Тут апісаны тыя гіпатэтычныя сцэнары, якія прыводзяць да зменаў. Яны прыводзяцца ў Стратэгіі перахода да Новай Беларусі, падрыхтаванай дэмсіламі.

Сцэнар 1. Перамены як вынік перамоваў

Расія аслабла з-за вайны і ўжо не можа ў ранейшым аб’ёме падтрымліваць (эканамічна і палітычна) Беларусь. У Беларусі пагаршаецца сацыяльна-эканамічнае становішча ў выніку санкцый і наступстваў саўдзелу ў вайне з Украінай. Прадстаўнікі беларускай наменклатуры спрабуюць уступіць у перамовы з краінамі Захаду і дэмакратычнымі сіламі для зняцця санкцый і аднаўлення адносінаў, паколькі рэсурсаў для падтрымання рэжыму і вырашэння праблемаў, якія ўзніклі, у іх недастаткова, а пагроза іх асабістай бяспецы занадта вялікая.

У выніку агульных дамоўленасцяў пачынае працаваць Агульнанацыянальны круглы стол — каб урэгуляваць палітычны крызіс. Фарміруецца Урад пераходнага перыяду, у які ўвайшлі як прадстаўнікі наменклатуры, так і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Перамовы праходзяць не без канфліктаў.

Па выніках узгадняюць, як будуць вызваляць палітзняволеных, праводзіць канстытуцыйную рэформу, выбары, здымаць санкцыі. Даюцца гарантыі бяспекі для бакоў-перамоўцаў і гарантыі выканання дамоўленасцяў.

Сцэнар 2. Перамены пад унутраным ціскам грамадства

У Расіі мяняецца ўлада пасля паразы ў вайне з Украінай. Расія знясіленая вайной, санкцыямі, і ёй не да Беларусі. У Лукашэнкі больш няма такой палітычнай і фінансавай падтрымкі з боку Расіі, як раней.

Фота: Contributor Getty Images

Фота: Contributor Getty Images

У Беларусі рэзка пагаршаецца сацыяльна-эканамічнае становішча ў выніку санкцый і зніжэння рынку збыту для беларускіх тавараў у Расіі. Пры гэтым наменклатура і сілавікі пачынаюць разумець, што ў Лукашэнкі больш няма знешняй падтрымкі, а Расія занятая ўнутранымі справамі і не мае сілаў падтрымліваць прыхільнікаў «рускага свету» ў Беларусі.

У Беларусі пачынаецца забастоўка аднаго з буйных прадпрыемстваў праз эканамічныя прычыны. Да забастоўкі далучаюцца іншыя прадпрыемствы. У краіну вяртаецца частка добраахвотнікаў, якія атрымалі ваенны досвед ва Украіне. Праходзяць акцыі пратэсту. Пачынаюцца сілавыя сутыкненні з унутранымі войскамі. Армія трымае нейтралітэт. Адбываецца раскол у сілавых структурах.

Пратэстоўцы захопліваюць адміністрацыю Лукашэнкі і іншыя аб’екты крытычнай інфраструктуры. Лукашэнка або арыштаваны, або ўцякае з краіны.

Створаны Урад пераходнага перыяду, падкантрольны прадстаўнікам дэмакратычных сілаў.

Пры неабходнасці дэмакратычныя сілы далучаюць да працы ва ўрадзе ці з урадам шэраг асобаў, якія раней працавалі ў сферы дзяржаўнай улады і кіравання. Урад пераходнага перыяду вызваляе палітзняволеных, праводзіць новыя выбары і канстытуцыйную рэформу пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ, якія прызнаюцца міжнароднай супольнасцю.

Сцэнар 3. Паступовая трансфармацыя рэжыму

Па якой-небудзь прычыне (смерць, цяжкая хвароба, няўдзел у чарговых прэзідэнцкіх выбарах і гэтак далей) Лукашэнка аддае ўладу.

Асноўным тут з’яўляецца тое, што спыненне выканання абавязкаў адбываецца не пад ціскам знешніх фактараў.

Расія аслабла праз вайну і ўжо не можа выкарыстоўваць увесь спектр інструментаў уздзеяння на Беларусь.

Прэзідэнтам становіцца чалавек з наменклатурнага асяроддзя. Ён не мае негатыўнага багажу злачынстваў, здзейсненых Лукашэнкам. Аднак ён атрымлівае ў спадчыну краіну, якая знаходзіцца пад санкцыйным ціскам, з перакосамі ў эканоміцы, мноствам сацыяльных праблемаў. Новы прэзідэнт хоча нармалізаваць стасункі з Захадам, зняць санкцыі і аднавіць гандлёвыя стасункі з ЕС і Украінай, і таму пачынае працэс дээскалацыі.

