Фота: gettyimages

Фота: gettyimages

Адвечная праблема аховы здароўя, з якой сутыкаецца чалавецтва — недахоп органаў для тых, хто мае ў іх патрэбу. І нават калі пашанцуе знайсці донара для трансплантацыі, большасць людзей павінны прымаць імунасупрэсіўныя прэпараты, каб прадухіліць адрыньванне, якое парушае здольнасць арганізма абараняцца ад інфекцый і раку.

Адным з рашэнняў абмежаванага запасу органаў з'яўляюцца ксенатрансплантаты — тканкі або органы, перасаджаныя ад іншых відаў, напрыклад, ад свінні або шымпанзэ. Паколькі наша імунная сістэма дакладна распазнае ксенатрансплантат як нечалавечы, гэта не робіць лягчэйшай задачу па выжыванні трансплантаванага органа.

Навукоўцы спрабуюць вырашыць праблему шляхам рэдагавання генаў. Выдаляючы або мадыфікуючы гены пэўных бялкоў, навукоўцы мадыфікуюць органы жывёл — ад сэрцаў да нырак — каб зрабіць іх больш сумяшчальнымі для выкарыстання чалавекам. Так хірургі з Нью-Ёркскага ўніверсітэта Langone Health узялі адну такую ​​генетычна мадыфікаваную нырку ў свінні і перасадзілі яе пацыенту з мёртвым мозгам, сям'я якога пагадзілася на працэдуру. Свіная нырка, якая ўтрымлівала дадатковую тканку з органа пад назвай тымус, здавалася, працавала гэтак жа добра, як і нырка чалавека, і не была адрынута цягам цэлага месяца пасля аперацыі.

Працэдура, праведзеная 14 ліпеня, стала пятай ксенатрансплантацыяй, праведзенай у Нью-Йоркскім універсітэце Langone за апошнія некалькі гадоў, распавядае Inverse. У адной з папярэдніх аперацый генетычна мадыфікаванае сэрца свінні было перасаджана жывому чалавеку, які памёр праз два месяцы. Прычынай смерці стала, аднак, не адрыньванне органа, а меркавана свіны вірус у ксенатрансплантаце.

Як і ў папярэдніх спробах, для апошняй трансплантацыі нырка была атрымана ад свінні, продкі якой былі генетычна зменены так, каб не мець альфа-гал — малекулы цукру, якую людзі страцілі падчас эвалюцыі, але якая засталася ў большасці млекакормячых, такіх як свінні, каровы ці алені. У людзей высокі ўзровень антыцелаў супраць альфа-гал, што выклікае звышвострае адрыньванне; таму выдаленне гена прадухіляе гэтую непажаданую рэакцыю.

Дадаткова перасадка тымуса (ці вілачкавай залозы) ад свінні дазваляе новым клеткам, якія развіваюцца ў арганізме рэцыпіента, распазнаваць антыгены свінні як свае ўласныя. Гэта патэнцыйна можа прывесці да зніжэння імуннага адказу і зніжэння рызыкі адрыньвання ксенатрансплантата.

Вынікі атрымаліся абнадзейваючымі. З дапамогай гэтай пятай ксенатрансплантацыі хірургі спадзяваліся адказаць на два пытанні, на якія не было адказу ў папярэдніх спробах: ці пратрымаецца свіная нырка дастаткова доўга без адрыньвання (пры папярэдніх спробах ацэнка праводзілася на працягу толькі 54-72 гадзін пасля трансплантацыі) і ці можа свіная нырка выконваць тыя ж функцыі, што і чалавечая.

Нырка была перасаджана 57-гадоваму мужчыну з дыягназам гліябластома, у якога была пацверджана смерць мозга. Яго сям'я вырашыла ахвяраваць яго цела, бо яго органы не падлягалі донарству з-за раку. Абедзве ныркі нябожчыка былі выдаленыя і замененыя адной генетычна мадыфікаванай свіной ныркай, якая была праверана на любыя патэнцыйныя ўзбуджальнікі, такія як, напрыклад, свіны цытамегалавірус. 

Новая нырка пасля аперацыі адразу пачала выпрацоўваць мачу. А падчас 32-дзённага назірання, у той час як памерлы знаходзіўся на сістэме жыццезабеспячэння, не было прыкмет адрыньвання органа, і свіная нырка працягвала працаваць даволі добра, адзначалі навукоўцы.

Зараз даследаванне пакуль працягваецца, паколькі даследчыкі плануюць назіраць за ныркай яшчэ на працягу наступных двух месяцаў. Асабліва іх цікавіць, ці сапраўды ўключэнне кавалачка тымуса дапамагае мінімізаваць імунны адказ. Калі гэта так, гэта можа прывесці да падобных стратэгій для іншых органаў, такіх як печань і лёгкія, якія, як вядома, з'яўляюцца больш складанымі з імуналагічнага пункту гледжання, чым ныркі.

Навукоўцы кажуць, што на дадзены момант ёсць пераканаўчыя доказы, якія павінны дадаць упэўненасці перад пачатковай фазай клінічных выпрабаванняў на жывых людзях. Але поспех у памерлых рэцыпіентаў не азначае, што клінічныя выпрабаванні на людзях адбудуцца ў бліжэйшы час. Навукоўцы спадзяваюцца, што далейшыя даследаванні большай колькасці памерлых рэцыпіентаў і поспех з больш працяглымі перыядамі назірання створаць аснову для правядзення даследаванняў сярод тысяч людзей, якія чакаюць органаў проста зараз.

Чытайце таксама:

У Іспаніі ўпершыню ў свеце правялі цалкам рабатызаваную трансплантацыю лёгкіх

На працягу наступных 3 гадоў дактары змогуць перасаджваць свіное сэрца чалавеку

Новы метад трансплантацыі мікрабіёты дазваляе лячыць шмат якія хваробы. А яе крыніца вас вельмі здзівіць

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
0
Абуральна
1