У мінскіх кінатэатрах пачаліся паказы баёпіка «Ферары» з Адамам Драйверам у ролі Энца Ферары — італьянскага канструктара і аўтагоншчыка. Гэта не адзіная біяграфічная стужка, якая выйшла сёлета на экраны. З яшчэ двума — «Прысцылай» і «Маэстра» — гэты фільм аб’ядноўвае тое, што ў ім рэжысёр вырашыў сканцэнтраваць увагу не на прафесійных дасягненнях знакамітага мужчыны, а на яго прыватным жыцці. Расказваем падрабязней пра згаданыя фільмы.

«Ферары»

Adam Driver as Enzo Ferrari

Адам Драйвер у ролі Энца Ферары. Фота: Lorenzo Sisti

Дзеянне фільма разгортваецца на працягу трох месяцаў 1957 года, калі Энца Ферары сутыкаецца з цяжкасцямі амаль ва ўсіх сферах свайго жыцця. Калі глядзець збоку, ён значная фігура: знакамітасць, чалавек, які стварыў самыя прыгожыя аўтамабілі ў свеце і праславіў Італію.

Адам Драйвер, са старанна зачасанымі назад сівымі валасамі, з хмурным позіркам, у якім тоіцца хітрасць Макіявелі, грае Ферары як строга кантраляваную сілу прыроды, чалавека, які ведае, што ён прымусіў імчаць машыну велізарнай магутнасці, — але ці зможа ён накіраваць гэтую моц у патрэбнае рэчышча?

Колькасць прадаваных аўто знізілася да сотні ў год, і бізнэс-менеджар Энца кажа, што, каб выжыць, трэба прадаваць за год 400 машын. Адзіны спосаб зрабіць гэта — прыцягнуць буйнога інвестара. Ферары можа зрабіць гэта, калі выйграе гоначны чэмпіянат «Міле Мілья».

Хаатычны стан працоўных спраў Ферары звязаны і з бязладзіцай у яго асабістым жыцці. Ён пачаў бізнэс са сваёй жонкай Лаўрай (Пенелопа Крус), але іх шлюб ператварыўся ў халодную абалонку. Дзеянне фільма адбываецца праз год пасля смерці іх 24-гадовага сына ад мышачнай дыстрафіі — гэтая трагедыя разбурыла ўсё, што засталося ад іх блізкасці. Таксама ў Ферары ёсць палюбоўніца Ліна і іх агульны 12-гадовы сын П'ера — па сутнасці, яго другая сям'я, створаная з большай пяшчотай, чым першая. Аднак Ліна хоча ведаць — ці прызнае Энца свайго сына публічна і ці дасць яму сваё прозвішча? Ферары спрабуе злучыць кавалачкі свайго жыцця, але па ходзе фільма яны ўсё больш развальваюцца.

Крытык BBC Нікалас Барбер звяртае ўвагу, што галоўны недахоп стужкі — у тым, што яна не стварае моцнага імпульсу, рэжысёр «не націскае педалі газу». Нашай увазе — прыгожая гістарычная драма, у якой экран заўсёды запоўнены прывабна апранутымі статыстамі, сімпатычнымі лакацыямі і, безумоўна, бліскучымі чырвонымі старадаўнімі аўтамабілямі. Два самыя яркія эпізоды фільма звязаны з жахлівымі аварыямі, якія гарантавана прымусяць гледачоў ахнуць. Але ў астатнім персанажы спакойна перамяшчаюцца з залаў пасяджэнняў у спальні, з банкаў у цырульні, з цэркваў на іпадромы, і ў выніку стужка больш нагадвае прэстыжны і марудны тэлесерыял, чым дынамічны трылер, заснаваны на падзеях рэальнага жыцця.

 

«Прысцыла»

Cailee Spaeny in Priscilla

Кэйлі Спэні ў фільме «Прысцыла». Фота: А24

Фільм «Прысцыла» расказвае пра сямейнае жыццё Элвіса Прэслі і яго жонкі — вачыма апошняй. Літаратурнай асновай сцэнарыя стала аўтабіяграфічная кніга Прысцылы Прэслі «Элвіс і я».

Фільм зняла рэжысёрка Сафія Копала, чые гераіні часта — самотныя дзяўчыны, акружаныя людзьмі, але пры гэтым пасаджаныя ў нябачную клетку, заўважную толькі ім самім — гэта ўсе павінны памятаць яшчэ па вядомай стужцы «Цяжкасці перакладу».

У цэнтры баёпіка «Прысцыла» — чарговая самотная жанчына, дакладней — адна з самых самотных. Мы сустракаем яе ў бары, дзе яна пацягвае малочны кактэйль, новенькая ў новай краіне. Прысцыла выглядае як чалавек, які не любіць шумных натоўпаў; яна кажа сваёй маці, што ёй не патрэбныя новыя сябры. Яна пачынае сустракацца з Элвісам Прэслі, бо відавочна адзінокая. Прычына, чаму ён пачынае сустракацца з ёй, — тое, што ён таксама адзінокі. Але вядома, гэта не так: ён Элвіс Прэслі і яго заўсёды акружае натоўп прыхільнікаў, як мужчын, так і жанчын. Акружаючы сябе сям'ёй і старымі сябрамі, Элвіс купаецца ў іх любові — і ў любові Прысцылы, вядома. Яна таксама павінна яму належаць.

