Мікалай Петрушэнка

Мікалай Петрушэнка

Адстаўны палкоўнік, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Мікалай Петрушэнка падрабязна распавёў, што адбылося з ім у апошнія дні, заўважыў канал «Витебск, я гуляю». Аказалася, што яго судзілі за публікацыі ва Укантакце, якія змяшчаюць спасылкі на так званыя экстрэмісцкія медыя. 

Петрушэнку судзілі за публікацыю 2017 года. Партал tut.by напісаў пра спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі сын з унукамі Петрушэнкі. Адстаўны палкоўнік думаў, што лёгка дакажа ў судзе абсурднасць абвінавачанняў. Але ўсё аказалася не так проста. 

Петрушэнка даводзіць, што на момант публікацыі і потым яшчэ больш за 4 гады tut.by не зʼяўляўся экстрэмісцкім. 

«Талачынскі РАУС не можа цяпер дзейны артыкул 19.11 ч. 2 Адміністрацыйнага кодэкса, у частцы адказнасці за распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, унесенай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкай літаратуры, распаўсюджваць на адносіны, якія існавалі на момант маіх публікацый.

У змесце апублікаваных мною матэрыялаў няма заклікаў да экстрэмісцкіх дзеянняў. Яны не прапагандуюць такую ​​дзейнасць, а значыць, няма падставаў для прыцягнення мяне да адказнасці па артыкуле 19.11 ч. 2 Адміністрацыйнага кодэксу РБ», — піша ён. 

Петрушэнка піша, што распаўсюджаныя ім інфармацыйныя матэрыялы нельга лічыць «экстрэмісцкімі», бо «экстрэмісцкія матэрыялы — гэта інфармацыя, прызначаная для публічнай дэманстрацыі ў мэтах уцягвання ў экстрэмісцкую дзейнасць і яе прапаганды і прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам рашэннем суда». 

«Я такіх мэт не ставіў! Падрыхтаваныя мною інфармацыйныя матэрыялы на заключэнне экспертаў не выносіліся, у судзе яны не прызнаныя экстрэмісцкімі, іх змест нават ускосна не можа выкарыстоўвацца ў экстрэмісцкіх мэтах», — піша ён. 

«Супрацоўнікі РАУС маюць права шукаць доказы маёй віны ў змесце маіх публікацый, але яны не маюць права гуртам абʼяўляць экстрэмісцкімі ўсё раней апублікаванае на цяпер забароненых сайтах. У краіне і без гэтага выяўлена і прызнана судамі дастатковая колькасць экстрэмісцкіх публікацый, пералік якіх складае тоўсты том з 1300 старонак», — абураецца ён. 

Выглядае, што Петрушэнка не ведаў, што ў Талачыне за мінулы год не менш за 2 дзясяткі чалавек судзілі менавіта па гэтых жа самых падставах. «Вось што бывае, калі сталінізм нечакана прыходзіць да сталініста, — піша канал «Витебск, я гуляю».

Мужчына неўзабаве пасля суда вырашыў выдаліць свае сацсеткі і праінфармаваў пра гэта намесніка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі: маўляў, радзеюць канапныя войскі, што за вас змагаюцца, прыміце меры. 

Суд у адносінах да Петрушэнкі пакуль нічым не скончыўся — справу вярнулі ў РАУС на дапрацоўку.

Чытайце таксама:

Паплечніка Карач, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР Петрушэнку будуць судзіць за «экстрэмізм»

Прарасійская актывістка Мірсалімава атрымала гіганцкі штраф — за «адзіночны пікет з БЧБ»

«Мне сорамна, што жанчыну адправілі за краты». Беларус, чыя скарга прывяла Мірсалімаву ў ізалятар, расказаў, што адбылося

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
80
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
9