Нагадаем, раніцай 18 мая сілавікі ўварваліся ў галоўны і рэгіянальныя офісы Tut.by і ў кватэры некалькіх супрацоўнікаў.

У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што ў дачыненні да службовых асоб ТАА «Тут бай Медыя» распачатая крымінальная справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Маючы статус рэзідэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў, паведамляе партал.

Супрацоўнікі, якія былі ў галоўным офісе, і журналісты, што прыехалі да іх, перасталі выходзіць на сувязь. Многіх з іх пратрымалі ў будынку да позняй ночы.

Паралельна з гэтым Мінінфарм абмежаваў доступ да сайта Tut.by, спасылаючыся на тое, што Генпракуратура ўстанавіла факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння ў публікацыях забароненай інфармацыі. У прыватнасці незарэгістраванага фонду BYSOL. Абмежаваны доступ і да іншых інтэрнэт-рэсурсаў TUT.BY, уключаючы пошту mail.tut.bу і праект па зборы грошай на лячэнне help.blog.tut.by.

Ператрусы прайшлі ў галоўнага рэдактара Марыны Золатавай, рэдактараў Ганны Рудэнка, Вольгі Саўкіў, намесніка галоўнага рэдактара Максіма Гайко, журналіста Алены Талкачовай.

Ганна Рудэнка і Вольга Саўкіў пасля ператрусаў засталіся на волі. Марыну Золатаву і Алену Талкачову забралі на допыт у ДФР. Галоўны рэдактар паспела паведаміць, што яна, дырэктар ТАА «Тут бай медыя» Людміла Чэкіна і галоўны бухгалтар кампаніі Анжэла Асад могуць праходзіць па артыкуле 243 КК.

Максім Гайко выйшаў на волю ўвечары пасля допыту ў ДФР, у той час як некаторых супрацоўнікаў павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.

У гэты ж дзень сілавікі прыходзілі таксама ў офісы Hoster.by і av.by.

На гэты момант затрыманыя 11 супрацоўнікаў TUT.BY:

— намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік

— намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка

— менеджар Андрэй Аўдзееў

— рэдактар Вольга Лойка 

— журналіст Алена Талкачова

— галоўны рэдактар Марына Золатава

— генеральны дырэктар Людміла Чэкіна

— галоўны бухгалтар Анжэла Асад

— намеснік дырэктара Ірына Рыбалка

— галоўны інжынер Ала Лапатка

— юрыст Кацярына Ткачэнка.

Статус затрыманых да гэтага часу незразумелы.

Толькі 20 мая стала вядома, што ўдава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам. Да таго часу нават родныя не ведалі, дзе яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0