Былы намеснік старшыні Мінгарвыканкама па эканоміцы Аляксандр Крапак нядаўна выйшаў на новую працу — ён стаў дырэктарам ГУМа, распавяла TUT.BY крыніца ў вертыкалі. Днямі інфармацыя пра гэта таксама з'явілася на сайце ўнівермага.
Аляксандр Крапак. Узначальваў Маскоўскі і Першамайскі раёны сталіцы, а таксама быў старшынёй камітэта эканомікі і намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. Фота: «Мінск-Навіны»
Аляксандр Крапак займаў пасаду намесніка старшыні Мінгарвыканкама з сакавіка 2017 года і пакінуў яе ў сакавіку 2020-га ў сувязі са сканчэннем кантракту. На гэтую пасаду прызначылі Юрыя Трушчанку. Далей у Крапака сярод іншага былі варыянты працы альбо ў адной з дзяржаўных гасцінічных сетак, альбо ў ГУМе. І ён быў не супраць ні першага, ні другога, удакладняе суразмоўца ў вертыкалі.
У выніку Крапак заняў пасаду дырэктара ГУМа, змяніўшы на гэтай пасадзе Святлану Прыступу.
На пасадзе намесніка старшыні Мінгарвыканкама Крапак таксама ў ліку іншага развіваў зносіны ўлады і бізнэсу — стварыў грамадскую прыёмную для прадпрымальнікаў.
З сыходам Крапака з пасады намесніка старшыні ў Мінгарвыканкаме застаўся толькі адзін намеснік, які працуе пры Анатолі Сіваку з часоў кіраўніцтва Андрэя Шорца. Гаворка ідзе пра першага намесніка гарвыканкама Фёдара Рымашэўскага.
Былы намеснік старшыні гарвыканкама Ігар Юркевіч цяпер кіруе шостай бальніцай, а Віктар Лапцеў працуе ў «Мінскводаканале».