Самы хуткі дызельны BMW

Самы хуткі дызельны BMW

Аўтамабіль 1990 года выпуску ў свае часы выклікаў трымценне, але цяпер такіх засталося мала. Генадзь даў яму новае жыццё і нават перамог у гонках.

Дзіўна, але мужчына змог запхнуць у старое аўто рухавік ад BMW 2009 года выпуску, і цяпер гэта самы хуткі BMW у Беларусі з дызеляў у кузаве Е34. Гэта адзіны ў свеце такі праект.

У BMW E34 матор ад Е60

У BMW E34 матор ад Е60

«Сабраў яе ў 2020 годзе, і потым яна яшчэ дапрацоўвалася. Гэта цалкам мая пабудова, маімі рукамі сабраная. Для мяне гэта быў дызель. З бензінавай можна было б зняць і больш коней, і яшчэ хутчэй паехаць. Але цікава было зрабіць менавіта дызельную «ракету». Лічыцца ж, што дызелі — гэта трактар, на ім трэба нешта цягаць, а не на гонках ездзіць», — распавёў Генадзь.

Так і было. Генадзь удзельнічаў на ёй у чэмпіянаце Беларусі па драг-рэйсінгу ў 2021 годзе. Заняў першае месца ў сваім класе ў заездзе на 402 метры.

BMW Генадзя перамагла ў заездзе

BMW Генадзя перамагла ў заездзе

Наколькі хутка яна паскараецца?

Былі зроблены замеры, згодна з якімі да сотні кіламетраў за гадзіну яна разганяецца за 4,48 секунды. Дыстанцыю 402 метры едзе за 12,3 секунды.

Вынікі вымярэння хуткасці

Вынікі вымярэння хуткасці

Дзівосны вынік для машыны 1990 года. Такіх даных у тыя часы не мела нават М5 («зараджаная» версія пяцёркі BMW). Матор змог выдаць 400 конскіх сіл пры 800 круцячага моманту.

Генадзь — самавук. Круціць машыны і дапрацоўваць іх — яго любімае хобі. Ён кажа, што аўтамабіль прыведзены да выдатнага стану:

«Гэтая 34-ка не корч, машына як з завода. Усё зроблена максімальна прыгожа. Пад капотам матор стаіць, як заводскі. Калі хто не ведае, то і не адрозніць, што ён з машыны на 18 гадоў маладзейшай», — кажа Генадзь.

Гэтая класічная BMW і цяпер выглядае шыкоўна

Гэтая класічная BMW і цяпер выглядае шыкоўна

Расход, мабыць, касмічны?

Вы не паверыце, але расход цалкам адэкватны, калі не рваць з месца на святлафоры да сотні. Генадзь Шэлест растлумачыў, што машына цалкам падыходзіць для штодзённага кіравання, а не толькі для гонак.

«Рабіў машыну, каб яна кіравалася, каб на ёй можна было ездзіць кожны дзень. І каб з адэкватным расходам. Сем літраў на сотню па трасе яна бярэ. А па горадзе, калі не тапіць, то да 10. Расход як па заводзе ў Е60. Гэта і лагічна, таму што ўся магутнасць у нас на вялікай турбіне, а ездавыя абароты ў прынцыпе не мяняліся. Таму і не жарэ больш на невялікіх абаротах».

І колькі гэта каштавала?

Цяпер Генадзь прадае яе за 15 500 даляраў. А колькі ўклаў за ўвесь час?

«Каб дамагчыся такога выніку, укладзена туды было тысяч з 27 даляраў прыкладна. Там жа не проста звычайная машына. Гэта па факце М5 з маторам ад Е60. Там стаяць тармазы з М5 — самай хуткай машыны ў седане ў 1990-я гады. Салон увесь ад М5 Е34, падвеска ўся. Там шмат ад М5. Мог і матор ад М5 паставіць, але ў гэтым няма сэнсу, ён не едзе, як мне трэба».

Гэтая BMW не была такой хуткай нават у 1990-я

Гэтая BMW не была такой хуткай нават у 1990-я

Якія планы далей?

Дзіўна, але робячы такі ўнікальны праект, можна сказаць, адзіны ў свеце, у ютубе нічога пра яго няма. Генадзь кажа, што толькі цяпер задумваецца пра ютуб-канал, і, магчыма, на ім мы ўбачым іншыя ягоныя мадэрнізаваныя аўто.

«Мне ўсе людзі казалі, што такія крутыя праекты робіш, давай здымаць у ютуб. Усё ніяк не атрымлівалася. Але сёння думаем пра гэта ў перспектыве. Мы ўжо заканчваем іншую БМВ на 450 конскіх сіл і хочам пабудаваць самы хуткі дызельны УАЗ Патрыёт на такім маторы».

Іншы BMW, праца над якім заканчваецца, гэта 3-я серыя ў кузаве E46/5, але туды ўдалося «запхнуць» 450 конскіх сіл.

Гэтую «тройку» БМВ цяпер дапрацоўваюць 

Гэтую «тройку» БМВ цяпер дапрацоўваюць 

Чытайце таксама:

«Іншы б зляпіў, каб аўтамабіль хутчэй паехаў. А я раблю, каб было моцна і прыгожа». Як палескі майстар рэанімуе старую тэхніку

«За 100 000 даляраў можна ўсе машыны прадаць, але я не прадаю». Гродзенец сабраў унікальную калекцыю рэтрааўтамабіляў

Нямецкі рухавік, гідраўліка, плуг у падарунак. Як выглядаюць і колькі каштуюць беларускія трактары-самаробкі 

Клас
6
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1