Фота: Fervo Energy

Фота: Fervo Energy

Амерыканская кампанія Fervo Energy заяўляе, што дасягнула прарыву ў геатэрмальных тэхналогіях. Яна правяла 30-дзённыя выпрабаванні свідравіны на сваёй пляцоўцы ў паўночнай Невадзе і кажа, што ў выніку выпрабаванняў былі атрыманыя рэкорды хуткасці выпрацоўкі электраэнергіі і магутнасці «ўдасканаленай геатэрмальнай сістэмы» (EGS).

Чакаецца, што Fervo падключыць свой аб’ект да сеткі сёлета. Сярод іншага ён будзе выкарыстоўвацца для сілкавання дата-цэнтраў Google. Гэта першы выпадак, калі энергетычная кампанія паказала, што EGS можа працаваць у камерцыйных маштабах. Шлях да гэтага быў доўгі: навукоўцы спрабавалі зрабіць EGS яшчэ з 1970-х гадоў.

Удасканаленая геатэрмальная сістэма (EGS): 1) вадасховішча, 2) помпавая станцыя, 3) цеплаабменнік, 4) турбінная зала, 5) здабыўная свідравіна, 6) нагнятальная свідравіна, 7) гарачая вада для цеплацэнтралі, 8) порыстыя адклады, 9) назіральная свідравіна, 10) крышталічная пародаВыява: Wikimedia Commons / Siemens Pressebild

Удасканаленая геатэрмальная сістэма (EGS):
1) вадасховішча, 2) помпавая станцыя, 3) цеплаабменнік,
4) турбінная зала, 5) здабыўная свідравіна, 6) нагнятальная свідравіна, 7) гарачая вада для цеплацэнтралі, 8) порыстыя адклады, 9) назіральная свідравіна, 10) крышталічная парода
Выява: Wikimedia Commons / Siemens Pressebild

Каб натуральная геатэрмальная сістэма вырабляла электраэнергію, ёй неабходна спалучэнне цяпла, вадкасці і пранікальнасці пароды. У многіх раёнах горная парода мае неабходны ўзровень цяпла, але недастатковую пранікальнасць, каб праз яе цякла вадкасць, тлумачыць выданне Engaget.

Што робіць EGS? Стварае такую пранікальнасць штучна шляхам бурэння глыбокай свідравіны і запампоўкі вадкасці для стварэння расколін у пародзе. Такі падыход можа значна павялічыць колькасць патэнцыйных пляцовак для геатэрмальных электрастанцый.

Fervo кажа, што з’яўляецца першай кампаніяй, якая паспяхова прабурыла пару гарызантальных свідравін для камерцыйнай геатэрмальнай здабычы, дасягнуўшы тэмпературы 191°C.

Адной з галоўных пераваг геатэрмальных электрастанцый з'яўляецца тое, што яны ўвогуле не выкідваюць вуглякіслага газу. Менавіта такую мэту пераследуе Google: да 2030 года перавесці ўсе офісы і цэнтры апрацоўкі даных на безвугляродную энергію. Пры гэтым геатэрмальныя ўстаноўкі могуць працаваць круглыя суткі (у адрозненне ад сонечнай і ветраной энергіі). Па словах генеральнага дырэктара Fervo, галоўныя перашкоды для шырэйшага распаўсюджвання EGS сёння — зніжэнне выдаткаў і цяганіна з нарматывамі.

Кампанія спадзяваецца паўтарыць свой поспех на іншым аб’екце ў штаце Юта. Калі Fervo зноў дасягне падобных вынікаў і зможа паспяхова мадэрнізаваць дызайн для максімальнага павелічэння магутнасці, то ўстаноўка зможа вырабляць дастаткова электраэнергіі для адначасовага сілкавання 300 000 дамоў, заяўляюць у кампаніі. А гэта прыкладна чвэрць усіх дамоў у штаце Юта.

У кампаніі Google з аптымізмам глядзяць на партнёрства з Fervo, якое распачалося яшчэ ў 2021 годзе, і бачаць вялікі патэнцыял для геатэрмальнай тэхналогіі, ужо называючы апошняе дасягненне Fervo «важнай тэхнічнай вяхой».

Чытайце таксама:

Ці змогуць акіянскія хвалі стаць для чалавецтва невычэрпнай крыніцай энергіі?

Вялізныя «пясчаныя батарэі» — новая тэхналогія для захоўвання лішкаў сонечнай і ветравой энергіі

Вялікая батарэя зможа забяспечваць энергасілкаваннем увесь ваш дом амаль тыдзень

Клас
42
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
2