Травень у гэтым годзе надвор'ем не радуе. Асабліва занепакоеныя дачнікі, якія ўжо, напэўна, засадзілі агароды ў надзеі на багаты ўраджай. Начныя замаразкі могуць скарэктаваць гэтыя планы. А таму начны «мінус» лепш папярэджваць — каб пасля не сумаваць, збіраючы дробную бульбу ці не вельмі смачныя памідоры.

Што трэба ратаваць ад маразоў?

Травеньскія і чэрвеньскія замаразкі лічацца самымі небяспечнымі для раслін. Калі ў красавіку большасць пасадак знаходзяцца яшчэ ў зародкавым стане, у якім яны нядрэнна абароненыя ад навакольнага асяроддзя, то бліжэй да сярэдзіны траўня пачынаецца актыўны перыяд цвіцення. У гэты час расліны найбольш уразлівыя, і нават лёгкія замаразкі могуць могуць іх забіць.

Пры гэтым мінусавая тэмпература прыводзіць да застывання клеткавага соку. У такім стане клеткі гінуць, а разам з імі гіне і расліна. Гэта не тычыцца зеляніны — цыбулі, часнаку і пятрушкі. Гэтыя расліны могуць перажыць мароз да 8-10 градусаў, і яны вельмі ўстойлівыя да вясновых замаразкаў.

Зусім іншая рэч — агуркі, памідоры, перцы, кабачкі, баклажаны, ягады, а таксама многія костачкавыя дрэвы. Усе гэтыя расліны вельмі не любяць нізкую тэмпературу, а прагназаваныя -2 для іх і ўвогуле могуць стаць смяротнымі.

Трохі іншая сітуацыя з бульбай. Яна таксама не любіць маразоў, але найбольш уразлівай гэтая культура робіцца бліжэй да канца чэрвеня.

Можна проста накрыць

Але што рабіць, калі агарод засаджаны, а па тэлевізары абвяшчаюць штармавое папярэджанне пра замаразкі? Ёсць цалкам класічны спосаб, які выкарыстоўваюць, мабыць, усе дачнікі. Калі наперадзе «мінус», то цеплалюбівыя расліны лепш накрыць. Тут дапаможа традыцыйны поліэтылен або эфектыўны палімерны спанбонд. Калі нічога такога пад рукой няма, можна зладзіць і часовыя рашэнні з пластыкавых бутэлек ці нават кардонных скрынак.

Рабіць гэта варта яшчэ днём, калі глеба яшчэ нагрэтая. Расліны самі па сабе не вылучаюць цяпла, грэцца яны будуць якраз ад тэмпературы зямлі. Для таго, каб працягнуць гэты прагрэў, ёсць просты лайфхак: перад тым, як накрыць расліны, неабходна паліць глебу нагрэтай на сонцы вадой. Вільготная зямля аддае цяпло куды лепш.

Чаму б не выклікаць «дождж»?

Яшчэ адзін спосаб здаецца дзіўным, але вопытныя дачнікі ўпэўненыя ў яго эфектыўнасці. Яны раяць бліжэй да пахаладання апырскаць расліны вадой — калі ўжо пахаладае, але ніжэй за нуль тэмпература яшчэ не апусціцца.

Тут дапаможа спецыяльная насадка на шланг або класічная палівачка. Калі на ўчастку ёсць сістэма распырсквання — усё атрымаецца яшчэ лепш. Дажджаваць варта акуратна і не занадта багата, дастаткова апырскаць лісце раслін.

Як гэта працуе? Бліжэй да мінусавой тэмпературы вада пачне актыўна выпарацца. Паветра над раслінамі прагрэецца, што перашкодзіць холаду апусціцца на глебу. Такі спосаб дапаможа зберагчы пасадкі нават пры тэмпературы да -7. Калі на ўчастку ёсць пладовыя дрэвы, то побач са стваламі можна паставіць бочкі з нагрэтай на сонцы вадой — эфект будзе прыкладна такім жа.

Як дапамогуць навагоднія гірлянды?

Часта дачнікі займаюцца так званым мульчаваннем — засыпаюць пасадкі саломай, торфам або лісцем. Рабіць гэта варта пасля вячэрняга паліву — тады пласт арганікі выратуе глебу ад замаразкаў. Дапамагаюць мінеральныя ўгнаенні і традыцыйнае акучванне, пра якое таксама не варта забывацца.

Некаторыя карыстаюцца і нетрадыцыйнымі метадамі. Напрыклад, накрываюць пасадкі старымі коўдрамі або газетамі. Але важна памятаць: для цяжкіх матэрыялаў трэба збудаваць апору.

Хтосьці стварае своеасаблівыя цёплыя маты для градак — тут спатрэбяцца мяшкі з саломай, якія кладуць перад пасадкамі. Калі ў вас ёсць расліны ў гаршках, іх можна выставіць побач з градкамі з агуркамі — расліны зробяць цеплаабмен і перажывуць замаразкі.

Ёсць і зусім незвычайны лайфхак, як абараніць тыя ж агуркі. Трэба проста развесіць на градцы навагоднія гірлянды. Агеньчыкі таксама дапамогуць раслінам сагрэцца.

Чытайце таксама:

Агароды ў небяспецы! Гэтай ноччу ў Беларусі зноў чакаюцца замаразкі

Стала вядома, калі вернецца цёплае надвор'е. Ну хоць так

Мокры снег і мінус у сярэдзіне мая — беларусам пакуль не варта хаваць цёплыя рэчы

Папулярны ў беларусаў курорт адклаў адкрыццё сезона на месяц

Клас
4
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
8