы сорам
53
Ха-ха
27
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
4