Ленін трымае дзяўчынку. Палатно Ільдара Ханава ў Храме ўсіх рэлігій у Казані (Татарстан). Фота Shutterstock.com, by Diego Fiore

Ленін трымае дзяўчынку. Палатно Ільдара Ханава ў Храме ўсіх рэлігій у Казані (Татарстан). Фота Shutterstock.com, by Diego Fiore

Калі, бывае, чуеш ад людзей з дыпломамі, што ў кастрычніку 1917-га да ўлады ў Расіі прыйшлі марксісты, адчуваеш няёмкасць, асабліва за тых, хто атрымаў гэтыя дыпломы ў СССР. Быццам гэта не яны вывучалі марксісцка-ленінскую філасофію, быццам не яны ішлі «пад сцягам марксізму-ленінізму, пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі наперад, да поўнай перамогі камунізму» (лозунг, які вісеў бадай у кожным сельскім клубе над сцэнай).

Першы том «Капіталу»

Лічыцца, што тэрмін «ленінізм» увёў Іосіф Сталін. Паводле яго, ленінізм — гэта марксізм эпохі імперыялізму і пралетарскай рэвалюцыі, творчае развіццё марксізму ў дастасаванні да новых умоў. Але з пункту гледжання артадаксальных марксістаў, ленінізм — гэта рэвізія марксізму і нават яго скажэнне. 

Са з’яўленнем ленінізму адбыўся падзел марксізму на заходні і ўсходні. Ленін — заснавальнік усходняга марксізму. З ленінізму выраслі сталінізм, мааізм, хаджаізм і іншыя таталітарныя плыні. Ленінізм вырас з ранняга марксізму і з расійскага народніцтва. Праўда, у той час, калі жыў Ленін, не былі апублікаваныя эканамічна-філасофскія рукапісы Маркса (1844 года), якія зрабілі немалы ўплыў на станаўленне заходняга марксізму.

Вось цяпер, калі мы збольшага правялі адрозненне паміж ленінізмам і марксізмам (а грунтоўнае даследаванне належыць расійскаму акадэміку Тэадору Айзерману), давайце задамо пытанне: няўжо Ленін не чытаў першы том Марксавага «Капіталу»? Быць таго не можа. Няўжо Ленін не звярнуў увагу на прадмову да першага нямецкага выдання «Капіталу», у якой чорным па белым напісана, што грамадства «не можа ні пераскочыць цераз натуральныя фазы развіцця, ні адмяніць апошнія дэкрэтамі»? 

Такімі натуральнымі фазамі развіцця грамадства з’яўляюцца, паводле Маркса, першабытная, рабаўладальніцкая, феадальная і капіталістычная грамадска-эканамічныя фармацыі. А ў нетрах капіталістычнага ладу выспела вучэнне аб сацыялізме/камунізме (Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс так і не правялі пунктуальнае адрозненне паміж сацыялізмам і камунізмам, і з гэтага скарыстаюць усходнія марксісты). 

Для Маркса і Энгельса відавочна было, што сацыялізм магчымы толькі ў перадавых краінах. І артадаксальны марксіст Георгій Пляханаў лічыў, што «сацыялістычны лад мае, прынамсі, дзве перадумовы: 1) высокую ступень развіцця прадукцыйных сіл (тэхнікі); 2) вельмі высокі ўзровень свядомасці ў працоўным насельніцтве краіны». 

Пра які сацыялізм можна было гаварыць у Расіі — у краіне, дзе адначасна суіснавалі і капіталізм, і дакапіталістычныя формы грамадскага ладу, уключаючы першабытную, дзе амаль тры чвэрці насельніцтва не ўмелі чытаць і пісаць? Той жа Пляханаў, крытыкуючы ленінскі намер здзейсніць сацыялістычную рэвалюцыю, пісаў: «Расія цярпіць не толькі таму, што ў ёй ёсць капіталізм, але таксама і таму, што ў ёй недастаткова развіты капіталістычны спосаб вытворчасці».

Расія ў момант рэвалюцыі заставалася адсталай, беднай краінай. На фота: чырвонаармейцы ў лапцях. Ria.ru.

Расія ў момант рэвалюцыі заставалася адсталай, беднай краінай. На фота: чырвонаармейцы ў лапцях. Ria.ru.

Гульня ў мір і зямлю

Але, падобна, Леніна не бянтэжыла, што ён збіраецца пераскочыць цераз адну фазу развіцця грамадства — мінуючы капіталізм, адразу да сацыялізму. І гэтак упэўнена глядзеў наперад не ён адзін. Калі вестка пра падзенне царызму дайшла да Злучаных Штатаў Амерыкі, у Нью-Ёрку адбыўся такі дыялог:

— Прыйшла тэлеграма, што ў Петраградзе міністэрства Гучкова — Мілюкова. Што гэта значыць?

