Беларуская мастачка Дар'я Сямчук стварае работы пад псеўданімам Цемра. Яе персанальныя выставы праходзілі ў Празе і Варшаве.

Цемра

Фота: сайт мастачкі

Змрочнае імя дзяўчына абрала не выпадкова: праз сваю працу яна імкнецца звярнуць увагу на актуальныя праблемы сучаснасці. Дар’я кажа:

«З дапамогай свайго канцэптуальнага мастацтва я апускаюся ў цёмны і балючы бок чалавечай натуры. Я кіруюся верай у тое, што, дзякуючы творчасці і самавыяўленню, можна натхніць на перамены і аддаць даніну павагі ахвярам несправядлівасці».

Цемра

Фотаздымкі: Ганна Шот

Цемра доўга думае над канцэптам карцін, старанна збірае інфармацыю. Але такі падыход займае шмат часу і таму абмяжоўвае колькасць работ, якія мастачка можа ствараць у год — за гэты тэрмін у яе выходзіць усяго некалькі новых палотнаў. Дар'я задумалася, як пашырыць гэты паказчык:

«Кожнаму мастаку патрэбная малая форма, якая сыходзіла б у народ. У якасці такой я абрала хусткі».

Цемра

Фотаздымкі: Ганна Шот

Распрацоўваючы калекцыю, майстарка адразу выключыла ўжыванне шоўку — хацелася, каб вырабы адпавядалі веганскім стандартам. Так за аснову быў узяты сучасны паліэстэр.

Цемра

Фотаздымкі: Ганна Шот

У хустках зашыфраваныя два метапасланні. Першае нагадвае пра Беларусь:

«Усе мае працы прасякнуты беларускім кодам. Жывучы ў ​​эміграцыі, я ўбачыла, што беларусы спрабуюць захаваць сваю самабытнасць і шукаюць сімвалы, якія дапамагалі б ім адрозніваць «сваіх» у натоўпе. Сама я таксама адчуваю гэтую неабходнасць».

Цемра

Фотаздымкі: Ганна Шот

Каб стварыць рэч, з дапамогай якой чалавек мог бы расказаць пра свае карані, Дар'я упрыгожыла хусткі беларускімі словамі, напісанымі «лацінкай». Фразы нясуць у сабе ўспаміны аб доме і добра зразумелыя кожнаму: BIEŁARUSAČKA, SPADČYNA. Дарэчы, менавіта такія назвы маюць карціны, па матывах якіх зроблены аксесуары.

Цемра

Фотаздымкі: Ганна Шот

Другі пасыл заклікае купляць працу мастакоў, якія жывуць цяпер. Цемра тлумачыць:

«Мне здаецца, людзі часам забываюцца пра каштоўнасць мастацтва і яго прызначэнне. Сучасны глядач не разумее, якую важную ролю адыгрывае ў захаванні і прасоўванні беларускай культуры. Мне б хацелася нагадаць, што мастакам важная падтрымка і зваротная сувязь».

І дадае: «Мастацтва адлюстроўвае і фармуе культуру як гледача, так і маю. Таму падтрымлівайце любімых мастакоў!»

Цемра

Фотаздымкі: Ганна Шот

Прэзентацыя хустак пройдзе ў Варшаве 16 лістапада. Першая калекцыя будзе лімітаванай — усяго 35 рэчаў.

Клас
18
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?