Увечары 10 жніўня доктара-рэаніматолага Андрэя Вітушку затрымалі каля будынка Цэнтральнага РУУС. Туды ён прыехаў разам з жонкай, каб забраць непаўналетняга сына Мірона, якога звёз АМАП.

Больш за трое сутак Андрэй правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў адной камеры з Уладзіславам Сакалоўскім. Гэта ён уключыў песню «Перамен» на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы, за што суд пакараў яго 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Палову з іх, пераказвае словы Улада Андрэй, той правёў у карцары. У камеру яго перавялі без адзення, у адной бялiзне, піша Tut.by.

Андрэй кажа, што яго не білі, на вуліцы ён таксама доўга не стаяў, як распавядаюць многія затрыманыя, якіх нядаўна адпусцілі з ЦІПа.

«Такое было з людзьмі, якія заязджалі ў нашу камеру на працягу 11 жніўня. Яна разлічаная на шэсць чалавек. Але сама меней у ёй было 19 чалавек, максімальна — 32. Паўтара дня нас не кармілі. Вада — з-пад крану, яе можна было набраць у дзве пластыкавыя бутэлькі, з якіх пілі ўсе. Напачатку быў невялікі кавалачак мыла, які мы хутка змылілі. Толькі на трэція суткі супрацоўнікі выдалі яшчэ адзін. Туалетнай паперы таксама не было, яна з’явілася пасля», — апісвае Андрэй.

На другі дзень знаходжання ў ЦІПе ў камеру да Андрэя Вітушкі перавялі Уладзіслава Сакалоўскага. Гэта адзін з гукарэжысёраў Палаца дзяцей і моладзі, які ўключыў песню «Перамен» на Дні адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі 6 жніўня ў Кіеўскім скверы. За гэта суддзі Цэнтральнага раёна Мінска далі яму і Кірылу Галанаву па 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Улад на фота злева. Надзея Бужан

Улад на фота злева. Надзея Бужан

«Першыя пяць сутак Уладзіслаў знаходзіўся ў карцары. Гэта такое невялікае памяшканне, дзе ёсць ложак, які прышпіляецца да сцяны і адкідваецца толькі на ноч, кран, замест ракавіны — сметніца, і так званая «параша», то-бок прыбіральня. Улад распавядаў, што там было халодна, на падлозе — хлорка.

Паводле яго словаў, першыя двое сутак яму не давалі спаць — проста не адкідвалі ложак, таму ён сядзеў на зэдліку альбо на падлозе. Астатнія трое сутак яму ўжо дазвалялі спаць уначы. Ясна, што ніякіх перадач яму не перадавалі», — распавядае Андрэй Вітушка.

«Да нас яго перавялі ў адных майтках, з босымі нагамі. Сказаў, што адзенне забралі. Уладзіслаў — нармальны, адэкватны, харошы, разумны малады чалавек. Трымаўся бадзёра. Было відаць, што яму няпроста трываць гэта ўсё, але ён трымаецца. Радаваўся салідарнасці людзей, таму, што яго памятаюць. Быў здзіўлены, што яму з калегам Кірылам Галанавым сабралі сродкі. Выказваў некаторыя апасенні, што будуць шыць дадатковыя крымінальныя справы, каб адпомсціць за ўчынак. Мы стараліся пераканаць у адваротным, што цяпер ён пад моцным грамадскім наглядам», — кажа доктар.

Андрэй Вітушка адзначае, што многія на Акрэсціна распавядалі менавіта пра Улада. Пра другога хлопца — Кірылу Галанава — ён нічога не чуў.

«Галоўнае, каб на хвалі таго, што ў нас пару тысяч чалавек выйшла на волю, пасядзеўшы трое сутак, мы не забылі пра тых, каму цяжка і чые правы парушаюцца. Менавіта праз гэта вырашыў звярнуцца да вас. У камеры банальна няма чым заняцца. Ты пагружаны ў свае думкі, таму там крытычна важна мець нешта пачытаць. Трэба нечым заняць сваю свядомасць. Не зашкодзіў бы яму паложаны душ, прагулкі, перадачы — гэта ўсё прадугледжана заканадаўствам».

Андрэй выказвае падзяку сваім калегам, якія на працягу двух дзён выходзілі на праспект Дзяржынскага з яго партрэтам, выступалі супраць гвалту і патрабавалі адпусціць затрыманых калег.

«Я вельмі ўсцешаны ўчынкам калег. Я неверагодна ўражаны, дзякуй усім!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?