— Што заўтра будзе міністэрства Мілюкова — Керанскага.

— Вось як! А потым?

— А потым будзем мы.

На пытанні адказваў Леў Троцкі — чалавек, надзелены многімі талентамі і да таго ж асабістай мужнасцю. Менавіта гэты дуумвірат — Ленін і Троцкі — адыграе вырашальную ролю ў кастрычніку 1917-га.

Аднадумцы ведалі, на чым яны могуць сыграць. У Расіі было два вострыя і надзённыя пытанні: мір і зямля. Часовы ўрад быў няздольны вырашыць іх. А Ленін абяцаў і мір, і зямлю.

Па меры таго, як разгортваліся падзеі, абвастралася і нацыянальнае пытанне, і Ленін паабяцаў «неадкладнае аднаўленне поўнай свабоды для Фінляндыі, Украіны, Беларусі, для мусульманаў і г. д.». Ён шмат чаго абяцаў: роспуск арміі і замену яе ўсеагульным узбраеннем народа, выбарнасць чыноўнікаў… Зрэшты, гэта былі даволі папулярныя ў той час пастулаты. Як і ўвядзенне рабочага кантролю. 

«Уся ўлада саветам!»

Асобна стаяла пытанне пра ўладу — галоўнае пытанне ўсякай палітычнай рэвалюцыі. Саветы рабочых, салдацкіх, сялянскіх і іншых дэпутатаў прыдумаў, дарэчы, не Ленін. Калі ў Цюрых да Леніна прыйшла вестка пра адрачэнне Мікалая ІІ, Ленін адразу ж запатрабаваў правядзення дэмакратычных выбараў у Петраградскую гарадскую думу, але піцерскія рабочыя, сацыял-дэмакраты (меншавікі) і сацыялісты-рэвалюцыянеры ўспомнілі Пецярбургскі савет рабочых дэпутатаў 1905 года і пачалі выбары на заводах і фабрыках. Бальшавікі зарыентаваліся ў сітуацыі толькі пасля падказкі Леніна.

Ленін выступае перад салдатамі, якія адпраўляюцца на польскі фронт. 5 мая 1920 года. Гэтае фота нібыта стала пасля асновай для помніка Леніну ў Мінску перад Домам урада. Foto-history.livejournal.com.

Ленін выступае перад салдатамі, якія адпраўляюцца на польскі фронт. 5 мая 1920 года. Гэтае фота нібыта стала пасля асновай для помніка Леніну ў Мінску перад Домам урада. Foto-history.livejournal.com.

Драма Расіі была ў тым, што іншыя левыя партыі не разумелі ўсю небяспеку Леніна і бальшавізму для маладой дэмакратыі. Здаецца, толькі адзін Пляханаў адэкватна ацэньваў пагрозу, якая сыходзіла з бальшавіцкага стану, але Часовы ўрад не прыслухаўся да яго і не ўчыніў належныя захады напоўніцу. А тыя захады, што правыя сілы і войска на чале з генералам Лаўрам Карнілавым спрабавалі рабіць, толькі сыгралі на руку бальшавікам. Левыя ўбачылі ў гэтым пагрозу рэвалюцыі, і бальшавікі цяпер сталі для іх меншым злом. Пазіцыі бальшавікоў у саветах умацаваліся, а на чале Петраградскага савета стаў Троцкі. Лозунг «Уся ўлада саветам!», зняты пасля путчу 3—5 ліпеня, калі бальшавікі спрабавалі захапіць уладу, зноў быў на парадку дня.

Не спыняцца на дэмакратыі

Леніна і Троцкага яднала тое, што з Марксавай працы «Класавая барацьба ў Францыі» (1850) яны блізка ўспрынялі тэзіс аб перманентнай рэвалюцыі. І калі Ленін са Швейцарыі пачаў бамбіць газету «Правда» сваімі «Письмами из далёка», яе рэдактары Іосіф Сталін і Вячаслаў Молатаў не маглі зразумець, што яму трэба. Царызм зрынуты, партыя легалізавалася, цяпер наступае этап дэмакратычнай рэспублікі, і патрабуецца працяглы час, каб Расія стала індустрыяльнай дзяржавай, каб рабочы клас склаў у ёй большасць і такім чынам былі створаныя перадумовы для пераходу да сацыялізму. Таму яны адныя лісты Леніна не публікавалі, а іншыя добра-такі рэдагавалі. У Сталіна і Молатава тады быў чыста сацыял-дэмакратычны, заходнемарксісцкі падыход да справы. Ленін жа (і Троцкі) лічылі, што рэвалюцыя не павінна спыніцца на буржуазна-дэмакратычным этапе, а неадкладна перарасці ў рэвалюцыю пралетарскую. 

