У тэлеграм-канале палка «Азоў» пішацца наступнае:
«Каля гадзіны таму расійскія акупацыйныя войскі выкарыстоўвалі супраць украінскіх вайскоўцаў і цывільных асоб у горадзе Марыупаль атрутнае рэчыва невядомага паходжання, якое было скінута з варожага беспілотнага лятальнага апарата.
У пацярпелых назіраецца дыхальная недастатковасць, вестыбула-атактычны сіндром. Наступствы выкарыстання невядомага рэчыва ўдакладняюцца».
Крыніца, блізкая да Мінабароны Украіны, паведаміла «Суспільному», што імавернасць выкарыстання Расіяй хімічнай зброі «вельмі высокая».
Пасля ў сваім звароце лідар «Азова» Андрэй Білецкі паведаміў, што расіяне ўжылі хімічную зброю над заводам «Азоўсталь», які ўтрымліваюць украінскія абаронцы з ягонага палка. Білецкі сцвярджае, што трое байцоў палка пацярпелі. Пацярпелыя, па ягоных словах, знаходзяцца ў здавальняючым стане.
Абвяржэння або пацвярджэння з расійскага боку пакуль што не было.
Нагадаем, раней заходнія разведкі папярэджвалі, што расіяне могуць арганізаваць хімічную атаку ва Украіне.
А акурат сёння «палкоўнік» войскаў самаабвешчанай «ДНР» Эдуард Басурын прапанаваў выкарыстоўваць супраць украінскіх падраздзяленняў у Марыупалі хімічную зброю.