За «Бастыён» гуляюць Віктар і Мікалай, за «Шчыт» — Дзмітрый (усе трое ўзялі ўдзел і ў чацвярговым матчы). Вочнае супрацьстаянне скончылася перамогай «Бастыёна» з лікам 2:0 — для яго гэта 26-я вікторыя ў 26 паядынках рэгулярнага чэмпіянату.
Але самым яркім эпізодам гульні сталі не забітыя шайбы, а вельмі брудная гульня Дзмітрыя Лукашэнкі. У сярэдзіне першага перыяду ён спачатку зачапіў суперніка клюшкай паміж ног, а потым яшчэ і паваліў яго.
За гэта ад суддзі наступілі самыя жорсткія санкцыі — каманда на пяць хвілін засталася ў меншасці, а Дзмітрый Лукашэнка быў выдалены да канца матчу.
Пацярпелы — ім аказаўся лайнсмен Экстралігі Дзмітрый Чыжэўскі, найлепшы бамбардзір аматарскага Д2 на гэты момант з 75 баламі ў 26 матчах — пакінуў пляцоўку толькі з дапамогай партнёраў.
Сцэна разгарнулася на вачах у Лукашэнкі-бацькі, які прыехаў на паядынак.