Вярнуўшыся ў Расію, Ленін змог давесці сваю рацыю большасці бальшавікоў і прыцягнуць на бок партыі мільёны жыхароў Расіі. І дзейнічалі не так лагічныя аргументы (адукаваныя марксісты ведалі, што Маркс пісаў у прадмове да «Капіталу» ў 1867 годзе — праз 17 год пасля «Класавай барацьбы ў Францыі»), як тое, што ў руках Леніна былі сродкі, дзякуючы якім ён мог утрымліваць пад сваім кантролем і «Правду», і іншыя партыйныя выданні.

Ён мог звяртацца да партыйнай масы цераз галовы сяброў Цэнтральнага камітэта. Да таго ж, маючы ў сваім распараджэнні грошы, ён паставіў сяброў ЦК ды іншых партыйных функцыянераў на «довольствие».

«Карысныя ідыёты»

Ленін добра засвоіў урокі рэвалюцыі 1905 года і зрабіў выснову: калі ты хочаш прыйсці да ўлады, то павінен дамагчыся, каб войска трымала нейтралітэт або перайшло на твой бок. Вось чаму ён у сваіх красавіцкіх тэзісах запісаў слова «братанне» расійскіх і нямецкіх жаўнераў. Быў узяты курс на разлажэнне арміі і флоту. А тут яшчэ дапамаглі дэмакраты, якія дамагліся скасавання ў Расіі смяротнай кары, у тым ліку і ў войску. Калі ў ліпені 1917-га войска яшчэ было на баку Часовага ўрада, то ў кастрычніку ад яго заставалася толькі назва. 

Ленін і Троцкі ішлі на захоп улады і таму, што былі знаёмыя з яшчэ адным тэзісам Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, якія сацыяльны прагрэс у Расіі звязвалі з мясцовай рэвалюцыяй, падтрыманай рэвалюцыяй у Заходняй Еўропе. Такім чынам, Ленін і Троцкі разлічвалі на дапамогу рабочага класа Еўропы, перш за ўсё нямецкага, які, у іх разуменні, не мог не выступіць супраць сваіх Гогенцолернаў. 

Рэвалюцыя ў Нямеччыне сапраўды адбылася праз год пасля бальшавіцкага перавароту, але нямецкія сацыял-дэмакраты ані не думалі пераймаць сацыяльна-палітычныя эксперыменты бальшавікоў. Па-першае, яны хацелі пабудаваць перш-наперш дэмакратычную рэспубліку. Па-другое, яны памяталі, што пісаў позні Энгельс. А ён пісаў, што дэмакратычная рэспубліка з’яўляецца своеасаблівай формай дыктатуры пралетарыяту. Энгельс нават супраць манархіі не выступаў катэгарычна. Ён хацеў толькі, каб дынастыя нічога не магла рабіць супраць народа і каб рэальная ўлада належала народным прадстаўнікам. 

Ленін і ўзрослы на дражджах Грамадзянскай вайны военачальнік з народа Клімент Варашылаў (за Леніным справа) сярод дэлегатаў Х з'езда Расійскай кампартыі. Wikimedia Commons.

Ленін і ўзрослы на дражджах Грамадзянскай вайны военачальнік з народа Клімент Варашылаў (за Леніным справа) сярод дэлегатаў Х з'езда Расійскай кампартыі. Wikimedia Commons.

Усё гэта ды іншае ні Ленін, ні Троцкі прыняць не маглі. Сваёй палемікай з нямецкай сацыял-дэмакратыяй (перш-наперш з Карлам Каўцкім, якога Ленін абазваў рэнегатам) яны канчаткова правялі рысу паміж заходнім і ўсходнім марксізмам.

Але гэта не азначае, што паміж бальшавікамі і сацыялістамі Захаду вырас непераадольны мур. Бальшавікі ўтрымаліся ва ўладзе і таму, што левыя на Захадзе выступалі супраць інтэрвенцыі сваіх урадаў у расійскія справы. Раз, казалі яны, большасць працоўных у Расіі падтрымала бальшавікоў, то ваяваць з бальшавікамі азначае ваяваць з рабочымі і сялянамі. А гэтага не дапускае сацыялістычная этыка. Сам Ленін, дарэчы, насмешліва называў такіх ідэалістаў «карыснымі ідыётамі», і гэтае ягонае акрэсленне стала крылатым. 

