Фота: gettyimages

Фота: gettyimages

Сёння, падобна, усе вялікія дзяржавы спрабуюць адправіць свае касмічныя караблі менавіта на паўднёвы полюс Месяца. Але не ўсе могуць. Пасля ганебнага правалу расійскай месяцовай місіі і крушэння апарата «Луна-25», Індыя апярэдзіла Расію ў званні «касмічнай дзяржавы», паспяхова пасадзіўшы свой апарат «Чандраян-3» на паверхню Месяца. На жаль, невядомая рэакцыя на гэтую падзею Юрыя Лазы, які сцвярджае, што космаса не існуе. Але вядома, што ЗША плануюць высадзіць экіпаж на паўднёвым полюсе нашага спадарожніка ў 2025 годзе; а таксама Кітай плануе пасадку свайго апарата, толькі без экіпажа. Пасля дзесяцігоддзяў у асноўным толькі назіранняў за ​​Месяцам, розныя краіны сталі раптам вельмі зацікаўленымі ў ім. Inverse распавядае, чым тлумачыцца такая цікаўнасць.

Некаторыя прычыны відавочна палітычныя, як і ў 1960-я гады. Але адным з найважнейшых фактараў з'яўляецца тое, што каля паўднёвага полюса Месяца быў выяўлены вадзяны лёд, схаваны ў ценях глыбокіх кратэраў. Гэтая інфармацыя зноў робіць Месяц надзвычай прывабным.

NASA таксама сур'ёзна ставіцца да адпраўкі астранаўтаў на Марс, і агенцтва разглядае Месяц як важную прыступку на гэтым шляху. Усталяванне прысутнасці чалавека на Месяцы дапаможа распрацаваць далейшыя планы і тэхналогіі, якія астранаўты змогуць выкарыстоўваць пазней на шляху да Марса. Так NASA разлічвае выкарыстоўваць Месяц і касмічную станцыю на калямесяцовай арбіце пад назвай Gateway у якасці прамежкавых пунктаў для будучых доўгіх марсавых місій.

Запланаваная NASA касмічная станцыя Gateway будзе абарачацца па калямесяцовай арбіце і выступаць у якасці базы для навуковых даследаванняў і забеспячэння для місій, якія накіроўваюцца на Марс. На гэтай ілюстрацыі паказаныя першыя два элементы Gateway: сілавы і рухальны элемент (PPE), а таксама жылы і матэрыяльна-тэхнічны пункт (HALO) / Ілюстрацыя: NASA

Запланаваная NASA касмічная станцыя Gateway будзе абарачацца па калямесяцовай арбіце і выступаць у якасці базы для навуковых даследаванняў і забеспячэння для місій, якія накіроўваюцца на Марс. На гэтай ілюстрацыі паказаныя першыя два элементы Gateway: сілавы і рухальны элемент (PPE), а таксама жылы і матэрыяльна-тэхнічны пункт (HALO) / Ілюстрацыя: NASA

Краіны кшталту Кітая, Індыі і Расіі таксама нацэльваюцца на паўднёвы полюс. У некаторых выпадках іх касмічныя агенцтвы быццам маюць доўгатэрміновыя амбіцыі для ўласных місій на Марс, але ў кароткатэрміновай перспектыве гэтыя краіны хутчэй хочуць атрымаць прэстыж высадкі на Месяц. То бок сапраўдная іх матывацыя выглядае хутчэй палітычнай.

Што такога важнага на паўднёвым полюсе?

Гэты рэгіён багаты на кратары і з'яўляецца надзвычай перасечанай мясцовасцю, якая вельмі адрозніваецца ад адносна гладкай плоскай паверхні з астылай лавы, якую астранаўты місіі Апалон даследавалі ў 1970-х гадах. І на паўднёвым полюсе, верагодна, знаходзіцца ключ да самадастатковай месяцовай базы: той самы вадзяны лёд, захаваны на дне пастаянна зацененых самых глыбокіх кратараў.

Калі вы хочаце стварыць базу на Месяцы, замарожаная вада будзе карысная для многіх мэтаў. Вы, вядома, можаце размарозіць яе і выпіць, але вы таксама можаце падзяліць яе на малекулы, каб атрымаць вадкі вадарод і кісларод для ракетнага паліва (і, вядома, кісларод таксама падыходзіць для дыхання).

