Лай Цындэ лідзіраваў па апошніх апытаннях. Фота: Ng Han Guan / AP

Лай Цындэ лідзіраваў па апошніх апытаннях. Фота: Ng Han Guan / AP

За пасаду змагаюцца тры кандыдаты: Лай Цындэ ад кіроўнай Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі (ён лідзіраваў па апошніх апытаннях), Хоў Юі ад Гаміньдана, якая карыстаецца падтрымкай Пекіна, і Кэ Вэньчжэ ад тайваньскай Народнай партыі, створанай у 2019 годзе, паведамляе Радыё Свабода.

Ніводны з кандыдатаў не выступае ні за абвяшчэнне незалежнасці Тайваня, ні за далучэнне вострава да Кітая.

64-гадовы Лай казаў, што Тайвань ужо суверэнная дзяржава, таму абвяшчаць аб яго незалежнасці дадаткова неабавязкова.

Гэтай жа пазіцыі прытрымліваецца сённяшні прэзідэнт Тайваня Цай Інвэнь, чыім намеснікам быў Лай.

Перад выбарамі Кітай неаднаразова называў Лая «небяспечным сепаратыстам» і адмаўляўся ад перамоваў. Будучыя адносіны з Кітаем Лай бачыць «брацкімі», але працягне ўмацоўваць абарону вострава.

Яго супернік Хоў Юі лічыць, што погляд Лая на адносіны з Кітаем можа прывесці да нявызначанасці і нават да вайны. Сам 66-гадовы Хоў настойвае на больш цесных эканамічных сувязях з Кітаем, але будзе абараняць суверэнітэт Тайваня і яго дэмакратычныя каштоўнасці.

Трэці кандыдат 64-гадовы Кэ Вэньчжэ абяцае знайсці сярэдзіну паміж пазіцыямі сваіх апанентаў. Лая ён называў «занадта ваяўнічым», а Хоу — «занадта падатлівым» у адносінах з Кітаем. У сваёй выбарчай кампаніі Кэ засяродзіўся на надзённых праблемах — даступнасці жылля і беспрацоўі — чым набыў папулярнасць сярод моладзі.

ЗША паабяцалі падтрымку любому пераможцу.

«Незалежна ад таго, хто будзе абраны, наша палітыка ў дачыненні да Тайваня застанецца нязменнай, і нашы трывалыя неафіцыйныя адносіны таксама захаваюцца», — сказаў суразмоўца Reuters з Адміністрацыі прэзідэнта ЗША.

Згодна з планамі Байдэна, неўзабаве пасля выбараў на востраў прыбудзе амерыканская дэлегацыя.

Пекін не выключае прымяненне сілы для «ўз'яднання» Тайваня з Кітаем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0