Як сцвярджаюць лукашэнкаўскія прапагандысты, ва Украіне ў магазінах уводзяцца цэннікі і аплата ў злотых. «Жыхары Цярнопальскай і Львоўскай абласцей Украіны ў сацыяльных сетках дзеляцца фатаграфіямі з крамаў, дзе цэны ў двух валютах — ўкраінскіх грыўнях і польскіх злотых. Людзі асцерагаюцца, што хутка іх рэгіёны стануць польскімі абласцямі. І вышэйшае кіраўніцтва толькі гэтаму спрыяе», — брэша ў сваім сюжэце АНТ. 

«Усё больш відавочна, што гаспадарамі на заходніх ўкраінскіх землях становяцца менавіта палякі, якім ужо заканадаўча перадалі на гэтых тэрыторыях асаблівы статус. А правалы ў эканоміцы краіны Варшава спрабуе зарэтушаваць менавіта такімі сумнеўнымі поспехамі па адраджэнні былой імперыі», — дадаюць прапагандысты. 

У якасці «доказаў» прыводзяцца невядома дзе і кім зробленыя фотаздымкі цэннікаў.

На цэнніку напісана «капуста», але на фота мы бачым іншую гародніну. Ды і ва Украіне няма такіх цэн на капусту зараз: сярэдняя цана за кілаграм у раёне 20—30 грыўняў (каля 1,30 — 1,90 беларускага рубля за кілаграм).

Прапагандысты не прыводзяць ніякай першакрыніцы. Фотаздымкі прысутнічаюць выключна на беларускіх і расійскіх прапагандысцкіх рэсурсах, але на ўкраінскіх медыярэсурсах і суполках нічога падобнага няма.

Аналагічныя наратывы пра цэннікі ў злотых можна сустрэць і ў эфіры іншых лукашэнкаўскіх каналаў. 

Насамрэч, ніякіх цэннікаў у злотых ва ўкраінскіх магазінах няма. «Наша Ніва» асабіста ў гэтым пераканалася. Усе цэны як былі, так і застаюцца ў грыўнях. Вось так выглядаюць цэннікі ў Львове. 

Цэннікі ў дзвюх валютах ва Украіне можна сустрэць толькі на акупаваных Расіяй тэрыторыях. І цэны там не ў злотых, а ў расійскіх рублях.

На многіх акупаваных тэрыторыях працягваюць паралельна знаходзіцца ў абарачэнні дзве валюты, хаця акупацыйная адміністрацыя не прыхоўвае свайго жадання інтэграваць украінскія тэрыторыі ў зону расійскага рубля і цалкам адмовіцца ад грыўні. 

Такім чынам, прапаганда такой хлуснёй адцягвае ўвагу расіян і беларусаў ад таго, хто рэальны захопнік і што расіяне робяць у Херсоне і Марыупалі. 

Клас
4
Панылы сорам
123
Ха-ха
24
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
28