Усе гэтыя рэчы, вядома, можна ўзяць з сабою з ​​Зямлі, але вада надзвычай цяжкая, што робіць палёт у разы даражэйшым. Базе на Месяцы, відавочна, нашмат танней атрымліваць ваду, ракетнае паліва і кісларод для дыхання з суседняга кратара, чым атрымліваць іх з Зямлі.

Зацененыя кратэры паўднёвага полюса ўтрымліваюць вадзяны лёд / Выява: NASA

Зацененыя кратэры паўднёвага полюса ўтрымліваюць вадзяны лёд / Выява: NASA

Якія краіны ўступілі ў месяцовую гонку?

Асноўнымі сапернікамі пакуль з'яўляюцца ЗША, Кітай, Індыя і, як ні дзіўна, Расія. Заяўляецца, канешне, што кожная з гэтых краін плануе супрацоўнічаць з іншымі, але як будзе на справе — ніхто не ведае. Будучы кітайскі пасадачны апарат «Chang'e-6» будзе несці інструменты з Францыі, Італіі, Швецыі і Пакістана. Наступная месяцовая місія Індыі будзе сумеснай з Японіяй. А NASA працуе над сваёй праграмай Artemis разам з Еўрапейскім касмічным агенцтвам (ESA) паралельна з касмічнымі агенцтвамі Германіі, Ізраіля, Італіі і Японіі.

Вось які графік скарэння паўднёвага полюса Месяца існуе на сённяшні дзень.

  • 2024: Астранаўты NASA знаходзяцца на арбіце вакол Месяца падчас місіі Artemis II. Кітайскі спускавы апарат «Chang'e-6» без экіпажа прывязе ўзоры горных парод і рэгаліту з адваротнага боку Месяца.
  • 2025: NASA запусціць першыя два модулі касмічнай станцыі Gateway. Астранаўты NASA сядуць ля паўднёвага полюса Месяца падчас місіі Artemis III.
  • 2026: Кітайскі апарат «Chang'e-7» без экіпажа сядзе каля паўднёвага полюса Месяца разам з пасадачным апаратам і лятаючым беспілотнікам.
  • 2027: Расійская місія «Луна-26» (калі яна працягнецца пасля крушэння «Луны-25») будзе круціцца на месяцовай арбіце.
  • 2026-2028: Індыйская місія «Chandrayaan-4» без экіпажа разам з Японіяй пасадзіць марсаход каля паўднёвага полюса.
  • 2028: Кітайская місія «Chang'e-8» без экіпажа сядзе каля паўднёвага полюса і выпрабуе тэхналогію 3D-друку будынкаў з рэгаліту. Місія NASA Artemis IV з экіпажам высадзіць больш астранаўтаў на Месяц і даставіць асноўны модуль для пражывання на Gateway.
  • 2029: місія NASA Artemis 5 з экіпажам даставіць на Месяц больш астранаўтаў і месяцаход.
  • 2029-2031: NASA даставіць яшчэ чатыры модулі на Gateway і высадзіць больш астранаўтаў на Месяц з дапамогай місіі Artemis 6 з экіпажам.
  • 2035: Кітай і Расія плануюць стварыць сумесную месяцовую базу з экіпажам пад назвай «Міжнародная станцыя даследавання Месяца».

Улічваючы палітычную і эканамічную напружанасць паміж Злучанымі Штатамі і Кітаем (і само сабой Расіяй), а таксама той факт, што Кітай і ЗША прыглядаюцца да некаторых адных і тых жа месцаў пасадкі для «Chang'e-7» і Artemis III — міжнародная гонка па скарэнні паўднёвага полюса абяцае быць вельмі напружанай.

Чытайце таксама:

4G-інтэрнэт павінен з’явіцца на Месяцы да канца гэтага года

Юрый Лаза заявіў, што космасу не існуе

Баяліся, што індыйцы іх апярэдзяць. Эксперт абвінаваціў у крушэнні «Луна-25» чыноўнікаў і касмічную гонку

Клас
35
Панылы сорам
6
Ха-ха
8
Ого
8
Сумна
16
Абуральна
27