За апошнія два дзясяткі гадоў правілы дзелавога дрэс-коду прыкметна памякчэлі. Гарнітуры сталі больш разнастайнымі і меней афіцыйнымі, а офісны стыль адаптаваўся пад павевы моды. Найбольшыя змены зведала жаночае дзелавое адзенне: касцюмы са штанамі, шыракаплечыя пінжакі, грубыя чаравікі і мужчынскія кашулі трывала ўвайшлі ў гардэробы дам, якія штурмуюць офісны Алімп.

Аднак памякчэнне закранула не ўсе групы: у палітыцы і на дыпламатычнай службе абмежаванні дрэс-коду па-ранейшаму застаюцца строгімі. Няведанне базавых законаў бізнэс-этыкету прадэманстравала Наталля Качанава.

Што не так з лукам чыноўніцы

У свеце палітыкі ўсе дзелавыя мерапрыемствы падзяляюцца на тры ступені кансерватыўнасці — для кожнай прадугледжаны свой асабісты дрэс-код. Адступленне ад правіл можа прывесці да дыпламатычных скандалаў і непрыемных канфузаў.

Так, самым простым па ступені строгасці з'яўляецца Business Casual. Дзелавы стыль «на кожны дзень» дапускае разнастайнасць у каляровай палітры і прынтах, а таксама дазваляе жанчынам замяняць дзелавыя блузы і жакеты на трыкатажныя сэты.

Business Traditional — дрэс-код для афіцыйных сустрэч і перамоваў, які падкрэслівае прыналежнасць чалавека да міру бізнэсу і транслюе яго статус. Гэты стыль хоць і дазваляе некаторую разнастайнасць колераў, але, у адрозненне ад Business Casual, яго палітра абмежавана спакойнымі, стрыманымі адценнямі.

Business Best — самы кансерватыўны дрэс-код. Менавіта яго павінны прытрымлівацца чыноўнікі на афіцыйнай сустрэчы з першай асобай дзяржавы. Нарада ў Лукашэнкі — якраз такая нагода.

Качанава

Фота: тэлеграм-канал «Пул першага»

Будучы самым строгім, Business Best мае найбольшую колькасць правіл і абмежаванняў — асабліва для жанчын. Так, паненкі, запрошаныя на мерапрыемствы ўзроўню BB, павінны быць апрануты ў касцюм-двойку са спадніцай па калена.

З абутку абіраюцца класічныя туфлі-лодачкі на абцасе да 7 см. Боты, якія выбрала Качанава — строга недапушчальныя. Яны паказваюць, што чыноўніца заленавалася пераабуцца ці ўвогуле не лічыць нараду ў Лукашэнкі дастатковай падставай, каб выканаць правілы дзелавога этыкету.

Абавязковай умовай для жанчын з'яўляецца дзённы макіяж у нейтральных адценнях. Баявая размалёўка ў духу 80-х з чорнай падводкай па ніжнім павеку — верх непрыстойнасці. Зрэшты, нават па-за межамі Палаца незалежнасці такі макіяж падыдзе толькі для тэматычнай рэтра-вечарынкі.

Качанава

Фота: president.gov.by

Не дапускае Business Best і доўгіх пазногцяў. Міндалепадобная форма манікюру чыноўніцы таксама выбіваецца з гэтага правіла. На шчасце, колер яе лаку абраны правільна — нюдавыя і пастэльныя адценні выдатна падыходзяць для сустрэч такога ўзроўню.

Зрабіць тры памылкі стылю ў адным аўтфіце складана, але Наталлі Качанавай гэта ўдалося. Ці выклікана такое грэбаванне дрэс-кодам няведаннем асноваў дзелавога этыкету ці паказвае яе стаўленне да Лукашэнкі — застаецца толькі здагадвацца.

Клас
11
Панылы сорам
23
Ха-ха
137
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
22

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?