Лай Цындэ лідзіраваў і паводле апытанняў. Фота: Ng Han Guan / AP

Лай Цындэ лідзіраваў і паводле апытанняў. Фота: Ng Han Guan / AP

Фаварытам гонкі з'яўляецца кандыдат ад кіроўнай партыі 64-гадовы Уільям Лай (або Лай Цындэ), якога ўлады мацерыковага Кітая называюць сепаратыстам, піша Бі-бі-сі.

У выпадку перамогі ён мае намер скараціць эканамічную залежнасць ад Пекіна і працягнуць умацоўваць адносіны з ЗША.

Яго галоўны апанент — кандыдат ад апазіцыйнай партыі Гаміньдан Хоу Юі, наадварот, выступае за збліжэнне з мацерыковым Кітаем.

Паводле прамежкавых даных падліку галасоў, Лай апярэджвае Хоу на некалькі працэнтных пунктаў. На гэты момант Лай набраў 37%, у кандыдата ад апазіцыі — 34%.

Гэта чаканы расклад. Розныя выбарчыя апытанні прагназавалі шчыльную гонку з невялікай, але ўпэўненай перавагай Уільяма Лая.

Таксама ўпершыню ў гісторыі палітыкі Тайваня выклік двум галоўным партыям кінуў кандыдат ад трэцяй — вельмі папулярнай сярод моладзі. Ён паказвае лепшы вынік, чым чакалася, але не складае сур'ёзнай канкурэнцыі.

Канчатковыя вынікі галасавання павінны стаць ясныя да канца дня суботы, аднак афіцыйныя вынікі будуць падведзены праз некалькі дзён.

За выбарамі на Тайвані назірае ўвесь свет, бо Пекін пагражае востраву вайной у выпадку, калі па іх выніках тайванцы захочуць абвясціць аб фармальнай незалежнасці ад Кітая.

Напярэдадні выбараў кітайскія ўзброеныя сілы значна павысілі актыўнасць вакол Тайваня.

Тайваньскае Міністэрства абароны заяўляе, што ў паветры вакол вострава курсіруюць восем кітайскіх вайсковых самалётаў, адзін з якіх парушыў паветраную прастору з паўднёва-заходняга боку а шостай раніцы паводле мясцовага часу — незадоўга да адкрыцця выбарчых участкаў.

Таксама ў суботняй заяве Мінабароны Тайваня гаворыцца, што шэсць кітайскіх вайсковых караблёў узялі востраў у кола.

«Узброеныя сілы [Тайваня] сочаць за сітуацыяй. Баявым паветраным патрулям, караблям ВМФ і наземным ракетным сістэмам даручана рэагаваць на варожыя дзеянні ў выпадку неабходнасці», — заявіла ваеннае ведамства Тайваня.

Раней ЗША не раз заяўлялі, што ўмяшаюцца ў сітуацыю ў рэгіёне ў выпадку ваеннай агрэсіі з боку Пекіна.

Чытайце таксама:

На Тайвані выбіраюць прэзідэнта. Вынікі вызначаць развіццё адносін з Кітаем, які лічыць Тайвань сваёй правінцыяй

Клас
31
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
1