22 лютага ў Стаўбцоўскі РАУС звярнуўся 40-гадовы бізнэсовец. Ён паведаміў, што ноччу невядомыя скралі з яго BMW X6 $50 тысяч, якія ляжалі ў пакеце на заднім сядзенні, паведамляе ў сваім тэлеграм-канале афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.

Справа была такая. Мужчына вярнуўся дадому з Мінска, прыпаркаваў машыну ў двары. У салоне засталіся ляжаць $70 тысяч: большая частка ў пакеце, а каля $20 тысяч у торбе.

Машына была абсталявана сістэмай доступу без ключа, г. зн. з аўтаматычным адмыканнем і замыканнем цэнтральнага замка пры збліжэнні або аддаленні ключа. Відаць, прылада не спрацавала, і машына засталася незамкнёнай.

Гэтым скарыстаўся падазраваны: тузануў за ручку, і дзверы адчыніліся. Пакет з валютай ён забраў, але ад радасці больш нічога не шукаў, таму сумка з меншай сумай валюты засталася некранутай.

40-гадовага зламысніка знайшлі на працягу сутак. Яго затрымалі раніцай у ягоным доме ў Фаніпалі. У яго аўтамабілі былі знойдзены грошы, пісталет, балаклава і металічная палка.

Вядома, што ён раней не судзімы, працуе індывідуальным прадпрымальнікам, гандлюе аўтазапчасткамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0