У італьянскім горадзе Бергама, які больш за ўсё пацярпеў ад каранавіруса, у пятніцу дапытаюць прэм'ер-міністра Джузэпэ Контэ, пасля таго як сваякі людзей, якія памерлі ад COVID-19, абвінавацілі ўрад у халатнасці і запатрабавалі правесці расследаванне. Контэ заявіў, што яму няма чаго баяцца, піша Бі-бі-сі.

Сваякі памерлых лічаць, што ў Бергама і іншых асноўных эпіцэнтрах успышкі каранавіруса неабходна было ўводзіць каранцін раней, чым гэта зрабілі ўлады.

У чацвер пракуратура горада атрымала 50 юрыдычных скаргаў, пададзеных грамадскай арганізацыяй Noi Denunceremo, у якую ўваходзяць сваякі памерлых.

Яны лічаць, што два гарады ў Ламбардыі — Альца-Ламбарда і Нембра — неабходна было абвяшчаць чырвонымі зонамі адразу пасля выяўлення там успышак каранавіруса.

Гэта першы групавы пазоў у Італіі, звязаны з пандэміяй. У Ламбардыі ва ўладзе знаходзіцца апазіцыйная правая партыя «Ліга поўначы», і шмат хто вінаваціць яе ў нездавальняючай арганізацыі барацьбы з каранавірусам, а не цэнтральны ўрад.

Акрамя прэм'ера, пракуратура дапытае міністра ўнутраных спраў Лучане Ламарджэзе і міністра аховы здароўя Раберта Спэранцы.

Пракуроры хочуць вызначыць, ці ёсць падставы для прад'яўлення абвінавачванняў у злачыннай халатнасці.

Па Еўропе каранавірус пачаў распаўсюджвацца менавіта з Ламбардыі, больш за палову ўсіх смерцяў у Італіі прыпадае на гэты рэгіён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0