Арцём Камінскі. Фота: яго фэйсбук-старонка
Імя загінулага — Арцём Камінскі. Ён меў літоўскае грамадзянства, але карані ў мужчыны — беларускія. Бацькі Арцёма, беларусы, перабраліся ў Вільню шмат гадоў таму, і цяпер з радзімай іх звязвае хіба што старая дзядоўская хата ў Астравецкім раёне.
12 чэрвеня Арцём з роднымі якраз і наведвалі гэтую хату, каб упарадкаваць тэрыторыю ля яе. Трагедыя здарылася, калі сям’я ўжо скіроўвалася дахаты: Арцём ехаў на матацыкле Suzuki, яго сваякі — на машыне. Паводле зводак, мужчына рухаўся па трасе Р52 Гоза — Астравец — Ашмяны, на 15-м кіламетры трасы Камінскі пачаў абганяць на скрыжаванні. У гэты момант 35-гадовы кіроўца аўтамабіля Mazda, які рухаўся ў тым жа кірунку, стаў паварочваць налева і сутыкнуўся з матацыклам Камінскага. Арцём загінуў на месцы, кіроўца машыны не пацярпеў.
Крыніца: кадр з роліка УУС Гродзенскага аблвыканкама
Знаёмыя Камінскага апісваюць яго як дужа асцярожнага чалавека, таму дакладна не зразумела, што здарылася на той трасе. Кіроўцу Mazda, грамадзяніна РФ, прызналі невінаватым у здарэнні.
Арцём скончыў Віленскую беларускую гімназію імя Францішка Скарыны, адвучыўся ў медыцынскім універсітэце ў Мінску і працаваў стаматолагам у Вільні. Знаёмыя згадваюць яго як пазітыўнага чалавека, актывіста ў школьныя часы. Тады ж, падчас навучання, Арцём сустрэў сваю жонку, таксама беларуску і навучэнку Віленскай беларускай гімназіі — яна была яго аднакласніцай.
З Камінскім развітваюцца ў Вільні 15 чэрвеня. Акрамя жонкі, у мужчыны таксама засталася двухгадовая дачка, якую ён пахрысціў два тыдні таму.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»У Валожыне казуля выбіла акно кінатэатра