З’яўляюцца партыі, падкантрольныя розным групам выканаўчай вертыкалі і бізнэсу, у якіх з’яўляюцца свае прэтэнзіі на ўладу. Новы прэзідэнт спыняе рэпрэсіі, часткова вызваляе палітзняволеных і пагаджаецца на пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж прэзідэнтам і парламентам, а таксама на наданне большых паўнамоцтваў мясцовым органам улады. Гэта прыводзіць да частковага зняцця санкцый.

Уносяцца змены ў Канстытуцыю 2022 года. Дэмакратычныя сілы адвакатуюць свае прапановы па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю. Па новай Канстытуцыі ліквідуецца Усебеларускі народны сход (або ператвараецца ў канстытуцыйны сход, які склікаецца толькі для мэтаў змянення Канстытуцыі). Па змененай Канстытуцыі краіна становіцца са змяшанай формай кіравання. Праводзяцца выбары па новай Канстытуцыі, у якіх таксама ўдзельнічаюць кандыдаты ад дэмакратычных сілаў, і якія прызнаюцца міжнароднай супольнасцю.

Сцэнар 4. Перамены пад знешнім ціскам

Ступень саўдзелу Беларусі ў расійскай агрэсіі праз аўтарытарны рэжым узрастае ажно да таго, што беларуская армія непасрэдна ўступае ў вайну з Украінай на баку Расіі, увайшоўшы на тэрыторыю Украіны. З гэтага моманту на Беларусь распаўсюджваюцца ўсе санкцыі, якія ўжо ўведзеныя супраць Расіі.

Тэрыторыя Беларусі трапляе пад ваенныя атакі з боку Украіны. Адначасова з гэтым пры контрнаступе з поўдня тэрыторыі Украіны ў Беларусь уваходзяць украінскія войскі з падраздзяленнямі беларускіх добраахвотнікаў у авангардзе.

Перавага ў баявым досведзе і ўзбраеннях забяспечвае хуткае прасоўванне войскаў углыб краіны. У выніку адбываецца фактычны захоп улады баявым шляхам, арышт Лукашэнкі, сілавое адхіленне ад улады ўсяго кіроўнага верху, пераход у рэжым часовага ўрада з вайскоўцамі на чале пад міжнародным кантролем.

Мірная дамова па заканчэнні вайны, якая скончылася перамогай Украіны, уключае рэпарацыі ад Беларусі, новую сістэму рэгіянальнай бяспекі і прадугледжвае правядзенне выбараў органаў улады і канстытуцыйную рэформу ў Беларусі пад кантролем міжнародных арганізацый, гарантаў новай рэгіянальнай бяспекі.

Якія са сцэнароў найбольш імаверны?

Дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі заўважае, што зараз сітуацыя ваенная, таму на гэта пытанне цяжка адказаць. На яго думку, найбольш імаверны сцэнар — паглынанне Беларусі Расіяй ці зацягванне зменаў, але яны не прыводзяць да зменаў, таму не апісваюцца ў стратэгіі.

Найлепшы сцэнар — перамовы, каб быў кансэнсус у грамадстве і мы рухаліся далей. Але для яго няма жадання з боку уладаў весці дыялог.

Дабравольскі дадае, што ўвядзенне Канстытуцыі, прынятай у 2022-м, (тое ж утварэнне Усебеларускага народнага сходу) можа прывесці да нестабільнасці і няўстойлівасці рэжыму.

На заўвагу, што цяпер уступленне беларускай арміі ў вайну выглядае малаімаверным, дарадца Ціханоўскай і прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі адзначае, што такі сцэнар не выключаў бы. Бо па-ранейшаму праводзяцца беларуска-расійскія вучэнні, на тэрыторыі нашай краіны знаходзіцца блізу 2 тысяч вайскоўцаў. Плюс у выпадку, калі здарацца радыкальныя змены на фронце, гэта таксама можа паўплываць.

Чытайце таксама:

Што будзе з ГУБАЗіКам, беларускай мовай і калі выбары? Дэмсілы агучылі план дзеянняў пасля змены ўлады

Клас
25
Панылы сорам
20
Ха-ха
13
Ого
6
Сумна
8
Абуральна
14