Утрыманне ўлады 

Вядома, бальшавікі ўтрымалі сваю ўладу не толькі дзякуючы «карысным ідыётам» на Захадзе. Працоўныя Расіі, асабліва сяляне, баяліся, што Белая армія, вярнуўшы старыя парадкі, забярэ ў іх зямлю. І Ленін на гэтым добра спекуляваў. Праўда, ад прынцыпу ўсенароднага ўзбраення, як і ад выбарнасці чыноўнікаў, давялося адмовіцца. Ды і Чырвоная армія перамагла не толькі таму, што яе натхнялі словы палітычных камісараў. Для падняцця яе баявога духу Троцкі адрадзіў у Расіі рымскія дэцымацыі і ўвёў загараджальныя атрады. У час нямецка-савецкай вайны гэтае ноу-хау выкарыстае Сталін.

Утрымалі бальшавікі ўладу і таму, што і белыя, і апаненты бальшавікоў з левага лагера адштурхнулі ад сябе леваарыентаваную эліту нацыянальных меншасцяў, і бальшавікі даволі паспяхова выкарысталі гэта.

Безумоўнай заслугай Леніна з’яўляецца стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. І хоць Сталін ды яго наступнікі ўсяк абмяжоўвалі аўтаномію рэспублік, стварэннем СССР, у якім іншыя рэспублікі былі хоць да пары і чыста фармальна, але роўныя з Расіяй, быў закладзены падмурак для будучых незалежных дзяржаў.

Безумоўна, важным сродкам утрымання ўлады быў тэрор, які можна параўнаць хіба толькі з апрычнінай Івана Жахлівага. Ленін не адмовіўся ад тэрору як сродку ўтрымання ўлады і кіравання і пасля заканчэння грамадзянскай вайны. Мала таго, менавіта пасля сканчэння вайны ён, як пісаў гісторык Абдурахман Аўтарханаў, увёў асаднае становішча ў самой бальшавіцкай партыі. Маецца на ўвазе рэзалюцыя Х з’езда РКП(б) аб адзінстве партыі (1921 год). У партыі былі забароненыя фракцыі і групоўкі. Практычна стала немагчымаю ўнутрыпартыйная дыскусія, бо двух і больш сяброў партыі, якія адважваліся выказваць погляд, адрозны ад думкі большасці і асабліва кіраўніцтва, лёгка маглі абвінаваціць калі не ў фракцыйнасці, дык у групаўшчыне.

Не-сацыялізм

Такім чынам, Ленін заклаў асновы таго, што пазней назвалі сталінізмам. З’яўленню сталінізму спрыяла і яго кадравая палітыка. Не жадаючы празмернага ўмацавання пазіцый Троцкага, ён на ключавыя пасады расставіў яго апанентаў. І калі пад канец жыцця Ленін прапаноўваў з’езду партыі падумаць аб перамяшчэнні Сталіна з пасады генеральнага сакратара партыі, было ўжо позна.

Злева направа: Сталін, Ленін і «ўсерасійскі стараста» Міхаіл Калінін, 1919 год. Wikimedia Commons.

Злева направа: Сталін, Ленін і «ўсерасійскі стараста» Міхаіл Калінін, 1919 год. Wikimedia Commons.

Можна канстатаваць, што Ленін не ведаў Расію так, як яго левыя апаненты. І ў сваіх апошніх працах ён пісаў, што бальшавікі вымушаны карэнна памяняць пункт гледжання на сацыялізм. Пішучы, што сацыялізм — гэта лад цывілізаваных кааператараў, прызнаваў, што якраз цывілізацыі Расіі бракуе. Ён мусіў прызнаць таксама, што лад, створаны бальшавікамі, не што іншае, як дзяржаўны капіталізм.

Ён спадзяваўся, што «цывілізаванню» Расіі, пераходу ад дзяржаўнага капіталізму да сацыялізму паслужыць новая эканамічная палітыка (НЭП), асноўныя контуры якой выпрацавалі меншавікі і якую Ленін прыняў толькі пасля таго, як у мэтазгоднасці такой палітыкі яго пераканалі Троцкі і масавыя ўзброеныя выступленні сялян. Аднак ягонаму спадзяванню, што з Расіі нэпаўскай вырасце Расія сацыялістычная, не наканавана было здзейсніцца. Сталінскае крыло партыі мяняць погляд не сацыялізм не пажадала. Расія (СССР) так і заставалася краінай з дзяржаўным капіталізмам, з новым класавым падзелам і нават з элементамі феадальнага (калгасы да 1966-га) ладу. Яна, нягледзячы на індустрыялізацыю, ліквідацыю непісьменнасці і пэўныя дасягненні ў навукова-тэхнічнай галіне, па-ранейшаму заставалася краінай, якая не стварала цывілізацыю, а толькі даганяла яе. 

Можна ўпэўнена казаць, што ленінізм пацярпеў крах.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?