Шыітаке / Фота: vecteezy

Шыітаке / Фота: vecteezy

У тэматычным даследаванні, апублікаваным у кастрычніку ў New England Journal of Medicine, дактары апісваюць, як у небаракі развілася рэдкае захворванне скуры з-за ўжывання недастаткова апрацаваных грыбоў шыітаке. 72-гадовы мужчына наведаў мясцовае аддзяленне неадкладнай дапамогі ў Жэневе праз два дні пасля таго, як у яго абсыпала спіну і верх сядалішча, дый свярбела. Свярбела так моцна, што чалавек не мог заснуць.

Выглядала высыпка дзіўна — чырвоныя палосы, нібыта чалавека бізуном білі. Дактары паставілі дыягназ: жгуцікавая эрытэма. Такую выклікаюць некалькі трыгераў: напрыклад, уздзеянне супрацьракавага прэпарату блеаміцыну, піша Gizmodo. Але калі мужчына расказаў, што за два дні да гэтага ён гатаваў грыбы шыітаке, лекары выказалі здагадку, што яго праблема — гэта так званы «дэрматыт шыітаке».

Гэтае захворванне скуры звычайна ўзнікае праз дзень-два пасля ўжывання недастаткова апрацаваных або сырых шыітаке (Lentinula edodes). Не зусім зразумела, чаму гэта адбываецца, але асноўная на сёння тэорыя палягае ў тым, што гэта таксічная рэакцыя або рэакцыя гіперадчувальнасці на лентынан (lentinan), складаны вуглявод, які ў вялікай колькасці ўтрымліваецца ў шыітаке. Лентынан распадаецца пры дастатковай тэмпературы, таму спажыванне добра апрацаваных грыбоў не выклікае высыпкі. Лічыцца, што гэта незвычайнае ўскладненне нават для аматараў сырых або недавараных шыітаке; яно развіваецца прыкладна толькі ў 2% людзей, якія спажываюць гэтыя папулярныя ў Японіі грыбы.

Фота: Eglė Janušonytė and Jöri Pünchera/New England Journal of Medicine

Фота: Eglė Janušonytė and Jöri Pünchera/New England Journal of Medicine

Нягледзячы на ​​рэзкі выгляд высыпкі, дэрматыт шыітаке, падобна, не выклікае больш сур'ёзнай або небяспечнай для жыцця алергічнай рэакцыі, вядомай як анафілаксія (ці анафілактычны шок). Стан праходзіць самастойна праз некаторы час. У апісаным выпадку мужчыну рэкамендавалі з гэтага моманту ўважліва і ў поўнай меры гатаваць грыбы; яму таксама давалі стэроіды мясцовага дзеяння і пераральныя антыгістамінныя прэпараты, каб палегчыць сімптомы. Падчас наступнага агляду праз два тыдні на яго скуры ўсё яшчэ заставаліся некаторыя рэшткавыя ўчасткі з гіперпігментацыяй, але сверб знік.

Дэрматыт шыітаке рэдка сустракаецца па-за межамі азіяцкіх краін, дзе гэтыя грыбы часцей за ўсё ўжываюць у ежу. Але рост папулярнасці шыітаке ва ўсім свеце прымусіў некаторых лекараў папярэдзіць, што апісаны выпадак верагодна стане больш рэгулярнай з'явай і ў іншых месцах.

Чытайце таксама:

Што трэба ведаць пра грыбы і іх уласцівасці перад тым, як ісці з кошыкам у лес

Дзе ў Беларусі можна зарабіць на мухаморах

Суп з лясных грыбоў

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
13
Сумна
2
Абуральна
1