Прысцыла кахае свайго караля, і яго адсутнасць робіць ёй балюча, таму што ён — усё, што ў яе ёсць. Элвіс увесь час кудысьці з'язджае: у Амерыку, на захад, на здымкі фільма, у турнэ. Яму трэба, каб яна была дома, «падтрымлівала хатні агонь», выглядала прыгожай перад камерай. Захопленая сваёй зоркай яшчэ да таго, як у яе з'явіўся шанец пасталець, яна знаходзіцца ва ўладзе яго капрызаў, а іх у яго шмат. Калі яго няма побач — ці калі ён аддаляецца, — ёй фактычна няма чаго рабіць. Яна нават не можа пасядзець у двары і пагуляць са сваім шчанюком, каб разявакі каля брамы не заўважылі яе і не ператварылі гэта ў матэрыял для таблоідаў.

«Талент Копала ў тым, што яна ўзяла гэтую гісторыю і надала ёй ружовае адценне ўспамінаў дзяўчыны, якая вельмі востра адчувае яскравасць прамянёў зоркі, што падаюць на яе, — так, што нічога не застаецца, акрамя як грэцца ў іх, прынамсі нейкі час», —

піша Аліса Вількінсан у аглядзе для Vox.

Аднойчы Прысцыла пачынае непрыкметна мяняць свет Элвіса на свой уласны. Яна бярэ ўрокі каратэ; яна ладзіць вячэру з людзьмі, якія з'яўляюцца яе сябрамі, а не яго. Іншымі словамі, яна адважваецца выйсці за межы дома і разумее, што жыццё звонку — гэта тое, чаго яна хоча. Яна сядае ў машыну, робіць глыбокі ўдых і выязджае з варот Грэйслэнда пад акампанемент песні «Я заўсёды буду любіць цябе». Нейкая трансфармацыя здарылася з ёй незаўважна і ў поўнай цішыні.

На сайце кінарэцэнзій Rotten Tomatoes 82% з 238 аглядаў крытыкаў на фільм станоўчыя, з сярэдняй ацэнкай 7,2 з 10. Паводле аднадушнага меркавання сайта, «Сафія Копала пяшчотна, але вельмі ясным позіркам глядзіць на часта таксічныя праявы таго, як змешваюцца першае каханне і слава».

 

«Маэстра»

Bradley Cooper with Carey Mulligan

Брэдлі Купер у ролі кампазітара Леанарда Бернстайна і Кэры Маліган у ролі яго жонкі Феліцыі Мантэалегрэ. Фота: Netflix

Гэты амерыканскі баёпік заснаваны на біяграфіі кампазітара Леанарда Бернстайна і зняты Брэдлі Куперам. Купер таксама выканаў у гэтым фільме галоўную ролю.

У цэнтры сюжэта — гісторыя кахання Бернстайна і актрысы Феліцыі Мантэалегрэ, якую грае вядомая актрыса Кэры Маліган.

Кампазітар і дырыжор Леанард Бернстайн быў чалавекам супярэчнасцяў. І для Купера, падчас яго другой працы ў якасці рэжысёра (першай быў фільм «Зорка нарадзілася»), менавіта гэтае адчуванне пастаянна варагуючых бакоў у псіхіцы Бернстайна робіцца цэнтральным у яго падыходзе да баёпіка.

Купер рэжысуе са смакам і відовішчнасцю, якія не саступаюць Бернстайну ў яго самых ліхаманкавых і экстатычных праявах. Такі стыль кінавытворчасці можа здацца ўладным і паказушным, і, верагодна, спадабаецца не ўсім, але ў ім ёсць чым захапляцца — напрыклад, добрай гульнёй Кэры Маліган у ролі жонкі Бернстайна і, вядома — цудоўнай музыкай, якая хвалямі пранізвае драму.

Дзівосны і лірычны момант — кадр, які доўжыцца крыху больш за секунду або дзве, — раскрывае складанасць адносін Феліцыі і Бернстайна. Муж і жонка накладзеныя адно на аднаго ў адным кадры. Фігура Леанарда дамінуе, паказаная ў выглядзе вялізнага цёмнага сілуэта. Значна меншая фігура Феліцыі, зіхатлівая, як брыльянт, у белай кактэйльнай сукенцы, ззяе ў цэнтры кадра. Адным з тлумачэнняў кадра можа быць тое, што Феліцыя існуе ў цені свайго мужа. У роўнай ступені можна сцвярджаць, што яна — святло, якое накіроўвае яго, адводзіць ад цёмных і самаразбуральных імпульсаў, піша Вэндзі Айд для The Guardian.

Стужка не абышлася без скандалу: выкарыстанне Куперам вялікага пратэза носа для вобраза Бернстайна, які быў яўрэем, раскрытыкавалі як антысеміцкую карыкатуру. Шэраг крытыкаў палічыў грым Брэдлі Купера няўдалым, агульную падачу матэрыялу банальнай, а фільм — фальшывым і непераканаўчым. Пры гэтым на сайце рэцэнзій Rotten Tomatoes 80% з 256 аглядаў крытыкаў станоўчыя, з сярэдняй ацэнкай фільма 7,5 з 10.

 

Больш пра кіно:

BlackBerry: кранальная драма-баёпік пра ўзлёт і падзенне мадэлі смартфона, папулярнай у 2000-я

«Апалае лісце»: Акі Каўрысмякі зноў на вялікім экране, і гэтае вяртанне — падарунак для гледачоў 

«Зямля вачыма Канк»: агляд гісторыі чалавецтва ад стэндап-камікесы

Польшча для палякаў… і ліцвінаў! Выйшаў сатырычны серыял пра шляхту

Памёр кінарэжысёр Атар Іаселіяні

«Хлопчык і птушка»: у кінатэатрах чарговы шэдэўр Міядзакі пасля 10-гадовага перапынку

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1